>>
Уладзімір Жыгар – былы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Мазырскага РАУС, былы лейтэнант міліцыі. Усяго за некалькі месяцаў яму давялося прыняць прадыктаванае сумленнем рашэнне сыйсці з міліцыі, паўдзельнічаць у самых значных перадвыбарчых мерапрыемствах Святланы Ціханоўскай, адчуць на сабе злосць сваіх былых калегаў і паспытаць паветра Жодзінскай турмы.
Бюлетэні на
падлозе
Падчас парламентскіх выбараў 2016 года 25-гадовы Уладзімір
Жыгар быў яшчэ ў званні шэрагоўца. Але яго адправілі ахоўваць выбарчы ўчастак у
адну з вёсак Мазырскага раёна. Ён спачатку не надта цікавіўся палітыкай і тымі
выбарамі. Але апошняя ноч пасля сканчэння датэрміновага галасавання прымусіла
яго яшчэ тады задумацца.
«Нам трэба было кожную гадзіну тэлефанаваць у аддзел у штаб і дакладаць, што на ўчастку без здарэнняў. У мяне быў ключ ад кабінета, дзе захоўвалася скрыня. Ужо была позняя ноч, але я пачуў нейкія гукі. Адкрыў кабінет і ўбачыў, што бюлетэні са скрыні выкінутыя на падлогу і іх перабірае камісія, якая мусіла ўжо сыйсці з участка. Мне тады сказалі, што я яшчэ малады і нічога не разумею, а так трэба. Я проста сеў на крэсла і сядзеў. Потым прыехаў мой начальнік з аддзелу, спытаў чаму я не патэлефанаваў. Я адказаў, што тэлефанаваць трэба, што здарэнняў няма, а тут во што. Што мне – рапарт пра гэта напісаць? Мне адказалі, што, калі я напішу рапарт, у міліцыі больш працаваць не буду. Я тады некалькі ночаў не спаў, абдумваў,» – узгадвае Уладзімір Жыгар.
У 2019 годзе ён таксама ахоўваў адзін з вясковых участкаў
падчас парлементскіх выбараў. Але тады ён парушэнняў не бачыў. Адзінае, што ў
асобным пакоі быў накрыты стол і ўся камісія ўжо пасля абеду асноўнага дня была
на добрым падпітку. Запрашалі і яго з супрацоўнікам аддзела па надзвычайных
сітуацыях. Але яны абодва адмовіліся, сказаўшы, што яны на службе.
Пост у сацсетках
і звальненне
Сёлета ж, у чэрвені ўжо ў званні лейтэнанта, пасля
нядаўняга завочнага сканчэння Акадэміі МУС, Уладзімір Жыгар служыў у аддзяленні
крымінальнага вышуку Мазырскага РАУС. Падчас збору подпісаў Уладзімір паставіў
свае подпісы за Святлану Ціханоўскую і за Віктара Бабарыку. А праз некалькі
дзён Бабарыку кінулі за краты. Тады на галоўныя вуліцы гарадоў выйшлі ланцугі
салідарнасці. Міліцыянтаў з Мазырскага РАУС адпраўлялі на той ланцуг. А
Уладзімір з жонкай на той час былі хворыя на каронавірус. Ён знаходзіўся на
бальнічным. Але быў супраць таго, каб міліцыя ўмешвалася ў палітычнае змаганне,
калі ніякіх парушэннў грамадскага парадку не было. Ён змясціў на сваёй старонцы
ў сацсетцы пост у падтрымку Ціханоўскай і Бабарыкі.
У першы ж дзень, калі ён выйшаў з бальнічнага, у
Мазырскім аддзеле ўсіх узнялі па трывозе. Тады рабілі ператрус у хаце Аляксандра
Венгуры, фермера з вёскі Прудок, і потым лавілі расіяніна Дзмітрыя Папова, які
дапамагаў адміністраваць сацсеткі «Страны для жизни». Уладзімір тады
здолеў пазбегнуць удзелу ў гэтых спецаперацыях. Але праз колькі дзён у ягоны
кабінет уварваліся супрацоўнікі аддзелу па абароне дзяржаўных сакрэтаў. Відаць,
нейкая інфармацыя іхняй аперацыі стала вядомай і яны шукалі крыніцу ўцечкі.
Ператрусілі ўсе паперы, сейф, праверылі кампутар і гаджэты. Але нічога
падазронага не знайшлі. Ды яго і не было, бо нічым асабліва сакрэтным Уладзімір
не валодаў.
Ужо праз некалькі дзён яго паклікалі ў Гомельскае
абласное ўпраўленне ўнутраных справаў. Да намесніка начальніка па ідэалогіі і кадрах
Віталя Котчанкі. На ўваходзе правялі
поўны дагляд. Разам з Котчанкам у кабінеце быў прадстаўнік упраўлення ўласнай
бяспекі. Распытваць пачалі здалёку.
«Мяне распытвалі чаму я вырашыў пайсці служыць у міліцыю, як скончыў акадэмію. Потым спыталі з кім я, як яны сказалі, “дык ты з намі, ці супраць нас”. Я адказаў, што не разумею, з кім “з намі”. Калі з беларускім народам, дык так, а калі з кімсьці персанальна з кіраўнікоў, дык не. Котчанка на гэта адказаў, што кепска, што я акадэмію МУС скончыў завочна. Калі б скончыў вочна, то мяне б там “навучылі радзіму любіць”. Прыгразілі, што калі недзе засвячуся, яны на мяне крымінальную справу завядуць. У выніку размовы сказалі, што тое, што хацелі, яны ад мяне не пачулі. Спыталі, ці згодны я напісаць рапарт на звальненне. Я адказаў, што ў такіх умовах – згодны. Патэлефанавалі кадравіку і ён прынёс гатовы рапарт на звальненне паводле пагаднення бакоў. Я падпісаў рапарт, адразу забралі пасведчанне», – распавядае Уладзімір Жыгар.
У камандзе
Ціханоўскай
Потым ён пазнаёміўся з тымі, хто падтрымліваў каманду Святланы Ціханоўскай. У якасці валанцёра пачаў дапамагаць падчас пікетаў па зборы подпісаў, а потым і агітацыйных мітынгаў.
На шматтысячным мітынгу Святланы Ціханоўскай у Гомелі ім ад каманды кандыдаткі паступіла інфармацыя пра тое, што спецслужбы рыхтуюць правакатараў, якія павінны быць з мегафонамі. І такія сапраўды на мітынгу з’віліся. Уладзімір з іншымі валанцёрамі адцяснялі гэтых правакатараў. Пазней да аднаго з мазырскіх валанцёраў прыйшлі супрацоўнікі Галоўнага упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Яны выпытвалі адкуль у валанцёраў Ціханоўскай з’явілася інфармацыя аб правакатарах.
Уладзімір ЖЫГАР на мітынгу Святланы Ціханоўскай у Гомелі побач з правакатарам. Фота: nn.by
9 жніўня Уладзімір Жыгар палічыў сваім абавязкам быць у
Менску. Ён цудоўна бачыў і ведаў, што выбары атрымліваюцца несумленныя, што
ніхто не будзе лічыць галасы і ў чарговы раз абвесцяць пераможцам Лукашэнку.
Таму лічыў патрэбным выказаць сваю нязгоду з гвалтоўным утрыманнем улады і
абараніць выбар народа.
«9 жніўня мы былі спачатку каля стэлы “Мінск – горад-герой”. Потым рушылі на Нямігу. Людзей было вельмі шмат. І ніхто не ўжываў аніякага гвалту супраць сілавікоў, якія ўвесь час нас адцяснялі. Тады я не бачыў, каб там былі нейкія сілавыя сутыкненні», – узгадвае Уладзімір Жыгар.
Затрыманне і
катаванні ў мінскіх засценках
Але 10 жніўня каля 19-й гадзіны на кватэру, якую яны
разам з яшчэ некалькімі хлопцамі здымалі, уварваліся чалавек 7 у масках і адзін
у цывільным. Яны прадставіліся супрацоўнікамі ГУБАЗіК. Правялі агляд кватэры.
Знайшлі ўлёткі за Святлану Ціханоўскую. Хлопцы падазраюць, што міліцыю
апавясціў нехта з суседзяў, якія пабачылі, што ў адной кватэры сабаралася
даволі вялікая колькасць хлопцаў, а пад пад’ездам стаіць машына з трэцім
рэгіёнам на нумары. Затрымалі толькі Уладзіміра і яшчэ аднаго хлопца. У іх у
тэлефонах знайшлі мэсэджар Тэлеграм, праз які, як лічаць міліцыянты, нехта
кіраваў пратэстамі.
Затрыманых завезлі спачатку ў ГУБАЗіК, апыталі і адвезлі
на пляцоўку каля стэлы «Мінск – горад-герой». Там усіх перагналі ў аўтазак.
«У аўтазакі нас заганялі людзі не ў форме МУС ці ўнутраных войскай, а ў вайсковай форме без апазавальных знакаў і са стужкамі на пячы. Дакладней, гэты былі не тыя зялёныя вялікія аўтазакі, а канвойныя машыны. Прычым, неяк яны размяркоўвалі па розных РУУСах. Бо мы “спазніліся” на аўтазак, які з’ехаў раней, і яшчэ з паўгадзіны чакалі наступнага, які ехаў у “наша” РУУС. Нас набівалі нашмат болей, чым разлічана машына. У аддзяленні, разлічаным на 2 чалавек, было 5. Апошняга нагой у спіну штурхнулі, нібы трамбанулі, і закрылі дзверы. Усе адтуліны ў кунгу былі залепленыя непразрыстым скотчам так, што паветра зусім не паступала ў сярэдзіну. Кісларод хутка сконыўся і стала дужа цяжка дыхаць, акрамя таго, было вельмі горача. Тых, хто быў бліжэй, збівалі з крыкамі “Свабоды захацелі? Яны з’ехалі, а вы адграбайце!”», – гаворыць пра затрыманне Уладзімір.
Іх прывезлі ў Ленінскае РУУС. Выгружалі з аўтазаку
палкамі ў спіну. Загналі ў двор, падзелены агароджамі, якімі абкутваюць масавыя
мерапрыемствы, на некалькі нібы сектараў. У гэтыя сектары размяркоўвалі людзей.
Адразу АМАПаўцы прымушалі сядаць на калені, рукі заводзіць за галаву, а ногі
скрыжоўваць. У двары былі лужыні і некаторыя людзі траплялі проста ў лужыны. І
там ставалі на калені. Так усіх, каго прывозілі пратрымалі не менш за тры
гадзіны.
«Калі мяне “афармлялі” супрацоўнік перапісваў мае рэчы. А ў мяне была з сабой так званая “дудка” – спецыяльны наканечнік на алкатэстар, праз які мы дзьмулі, заступаючы на службу, калі я яшчэ служыў у міліцыі. Такія індывідуальныя наканечнікі выдавалі толькі ў міліцыі і кожны насіў яго з сабой. Калі супрацоўнік СІЗА яго ўбачыў, ён спытаў: “Ты што – наш?”, а потым адразу ўбачыў пропуск у акджмію МУС і сказаў “Ясна!”. Я адказаў, што, нядаўна звольніўся, збольшага распавёў сваю гісторыю. Ён з разуменнем паставіўся і дазволіў мне ўзяць тэлефон і паведаміць жонцы пра тое, што затрыманы», – узгадвае Уладзімір Жыгар.
Уладзімір распавядае, што вельмі жорстка ставіліся да
тых, у каго знаходзілі ўлёткі за Ціханоўскую альбо былі белыя стужкі на руках.
Прыкладна а 5-й гадзіне раніцы, перад з’яўленнем начальства, сцягнулі рукі
пластмасавымі сцяжкамі, бо кайданкоў на ўсіх не было. Проста ў гэтым двары
апытвалі імёны, прозвішчы, адрасы і адпраўлялі назад сядзець. А недзе а 10-й
раніцы папрыходзілі ўжо з напісанымі паперамі і зноў пачалі заганяць у
аўтазакі. Павезлі ў Жодзіна.
«Там было вельмі шмат людзей. Я патрапіў у камеру, дзе ўжо сядзелі 7 чалавек, затрыманых з 6 па 8 чысло. І ежу і ваду першыя суткі прыносілі толькі ім. А нас у гэтую камеру, разлічаную на 7 чалавек, напхалі 37 чалавек. Тыя 7 турэмных порцыяў мы дзялілі на ўсіх, каму што перападзе», – кажа Уладзімір.
Ён распавядае, што было шмат збітых. Аднаго так пабілі па твары, што зуб
наскрозь прабіў шчаку. Разам з ім у камеры знаходзіўся амерыканскі журналіст-фрылансер
украінскага паходжання Дэн Палішчук. Адзін хлопец быў з цукроўкай. Ямы стала
блага, ён прасіў ахоўнікаў, каб прынеслі яму інсулін з торбы, з якой ён быў
затрыманы. Лекі прынеслі толькі тады, калі той хлопец пачаў губляць
прытомнасць.
«На трэція суткі пачаліся суды. Прыехалі, нібыта пяць суддзяў, паразмяшчаліся дзе хто. Мяне судзілі ў нейкай сталоўцы. Суд – недзе хвілін 5 – 7. Паводле рапарту я быў вінаваты ў тым, што 10-га чысла каля 22.00 на праспекце Пераможцаў пляскаў у ладкі. Хаця, я там у той дзень не быў і мяне забралі з кватэры. Але ніхто не звяртаў увагі на такія “дробязі”, як высвятленне рэальнай карціны і ўстадяванне віны. Усім давалі ў сярэднім па 10 сутак арышту, нягледзячы ні на якім тлумачэнні», – расказавае былы супрацоўнік праваахоўнай сістэмы.
Зноў у Мазыр да перамогі
На чацвёртыя суткі іх пачалі выводзіць з камераў, прымушаць падпісваць
абавязацельствы не ўдзельнічаць ні ў якіх масавых мерапрыемствах і паціху
выпускаць. Прычым, час вызвалення зусім не карэляваў з часам затрымання.
Хлопец, якога забралі з кватэры разам з Уладзімірам, выйшаў значна раней.
«Канешне, калі я выйшаў, дык моцна здзівіўся. Там былі валанцёры, шмат людзей. Нехта прапанаваў давезці да Мінска, нехта ежу, псіхалагічную дапамогу. Я патэлефанаваў жонцы, аказалася, што яна , даведаўшыся, што нас пачалі адпускаць, ужо ехала з чалавекам, які ёй згадзіўся дапамагчы, і была за 50 кідаметраў ад Жодзіна. Дачакаўся, і так вярнуўся дамоў», – гаворыць Уладзімір Жыгар.
У Мазыры ён даведаўся, што 10 жніўня і ў наступныя дні ў родным горадзе таксама затрымлівалі шмат людзей, якія проста выходзілі на цэнтральную плошчу і вуліцы выказаць сваю нязгоду з фальсіфікацыямі на выбарах. Многіх вельмі жорстка збівалі ў мясцовым РАУС. Уладзімір пачаў даведвацца хто ваяваў з людзьмі на мазырскіх вуліцах. І яго насамрэч шакавала, калі высветлілася, што ніякага прыезджага АМАПу ў Мазыры не было. Усё рабілі ягоныя ранейшыя калегі з Мазырскага РАУС і вайскоўцы ўнутраных войскаў, рота якіх месціцца ў горадзе.
«Калі я прыйшоў служыць у міліцыю, я рэальна хацеў змагацца з сапраўднымі злачынцамі. І, па родзе сваёй службы, я гэта і рабіў. Але цяпер, калі на ўсю сістэму МУС легла такая крывавая пляма, мне рэальна сорамна, што я меў дачыненне да гэтай структуры, якая з праваахоўнай ператварылася ў карную. Я заклікаю сумленных супрацоўнікаў, якія пакуль не заплямілі сябе ўдзелам у рэпрэсіях і катаваннях людзей, сыйсці з міліцыі і захаваць сваё сумленне і добрае імя. Зменіцца сістэма і ўлада – вернемся і працягнем сумленную працу. А сістэму абавязкова трэба змяніць. Іншай дарогі ўжо няма – альбо перамога, альбо…», – робіць выснову былы супрацоўнік беларускага МУС Уладзімір Жыгар.
У апошнія дні Уладзімірам зацікавіліся супрацоўнікі КДБ, якія ўжо затрымалі аднаго з ягоных мазырскіх сяброў з каманды Святланы Ціханоўскай. Таму сёняшняй ноччу, каб не быць затрыманым, Уладзімір вымушаны быў уцякаць за межы Беларусі. Цяпер ён знаходзіцца ў адной з еўрапейскіх краінаў. Адтуль Уладзімір Жыгар распавёў Палескай Вясне, што ў месцы жыхарства, якое дапамаглі яму знайсці валанцёры, дзе прытуляюць вымушаных уцекачоў з Беларусі, ён сустрэў таго самага міліцыянта з Ленінскага РУУС Мінска, які афармляў паперы на Уладзіміра, знайшоў у яго міліцэйскі наканечнік на алкатэстар і дазволіў паведаміць жонцы пра затрыманне. Гэта аказаўся Яўген Осінскі. Супрацоўнік сталічнай міліцыі, пабачыўшы тое, што адбывалася ў ягоным РУУСе пасля выбыраў, не здолеў працягваць службу і звольніўся з МУС. Яму таксама пачалі пагражаць рэпрэсіямі і ён мусіў уцякаць з краіны. Яўген Осінскі таксама распаўсюдзіў сваю гісторыю.