Уладзімір Жыгар – экс-аператыўнік з Мазыра, якога лукашысты збіраюцца завочна судзіць
Вітаўт Іллін
30.09.2023
>
Нядаўна ў тэлеграм-каналах, афеляваных з лукашэнкаўскімі
карнымі структурамі, з’явілася інфармацыя аб тым, што супраць супрацоўнікаў ініцыятывы
BYPOL
распачаты новы крымінальны пераслед. Сярод тых, на каго фабрыкуюць
абвінавачванні карнікі, аказаўся і экс-аператыўнік з Мазыра.
Цытата з
паведамлення: «Следчым камітэтам распачаты працэс
спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да тэрарыстаў з BYPOL з уваходзячымі ў яе
структурнымі падраздзяленнямі «Сітуацыйна-аналітычны цэнтр» і “Мабілізацыйны
план “Перамога”». Сярод тых, супраць каго распачата новая крымінальная
справа, аказаўся і ўраджэнец Мазыра Уладзімір
Жыгар.
Уладзімір ЖЫГАР.
Зараз ён з’яўляецца
абвінавачаным паводле часткі 1 артыкула 14 (замах на злачынства) і часткі 3
артыкула 289 (акт тэрарызму, здзейснены арганізаванай групай, альбо з
выкарыстаннем радыёактыўных рэчываў, альбо, калі ён выклікаў гібель чалавека).
У 2020 годзе, калі
адбывалася перадвыбарчая кампанія, Уладзімір Жыгар яшчэ працаваў
оперупаўнаважаным аддзялення крымінальнага вышуку Мазырскага РАУС. Але, пабачыўшы
тое, што ўлады пачалі нахабна нейтралізоўваць прэтэндэнтаў на кандыдатаў у
прэзідэнты, ён вырашыў далучыцца да выбарчай кампаніі штабу Святланы
Ціханоўскай. Ад міліцэйскага кіраўніцтва яму пачалі паступаць пагрозы і тады ён
вырашыў звольніца з гэтага ўладаахоўнага органа, які ўсяго праз некалькі тыдняў
ператварыўся ў карны.
Уладзімір ЖЫГАР падчас перадвыбарчага мітынгу каманды Святланы Ціханоўскай.
Вось, што ён казаў у інтэв’ю «Палескай вясне” у
жніўні 2020 года:
«Калі я прыйшоў
служыць у міліцыю, я рэальна хацеў змагацца з сапраўднымі злачынцамі. І, па
родзе сваёй службы, я гэта і рабіў. Але цяпер, калі на ўсю сістэму МУС легла
такая крывавая пляма, мне рэальна сорамна, што я меў дачыненне да гэтай
структуры, якая з праваахоўнай ператварылася ў карную. Я заклікаю сумленных
супрацоўнікаў, якія пакуль не заплямілі сябе ўдзелам у рэпрэсіях і катаваннях
людзей, сыйсці з міліцыі і захаваць сваё сумленне і добрае імя. Зменіцца
сістэма і ўлада – вернемся і працягнем сумленную працу.”
У жніўні 2020 года Уладзімір Жыгар паехаў у Менск, дзе, на ягоную
думку, мусіў вырашыцца лёс выбару беларускага народа, які патрабаваў абароны.
Бо, як казаў Уладзімір, ён разумеў, што зноў ніхто не будзе лічыць галасы і
ўлады проста абвесцяць Лукашэнку пераможцам.
Але ў Менску сітуацыя склалася такім чынам, што Уладзімр Жыгар мусіў
прайсці катаванні ў Ленініскім РУУС, а потым зняволенне ў Жодзінскую турму.
Пасля вызвалення з Жодзіна ён вярнуўся ў Мазыр і з жахам даведаўся пра катаванні мірных пратээстоўцаў і
ўвогуле выпадковых людзей, якія здзяйснялі ягоныя былыя
калегі. Праз некалькі дзён ім стаў цікавіцца лукашэнкаўскі КДБ і ён быў
вымушаны з’ехаць з Беларусі.
Але як мы бачым, карныя органы рэжыму не забываюць сваіх былых больш
сумленных калег. Сістэма ніяк не можа дараваць тым, хто адкрыта выступіў
супраць яе.
Як казаў добра дасведчаны ва ўнутранай кухні беларускага МУС Уладзімір
Жыгар у тым жа самым інтэрв’ю: “Сістэму абавязкова трэба змяніць. Іншай
дарогі ўжо няма – альбо перамога, альбо…”
/фота на застаўцы - racyja.com/