«Порешам вопросы». У Мазыры і Калінкавічах праўладныя кандыдаты распачалі актыўную агітацыйную кампанію
Андрусь ГАЁВЫ
23.10.2019
І першымі агітуемымі зрабіліся тыя, на кім трымаецца кожная выбарчая кампанія ў Беларусі, – педагогі.
Валянціна Назаранка перад сустрэчай з настаўнікамі. Фота: У. Целяпун
У Мазыры дзейная старшыня раённага савета дэпутатаў, якая хоча стаць дэпутаткай парламенту, Валянціна Назаранка на гэтым тыдні робіць ледзь не татальны аб’езд мясцовых школаў. 21 кастрычніка – школа № 5, 23-га – школа № 6, 24-га – школа № 9.
Сустрэчы з настаўнікамі ладзяцца ў працоўныя дні, у сярэдзіне дня – а 13.30, а 15-й гадзіне – паміж сканчэннем першай змены і пачаткам другой. Гэта той самы час, калі настаўнікі могуць паабедаць. Але яны ўсе разам ідуць слухаць кандыдатку. Афіцыйна – гэта вытворчая нарада, скліканая дырэктарам. Абмежаваны час нават не дазваляе задаць пытанні.
Як адзначае назіральнік ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Целяпун, аб’явы пра гэтыя агітацыйныя мерапрыемствы размяшчаліся ў Мазыры на прыпынках грамадскага транспарту, якія не з’яўляюцца месцамі, дзе, згодна з рашэннем мясцовага райвыканкама, дазволенае размяшчэнне агітацыйных матэрыялаў. Ці адрэагуе на парушэнне акруговая выбарчая камісія – пытанне рытарычнае.
Актыўна ўзяўся агітаваць і дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Калінкавіцкай выбарчай акругі № 41 Яўген Адаменка, які не здаволіўся трыма гадамі дэпутацтва і хоча працягу. І зноў жа, ягоныя дзяжурныя вушы – вушы настаўнікаў. Праўда, ён чамусьці атабарыўся ў адной калінкавіцкай школе – № 7. Тут у яго аж две сустрэчы два дні запар. У іншыя школы ён не паедзе. У сераду 23 кастрычніка з 13.30 да 14.00 у актавую залу гэтай навучальнай установы сагналі настаўнікаў не толькі з гэтай школы, але і са школы № 1 Калінкавічаў. А ўзначальвала арганізаваны агітсход сама начальніца аддзела адукацыі, спорту і турызму Калінкавіцкага райвыканкама Іна Губар.
Праўда, настаўнікам было не да Адаменкі і не да выбараў. Схаваўшыся на дальніх шэрагах, яны лавілі хвіліны, каб паспець праверыць вучнёўскія сшыткі. На пытанне назіральніка Андрэя Мядзведзева, чаму настаўнікі сярод дня не вядуць урокі, а слухаюць кандыдацкія абяцанкі, адна з іх прызналася, што сход робіцца падчас перапынку паміж зменамі. Але апошні ўрок першай змены мусіў скончыцца а 13.30, а сустрэчу з Адаменкам пачалі як раз а 13.30 – пры гэтым ужо ўсе сядзелі ў зале. «Ну на 10 хвілін падкарацілі апошні ўрок», – удакладніла педагог. Ад школы ж № 1 да сёмай школы самамала паўгадзіны хады – настаўнікі адтуль прыйшлі пешкі. Выходзіць, што іх увогуле знялі з урокаў.
Яўген Адаменка ў сваім выступе нагадваў не столькі законатворцу, колькі «крэпкага хазяйсцвенніка». Ён не распавядаў, як ён галасаваў, калі прымаўся закон, што адмяніў студэнцкія адтэрміноўкі ад войска, ці падтрымлівае зніжэнне тэрміну зняволення хворым на нарказалежнасць, ці рабіў нешта супраць так званых «дармаедскіх» дэкрэтаў прэзідэнта, якія ствараюць падставы для прымусовай працы, альбо ці спрабаваў заканадаўча замацаваць перанакіраванне сродкаў так званага «дарожнага збору» ў рэгіёны, дзе гэты збор збіраюць.
Замест гэтага ён хваліўся сваімі здзяйсненнямі, ад якіх аддае нейкімі карупцыйнымі схемамі. Ён, як сам выказаўся, «изыскал» сродкі на вадаправод у вёсках Ліпаў і Крукавічы, пракладку дарогі ад вёскі Шалыпы да вёскі Бабровічы, на асфальтаванне завулка Пяшчаны ў вёсцы Гулевічы і шэрагу вуліцаў у Калінкавічах, на газіфікацыю аграгарадка Крукавічы, на музычныя інструменты і сцэнічныя строі вясковым клубам, на набыццё розных апаратаў і рэанімабіля ў раённую лякарню і машыны хуткай дапамогі ў лякарню пасёлка Акцябрскага і яшчэ шэрагу пытанняў, якія, паводле логікі мусіць вырашаць мясцовая ўлада, але ніяк не дэпутат парламенту.
Хто і куды схаваў тыя грошы, якія давялося «изыскивать» дэпутату, Яўген Адаменка не ўдакладніў, але, калі выбаршчыкі зноў адправяць яго прымаць законы, ён паабяцаў «порешать вопросы» з дабудовай спартовай залы ў школе № 1 Калінкавічаў і штучным пакрыццём на гарадскім стадыёне. «Бюджэт адзін, але аднаму можна даць з яго болей, дугому – меней. Вось трэба, каб нам далі болей», – выказаў формулу поспеху дзяржаўнага будавання законатворца.
Ужо ўвечары таго ж дня ўсё тое самае Яўген Адаменка распавядаў у Калінкавіцкім прафесійным аграрна-тэхнічным ліцэі, дзе сход пачаўся а 16.15. На абодвух сустрэчах кандыдат раздаваў каляндарыкі са сваёй выявай. І хаця, аб’ява аб адкрыцці ім выбарчага фонду на сайце выканкама ўжо з’явілася, звестак пра тое, што туды паступілі грошы пакуль няма. Магчыма, каляндарыкі мазырская друкарня друкавала па старой дружбе – да абрання дэпутатам ад Калінкавічаў Адаменка ўзначальваў Мазырскі райвыканкам. Адметна, што ні ў школе, ні ў ліцэі ахвочых задаць пытанні кандыдату не аказалася – людзі спяшаліся заняцца больш цікавымі справамі.
Дзіўная сітуацыя з агітацыяй склалася ў Рэчыцы. Як адзначыў назіральнік Валер Пуціцкі, час тэлевізійных выступаў тут надзелены ўсім кандыдатам, акрамя аднаго з двух вылучаных дырэктараў – дырэктара мясцовага «Вадаканала» Уладзіміра Рыбакова. Відаць, тэхнічнаму кандыдату, які разумее, што ніхто яго ў Палату не пусціць, няма калі марнаваць свой ненармаваны дырэктарскі працоўны час на тэлезапісы.