Зона выбарчай анамаліі ў Калінкавічах, дзе самі сабой матэрыялізуюцца рэчы і з’яўляюцца подпісы ў спісах (+ВІДЭА)

Андрусь ГАЁВЫ 21.11.2019

Так званыя выбары ў Палату прадстаўнікоў сёмага склікання прайші. Палескі рэгіён стаў ледзь не самым «актыўным» паводле афіцыйных звестак выбарчых камісіяў – у некаторых акругах яўка, пра якую адсправаздачыліся камісіі, сягала 90%. Незалежныя назіральнікі, праўда, такога ажыятажу ахвочых кінуць бюлетэнь у скрынку не назіралі. Але ж, усе скаргі засталіся без задавальнення, бо, як сказала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, важна не тое, што бачаць вочы назіральнікаў, а тое, што будзе ў выніку ляжаць у скрынях. Тое, што ляжала ў скрынях, праўда, назіральнікам паказвалі толькі здалёку, таму дакладна сказаць, што ж там ляжала, немагчыма. Але найбольшай колькасцю дзівосаў падчас гэтага галасавання адзначыўся выбарчы ўчастак № 6 Калінкавіцкай выбарчай акругі № 41, што месціўся ў будынку тамтэйшага РУП «Калинковичиводстрой».

На гэтым участку назіральнік ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Андрэй Мядзведзеў стаў сведкам невытлумачальнага з’яўлення рэчаў, якія ў звычайным метафізічным свеце самі сабой матэрыялізавацца ані не маглі, а адкуль што ўзялося камісія таксама не здолела патлумачыць.

Колькасць выбаршчыкаў на гэтым участку нязначная – усяго 576 чалавек. Але ж і сярод іх камісары прымудрылася нешта намухляваць. За час датэрміновага галасавання тут адсправаздачыліся пра 240 выбаршчыкаў, якія атрымалі бюлетэні. Гэта – амаль 42% агульнай колькасці выбаршчыкаў. Ці сапраўды так было не даведаецца ўжо ніхто, акрамя асабліва высвечаных.

Прынамсі, увечары 16 лістапада, калі скончылася датэрміновае галасаванне, скрыню з ягонымі вынікамі схавалі ў памяшканні касы прадпрыемства і, прыклаўшы чып, здалі тую касу пад ахову міліцыі з Калінкавіцкага аддзела Дэпартамента аховы МУС. На думку чальцоў камісіі, чырвоная пімпачка, якая свяцілася ля дзвярэй, мусіла гарантаваць тое, што да скрыні з запаветнымі бюлетэнямі ўночы ніхто не здолее дабрацца.

Хаця, у любым патрэбным выпадку, асобы з адпаведных тэлефонаў, пазначаныя ў аддзеле аховы, могуць патэлефанаваць на пульт і паведаміць, што ёсць патрэба ўскрыць аб’ект, і там проста выключаць на гэты момант сігналізацыю і не будуць на ўскрыццё рэагаваць. Праўда, наколькі больш дзейсным сродкам абароны тае скрыні была б налепленая на дверы і касяк паперка з подпісамі – таксама рытарычнае пытанне.

Скрыню з вынікамі датэрміновага галасавання 16 лістапада ўвечары схавалі ў прысутнасці назіральніка. І ўсе разам – і камісія, і назіральнік, пайшлі дадому. У будынку засталіся толькі начны вартаўнік прадпрыемства і міліцыянт, які мусіў сцярэгчы скрыню з бюлетэнямі каля касы на трэцім паверсе. А 17 лістапада назіральнік прыйшоў на ўчастак а 7.20 раніцы. У памяшканні па-ранейшаму знаходзіліся вартаўнік і міліцыянт (апошні, праўда, разам з вартаўніком на першым паверсе). Але за ноч у холе будынка, дзе праходзіла датэрміновае галасаванне і павінна было праходзіць галасаванне ў асноўны дзень, з’явіліся яшчэ дзве скрыні – для галасавання па месцы жыхарства і асноўнага дня галасавання, дадаліся сталы і крэслы для камісіі і назіральнікаў, на сталах камісіі выставіліся шыльдачкі з адрасамі. Міліцыянт і вартаўнік казалі, што не выносілі гэтага нічога. Камісіі яшчэ не было. Відаць, нехта вырваў з барады (ці з вусаў?) чароўную валасіну і начараваў! Прынамсі, на пытанне назіральніка хто і калі займаўся падрыхтоўкай участка да асноўнага дня галасавання, камісія прабурчэла нешта няўцямнае пра нейкі персанал, які дапамог.

На працягу дня чэргаў ахвочых прагаласаваць ля чальцоў выбаркаму не назіралася, нягледзячы на тое, што проста ў памяшканне для галасавання загналі дзетак з музычнай школы і навучэнцаў Калінкавіцкага прафесійнага аграрнага ліцэя, якія сваімі спевамі мусілі забаўляць выбаршчыкаў. Праўда, як на тое ліха, падчас выступаў самадзейных артыстаў выбаршчыкаў амаль не прыходзіла, і мастацкія таленты юных спевакоў ацэньвала толькі выбарчая камісія, назіральнікі ды сябры і бацькі выступоўцаў.

Выбарчы торт у Калінкавічах за ўвесь перыяд падрыхтоўкі і правядзення займеў шмат розных пластоў.

Чытайце таксама:

 Патэнцыйная кандыдатка з Калінкавічаў заяўляе пра канфлікт з сямейнай парай ідэолага райвыканкама. Ідэолаг: Я проста прайшла міма

 

«Она придет, а там уже наш пикет стоит». У Калінкавічах назіральнік стаў выпадковым сведкам дзіўнай размовы чыноўнікаў выканкама

 

«Порешам вопросы». У Мазыры і Калінкавічах праўладныя кандыдаты распачалі актыўную агітацыйную кампанію

 

Але сапраўднай вішанькай на ягоным версе стаў выпадак за гадзіну да сканчэння галасавання. Недзе каля 19 гадзіны на выбарчы ўчастак у спадзеве аддаць свой голас вартаму кандыдату прыйшла пара сталага веку – муж і жонка Станько. Першай далі распісацца ў спісе выбаршчыкаў аб тым, што яна атрымала бюлетэнь, Валянціне Уладзіміраўне Станько. Адразу за ейным прозвішчам у спісе ішло прозвішча яе мужа – Леаніда Іванавіча, і яна ўбачыла, што за яго ўжо нехта распісаўся, што атрымаў бюлетэнь. Як такое сталася, спачатку камісія патлумачыць не магла. Старшыня участковай камісіі Ірына Белая спраўдзіла подпіс у пашпарце Леаніда Іванавіча і той, што быў у спісе выбаршчыкаў – яны не супалі.  Чалец камісіі, якая выдавала бюлетэні жыхарам гэтага шматпавярховіка, усё наракала на тое, што нехта памылкова распісаўся ў іншай графе. Леаніду Іванавічу Станько прапанавалі запісаць яго ў дадатковы спіс ці ў канцы асноўнага і выдаць яму бюлетэнь, каб і ён выканаў выбарчы рытуал. Але ён адмовіўся ўдзельнічаць у такім галасаванні, і суджэнцы сыйшлі з участка.

Калі ж яны сыйшлі, чальцы камісіі пачалі казаць, нібыта яны ўзгадалі, што Леанід Іванавіч ужо прыходзіў на датэрміновае галасаванне і атымліваў бюлетэнь. Чаму яны гэта яму не казалі ў вочы, калі ён быў – незразумела.

У холе вісіць камера відэаназірання, манітор ад якой выведзены не на пост аховы, а ў кабінет генеральнага дырэктара прадпрыемства, які нібы оруэлаўскі Старшы Брат сочыць такім чынам за сваімі падначаленымі. Ён таксама прысутнічаў на ўчастку ў якасці назіальніка. Незалежны назіральнік Андрэй Мядзведзеў прапанаваў камусьці з чальцоў камісіі прайсці ў кабінет генеральнага дырэктара і пашукаць момант прыходу і атрымання бюлетэня Станько падчас датэрміновага галасавання. Але ніхто гэта так і не зрабіў.

Пра апошні інцыдэнт назіральнік накіраваў заяву ў пракуратуру Калінкавіцкага раёна з патрабаваннем правесці праверку паводле гэтага факту і даць належную прававую ацэнку дзеянням яго ўдзельнікаў.

Вынікі ж галасавання на ўчастку аказаліся прадказальнымі. Камісія, не шкадуючы адваліла амаль 74% дзейнаму дэпутату, які не здаволіўся адным няпоўным скліканнем, Яўгену Адаменку, 7% далі вылучэнцу ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Міхаілу Цімошчанку, крыху менш за 6% напісалі тэхнічнай кандыдатцы ад КПБ, загадчыцы яслямі-садком № 11 Калінкавічаў Святлане Целеш і меней за 3% кінулі апазіцыйнаму вылучэнцу ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юрыю Юкоўскаму. Варта адзначыць, што супраць усіх на гэтым участку прагаласавала, паводле афіцыйных звестак, амаль 10% выбаршчыкаў. Прыкладна такія самыя вынікі абвешчаныя і ва ўсёй Калінкавіцкай выбарчай акрузе.