Пакласці кіламетр ходнікаў і намаляваць 13 «зебраў». У Рэчыцы ўлады паабяцалі адрамантаваць вуліцу, якою дзеці ходзяць у школу

Андрусь ГАЁВЫ 08.04.2020

Рэчыцкі райвыканкам адказаў на петыцыю, пад якой збіралі подпісы неабыякавыя жыхары горада, заклікаючы мясцовыя ўлады прывесці вуліцу імя Хлуса ў бяспечны стан. Менавіта гэтаю вуліцай дабіраюцца да школы, што месціцца ў раёне прыватнага сектару, дзеці з новых мікрараёнаў, дзе пакуль не будуюцца ўстановы адукацыі.


У сваім звароце жыхары Рэчыцы паведамлялі, што вуліца Хлуса  – найбліжэйшы шлях з новых кварталаў да школы. Менавіта ёю і цяпер ходзяць да школы дзеці. Але яна не мае нармальных ходнікаў, кепска асветленая, адсутнічаюць пазначаныя пешаходныя пераходы на скрыжаваннях з іншымі вуліцамі.

У адказе за подпісам намесніка старшыні Рэчыцкага райвыканкама Яўгена Юрчанкі сказана, што чыноўнікі з мясцовага органа ўлады зрабілі адмысловае абследаванне вуліцы. Гэта, нарэшце, дапамагло ім даведацца, што пешаходная дарожка паўз вуліцу мае часткова грунтовае пакрыццё (то бок, проста сцяжынка, пратаптаная па зямлі), часткова ўдасканаленае (асфальт савецкіх часоў). На скрыжаваннях гэтай вуліцы з іншымі адсутнічаюць знакі «Пешаходны пераход» і адпаведная дарожная разметка.


Вынікам стала тое, што ўлады, усё ж, прынялі рашэнне аб неабходнасці выканання работаў па рамонце пешаходнай дарожкі паўз вуліцу Хлуса ад скрыжавання з вуліцай Мічурына да скрыжавання з вуліцай Будаўнікоў (гэта амаль кіламетр), устаноўцы знакаў «Пешаходны пераход» і адпаведнай разметкі на 13 скрыжаваннях вуліцы Хлуса з іншымі вуліцамі. Таксама вырашылі зрабіць штучную няроўнасць на скрыжаванні Хлуса з вуліцай Будаўнікоў. Усё гэта ўлады плануюць выканаць да канца другога квартала гэтага года.


Таксама Юрчанка паведаміў, што камісія знайшла на ўсім працягу вуліцы адзін няспраўны ліхтар, які адразу ж адрамантавалі.

Нагадаем, што жыхары новых мікрараёнаў на паўднёвым захадзе Рэчыцы патрабуюць ад мясцовых уладаў пабудовы ў сваіх раёнах школаў і садкоў. Улады адказваюць ім, што на гэта раёну не выдатковаюць грошы. Адсутнасць фінансавання для пабудовы ўстановаў адукацыі ўлады тлумачаць тым, што Рэчыца не выконвае паказчыкаў па нараджальнасці дзетак. Калі ж здарыцца «дэмаграфічны вубух», грошы на садкі і школы адразу дадуць, запэўніваў на агульным сходзе бацькоў яшчэ адзін намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Горбач