У Рэчыцы збіраюць подпісы пад петыцыяй пра абуладкаванне вуліцы, па якой дзеці ходзяць у школу

Палеская Вясна 09.03.2020

Раённыя ўлады, як вынікае з іх адказаў, не зусім разумеюць гарадскую лагістыку і абуладкавалі не тую вуліцу, якую трэба было б. Гараджане склалі петыцыю, каб улады давялі да ладу патрэбную.


Жыхары двух новых мікрараёнаў у заходняй частцы Рэчыцы патрабуюць пабудовы там школы і дзіцячага садка. Але мясцовыя ўлады сцвярджаюць, што ў горадзе дзецям ёсць дзе вучыцца і выхоўвацца, варта толькі перанакіраваць іх у незапоўненыя ўстановы іншых частак горада. На сустрэчы з жыхарамі, якая адбылася ў студзені, бацькі ўзнялі пытанне пра бяспеку вуліц, якімі дзеці з новых шматпавярховых мікрараёнаў ідуць да школы ў раёне прыватнага сектару. Улады даслалі адказ, але не пра тыя вуліцы. І цяпер жыхары горада збіраюць подпісы пад электронным зваротам, каб прымусіць улады звярнуць увагу на патрэбную вуліцу – імя Хлуса.

У адказе за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Горбача, які атрымала экс-кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Таццяна Ласіца, распавядаецца, якія намаганні прыклалі ўлады, каб давесці да ладу вуліцу імя Міцкевіча. Чамусьці райвыканкаму здаецца, што з новых мікрараёнаў з назвамі «30А» і «15» найзручней да школы № 9, куды скіраваныя малыя жыхары гэтых раёнаў, дайсці па вуліцы Міцкевіча.

Аляксандр Горбач апісвае, што на вуліцы Міцкевіча ўсталявалі ажно тры дапаўняльныя асвятляльныя прылады. На так званым «бацькоўскім маршруце» - адмысловым рэйсе аўтобуса, які збірае дзетак з новых мікрараёнаў і развозіць іх па старых школах і садках, у 7 гадзін 11 хвілін зрабілі прыпынак каля 9-й школы на вуліцы Міцкевіча.

Гэтая вуліца злучае старую частку Наварэчыцкага мікрараёна з раёнам прыватнага сектара, дзе месціцца 9-я школа. А вось з новых мікрараёнаў, якія раскінуліся значна ўсходней за Наварэчыцкі, найкарацейшы шлях да гэтай школы ляжыць па вуліцы Хлуса. А на ёй у некаторых месцах адсутнічаюць ходнікі, а там дзе ад іх нешта засталося, яны маюць не самы бяспечны стан. На скрыжаваннях з іншымі вуліцамі, няма належнага агляду, і пры гэтым адсутнічае дарожная разметка («зебры») і нават адпаведных знакаў няма. Некаторыя ўчасткі не маюць дастатковага асвятлення ў цёмны час.

Таму ініцыятары петыцыі патрабуюць ад Рэчыцкага райвыканкама і Упраўлення ўнутраных справаў Гомельскага аблвыканкама абсталяваць на вуліцы ходнікі, пешаходныя пераходы, забяспечыць асвятленне на ўсім працягу вуліцы і на скрыжаванні яе ў вуліцай Будаўнікоў абсталяваць «ляжачага паліцэйскага».

Падпісаць петыцыю магчыма ТУТ.