Патэнцыйная кандыдатка з Калінкавічаў заяўляе пра канфлікт з сямейнай парай ідэолага райвыканкама. Ідэолаг: Я проста прайшла міма
Андрусь ГАЁВЫ
23.09.2019
У суботу 21 верасня прэтэндэнтка на кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Тамара Зайцава ў чарговы раз ладзіла пікет па зборы подпісаў за сваё вылучэнне побач з цэнтральным харчовым рынкам у Калінкавічах. Але, паводле яе словаў, мерапрыемства сарвалі, а яе саму моцна абразілі.
Тамара Зайцава пасля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні яе кандыдаткай на дэпутата Палаты прадстаўнікоў
У сярэдзіне дня да пікета Тамары Зайцавай падыйшлі муж і жонка Сафронавы. Іна Сафронава ўзначальвае аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Калінкавіцкага райвыканкама, а Рыгор Сафронаў – вядомы ў горадзе мастак, выкладчык мясцовага Дома творчасці дзяцей і моладзі, дзе ён вядзе гурток «Каляровыя алоўкі».
Як сцвярджае Тамара Зайцава, падыйшоўшы да пікета і прачытаўшы лозунг «Лукашенко должен уйти», які прымацаваны да стэнда пікета, Рыгор Сафронаў сказаў: «Прыбяры гэта!». Прэтэндэнтка на кандыдацтва ў жарт сказала, што гэта ж цікава, хай людзі чытаюць. Але Сафронаў не спыніўся і працягваў казаць, што нельга, каб гэта было на пікеце. Прычым рабіў гэта падкрэслена голасна, каб людзі вакол чулі. Потым Зайцава ўжо сур’ёзна сказала, што, калі гэта парушэнне, дык рабіць ёй заўвагі можа альбо акруговая выбарчая камісія, альбо райвыканкам. Тады Сафронаў голасна сказаў: «Ты лепей скажы людзям, дзе твая дачка!»
Старэйшая дачка Тамары Зайцавай, якая вучылася ў адным класе з дачкой ад першага шлюбу Рыгора Сафронава, некалькі гадоў таму загінула, патануўшы ў гарадской сажалцы. Але расследаванне гібелі дзяўчыны і бяздзейнасці ратавальніка, якую Зайцава лічыць асноўнай прычынай трагедыі, спынілі, так нічога і не высветліўшы. Менавіта гэта і штурхнула Тамару Зайцаву ў палітычны рух.
Словы пра дачку, як кажа Тамара Зайцава, яе моцна абразілі і сталі апошняй кропляй.
«Я сказала: “Грыша, а вось гэта сапраўды ўсё! Мы так сябравалі з тваёй маці, я ад цябе не чакала”. І выклікала міліцыю», – гаворыць Тамара Зайцава.
Міліцыя, паводле яе словаў, ехала даволі доўга. Сафронавы паспелі сыйсці ўглыб рынку. Але, як раз, калі Тамара з супрацоўнікамі міліцыі ішла да міліцэйскага аўтамабіля, яна пабачыла ў натоўпе Сафронавых, паказала на іх міліцыянтам, і адзін з іх падыйшоў да іх, пасля чаго яны ўтрох накіраваліся да аўтамабіля Сафронавых. Калі Тамара выйшла з міліцэйскага аўтамабіля пасля дачы тлумачэнняў, аўтамабіля Сафронавых і міліцыянта, якім з імі пайшоў да іхняга аўтамабіля, ужо каля рынка не было.
У міліцэйскім аўтамабілі Тамара Зайцава напісала заяву ў міліцыю аб прыцягненні да адказнасці Рыгора і Іны Сафронавых. Назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» па Калінкавіцкай выбарчай акрузе № 41 Андрэй Мядзведзеў запытаўся ў Тамары Зайцавай у чым яна бачыць віну Іны Сафронавай.
«Яна маўчала. Але сваім маўчаннем яна правакавала свайго мужа. Я ёй казала, што яна, як кіраўнік ідэалагічнага аддзела райвыканкама, мусіла ведаць, што яе муж робіць парушэнне закона. Але яна не спініла яго», – патлумачыла Зайцава.
Рыгор і Іна Сафронавы. Фота з сацсетак
У выніку патэнцыйная кандыдатка адчула сябе блага і мусіла скончыць пікет ды сыйсці дадому. У панядзелак яна напісала скаргу яшчэ і ў пракуратуру і ў акруговую выбарчую камісію. Падчас падачы скаргі ў выбарчую камісію, паводле яе словаў, сакратарка камісіі Алена Верабей вусна выказала Тамары Зайцавай папярэджанне, што падчас збору подпісаў нельга праводзіць агітацыю.
Назіральнік Андрэй Мядзведзеў паспрабаваў пачуць і іншы бок канфлікту. У панядзелак 23 верасня ён звярнуўся да кіраўніцы аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іны Сафронавай і спытаў, як усё адбывалася. Паміж імі адбыўся такі дыялог:
- Я ведаю, што ў вас адбыўся інцыдэнт на пікеце па зборы подпісаў Тамары Зайцавай.
- У мяне? Не. Нічога ў мяне не было з ёй прэцэдэнтаў абсалютна ніякіх.
- Вы з ёй не бачыліся ў суботу?
- Не, я бачыла, што пікет быў, але ў мяне з ёй не было прэцэдэнтаў.
- Яна мне распавяла так, як яна распавяла. Але я б хацеў даведацца з Вашага гледзішча, што там адбывалася.
- Абсалютна не было ніякіх прэцэдэнтаў з ёй. І інцыдэнтаў. Нічога. Мы з ёй абсалютна не сварыліся.
- А з чаго Вы ўзялі, што сварыліся? Я проста пытаю, што ўвогуле адбывалася: Вы проста прайшлі міма, ці…
- Я проста прайшла міма.
- А яна кажа, што Вы з суджэнцам былі, і…
- Я проста прайшла міма!
Апошнюю фразу Іна Сафронава паўтарыла падкрэслена голасна і працяжна. Назіральнік зразумеў, што іншай інфармацыі ад яе атрымаць не ўдасца, падзякаваў і пакінуў кабінет.