У Мазыры працягваецца суд па палітычна матываванай справе

Цімур Казачэнка 20.02.2023

>

24 лютага ў судзе Мазырскага раёна працягнецца працэс, на якім мясцовы жыхар Уладзімір Андрэйчук абвінавачваецца ў «гвалце ў адносінах супрацоўніка органаў унутраных спраў» і «грубым парушэнні грамадскага парадку».

Судовае пасяджэнне будзе праходзіць з 10 гадзін.

Абодва артыкулы Крымінальнага кодэкса, у якіх абвінавачваецца грамадзянін, масава ўжываюцца беларускімі ўладамі пасля пратэстаў, якія адбываліся ў 2020 годзе. Прычынай пратэстаў быў недавер да абвешчаных уладамі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Асабліва часта па палітычных матывах прымяняецца артыкул 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), звесткі аб чым мы ўжо публікавалі. Паводле гэтага артыкула чалавека могуць засудзіць да 4 гадоў пазбаўлення волі.

Артыкул 364 – падстава для таго, каб адправіць у зняволенне на тэрмін да 7 гадоў (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў адносінах супрацоўніка органаў унутраных спраў). У месцах зняволення ў Гомельскай вобласці зараз знаходзяцца 10 чалавек, якія асуджаны паводле гэтага артыкула і якіх праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі. З іх адзін – у калоніі № 20 у Міхалкаўскім сельсавеце Мазырскага раёна, адзін – у папраўчай установе адкрытага тыпу (ПУАТ) № 21 у Мазыры і адна палітзняволеная-жанчына – у жаночай калоніі № 24 ў г. п. Зарэчча Рэчыцкага раёна.

Акрамя таго, артыкул 364 стаў падставай для асуджэння 4 палітзняволеных-жанчын, якія цяпер знаходзяцца ў жаночай калоніі № 4 у Гомелі і для 3 палітзняволеных у гомельскай ПУАТ № 17.

У цэлым па краіне паводле арт. 364 у месцах зняволення зараз знаходзяцца 140 палітзняволеных (з іх 5 жанчын, якія, як адзначана вышэй, адбываюць пакаранні ў Гомельскай вобласці).

Агульная колькасць палітзняволеных на цяперашні час у Гомельскай вобласці – 184, у Беларусі – 1441.

На здымку: суд Мазырскага раёна.