У Мазыры зноў судзяць за «грубае парушэнне грамадскага парадку»

Цімур Казачэнка 13.02.2023

>>

16 лютага ў судзе Мазырскага раёна будзе разглядацца справа, ў якой абвінавачаным з’яўляецца мясцовы жыхар Уладзімір Андрэйчук. Абвінавачанні яму выстаўлены па тых жа артыкулах Крымінальнага кодэкса, што і шматлікім іншым людзям за пратэстныя акцыі.

Судовае пасяджэнне пачнецца ў 14:10. Уладзімір Андрэйчук абвінавачаны паводле часткі 1 «народнага» артыкула 342 Крымінальнага кодэкса – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», а таксама паводле арт. 364 – «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў адносінах супрацоўніка органаў унутраных спраў». Суддзя па гэтай справе – Галіна Кніжонак.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 г., абвешчаныя вынікі якіх былі падвергнуты ў народзе сумненню, у «грубым парушэнні грамадскага парадку» абвінавачваюць тых, хто ўдзельнічаў у акцыях пратэсту.

У прыватнасці, з 5 палітычных зняволеных, якія зараз адбываюць пакаранні ў калоніі № 20 у Міхалкаўскім сельсавеце Мазырскага раёна, 1 асуджаны  паводле арт. 342 КК. У жаночай калоніі № 24 у г. п. Зарэчча Рэчыцкага раёна з 3 палітзняволеных-жанчын таксама 1 асуджана паводле гэтага артыкула. Гэты ж артыкул прымяняўся для асуджэння 15 з 27 палітзняволеных, якія у цяперашні час адбываюць пакаранні ў папраўчай установе адкрытага тыпу (ПУАТ) № 21 у Мазыры.

Акрамя таго, у гомельскім СІЗА-3 паводле артыкула 342 КК зараз знаходзяцца 13 палітзняволеных (у тым ліку 4 жанчыны), у гомельскай жаночай калоніі № 4 – 29, у гомельскай ПУАТ № 17 – 8.

Такім чынам, з 185 палітзняволеных, якія зараз знаходзяцца ў месцах зняволення ў Гомельскай вобласці, 67 (альбо 36,2%) былі абвінавачаны паводле арт. 342 КК.

У цэлым па Беларусі з 1441 чалавека, якія на цяперашні час знаходзяцца ў зняволенні і прызнаны праваабаронцамі ў якасці палітзняволеных, паводле арт. 342 КК былі абвінавачаны 497 чалавек, альбо 34,4% ад агульнай колькасці палітзняволеных. Многія з іх атрымалі абвінавачанні адразу па некалькіх крымінальных артыкулах.

На здымку: суд Мазырскага раёна.