У Рэчыцы выканкам перанёс заканчэнне добраўпарадкавання вуліцы, якою дзеці ходзяць у школу, на кастрычнік

Андрусь ГАЁВЫ 14.07.2020

Атрыманы чарговы адказ намесніка старшыні Рэчыцкага райвыканкаму Яўгена Юрчанкі, дзе ён даў чарговае абяцанне падпісантам петыцыі пра добраўпарадкаванне вуліцы Хлуса, якою дзеці з новых мікрараёнаў горада вымушаныя хадзіць у старую школу № 9, размешчаную ў раёне прыветнага сектару.

Яўген Юрчанка патлумачыў, што станам на 30 чэрвеня на вуліцы пачатыя работы па рамонце пешаходнай дарожкі па вуліцы Хлуса ад вуліцы будаўнікоў да вуліцы Мічурына. Таксама за другі квартал КУП «Рэчыцкі райжылкамгас» закупіў 22 штукі дарожных знакаў «Нерэгулюемы пешаходны пераход» і зараз «вядзе падрыхтоўчыя работы» да зборкі знакаў са стойкай. Паставіць іх на вуліцах збіраюцца пасля ўладкавання пешаходнай дарожкі. Тады ж мяркуюць і нанесці разметку - «зебры», і зрабіць штучную няроўнасць на вуліцы Будаўнікоў.


Саму ж дарожку гэтым разам абяцаюць уладкаваць да 9 кастрычніка гэтага года «ў сувязі з абмежаванай колькасцю пастаўкі асфальтабетоннай сумесі заводам-вырабніком, а таксама вялікім аб’ёмам праводзімых работаў па ўладкаванні пешаходнай дарожкі».

«Дзякуй КУП «Рэчыцкі райжылкамгас», за пачатак работ, але спадзяемся на хуткае рашэнне наяўных праблем па вуліцы Хлуса, а менавіта да 1 верасня. Давайце пачнем навучальны год з добрых навін!», – адрэагавала на адказ года Таццяна Ласіца, адна з ініцыятарак звароту да ўлады, экс-кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на выбарах 2019.

Яшчэ ў сакавіку ў Рэчыцкі райвыканкам накіравалі петыцыю падпісаную амаль сотняй жыхароў Рэчыцы, аб прыстасаванні для бяспечнага перасоўвання дзяцей вуліцаю імя Хлуса, якою юныя жыхары новых рэчыцкіх мікрараёнаў мусяць хадзіць у размешчаную ў старым раёне прыватнага сектара школу. У пачатку красавіка намеснік старшыні Рэчыцкага райвыканкама Яўген Юрчанка паабяцаў у адказ на петыцыю, што да канца другога квартала гэтага года на вуліцы плануецца адрамантаваць ходнікі, усталяваць знакі «пешаходны пераход» і выканаць адпаведную дарожную разметку на 13 скрыжаваннях з іншымі вуліцамі і зрабіць штучную няроўнасць на скрыжаванні з вуліцай Будаўнікоў. Але на канец другога квартала работы не выканалі, толькі ў некалькіх месцах паклалі асфальт, ды і тое, ў некаторых – не самай лепшай якасці. У школу ў раёне прыватнага сектару дзяцей з новых мікрараёнаў прымушаюць хадзіць у сувязі з тым, што Рэчыца, нібыта, не выконвае план нараджальнасці і з цэнтру не выдаткоўваюць грошы на пабудову ў новых раёнах горада школаў і садкоў.