Апошняя школа ў Рэчыцы збудаваная ў 1989 годзе. Адбылася сустрэча ўладаў з жыхарамі новых мікрараёнаў горада
Андрусь ГАЁВЫ
18.01.2020
Нягледзячы на імклівы рост ажно трох мікрараёнаў, два з якіх цалкам новыя, на выездзе з Рэчыцы ў бок Светлагорска, дзіцячыя садкі і школы тут не будаваліся ўжо 30 гадоў. І пакуль перспектывы з'яўлення ў новых мікрараёнах установаў школьнай і дашкольнай адукацыі вельмі цмяныя. Хто, дзе і як размяркоўвае грошы на іх пабудову – незразумела.
Экс-кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Рэчыцкай акрузе Таццяна Ласіца падчас збору подпісаў за сваё вылучэнне вывучала найбольш значныя праблемы жыхароў новых мікрараёнаў. І пабудова ўстановаў адукацыі стала асноўнай. Менавіта таму пасля сканчэння выбарчай кампаніі Таццяна зноў абыйшла кватэры жыхароў трох мікрараёнаў і сабрала подпісы пад зваротам у Рэчыцкі райвыканкам аб тым, што ў гэтай частцы горада пільна патрабуюцца хаця б адзін дзіцячы садок і адна школа. Падпісаліся больш за 100 чалавек.
На 16 студзеня ўлады намецілі выяздную сустрэчу з зацікаўленымі на месцы. Яна адбывалася ў размешчанай у мікрараёне Наварэчыцкі школе мастацтваў. На імпрэзу сабраліся каля 60 жыхароў мікрараёнаў. Намеснік старшыні Рэчыцкага райвыканкама Аляксандр Горбач адразу папярэдзіў, што гэта ніякія не грамадскія слуханні па праблеме недахопу навучальных установаў, а проста сустрэча па пытанні калектыўнага звароту, які паступіў у выканкам, аб пабудове дзіцячага садка ў мікрараёне, якому рэчыцкія ўлады далі дужа арыгінальную назву – «15А».
Лідзія СКАКУН і Аляксандр ГОРБАЧ
Кіраўніца аддзелу архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Лідзія Скакун прадэманстравала прысутным дэтальны план мікрараёна 15А, дзе запраектаваныя два дзіцячыя садкі і школа. Два садкі і школа запраектаваныя і ў мікрараёне з не менш арыгінальнай назвай «30» (нагадваюць ідэнтыфікацыйныя нумары лагерных баракаў!). Тут нават пакінутая і не забудоўваецца пустка, дзе гэтыя аб’екты павінны збудавацца. Але, калі яны там з’явяцца – пытанне рытарычнае.
Пляцоўка пад садок і школу ў мікрараёне № 30
Аляксандр Горбач патлумачыў, што ў іншых, больш старых раёнах горада, а таксама ў прыгараднай вёсцы Азершчына, дзе насельніцтва за гады пасталела, ёмістасць школаў і дзіцячых садкоў яшчэ далёка не вычарпаная. Напрыклад, у дашкольных установах горада агулам могуць выхоўвацца 3665 чалавек, а туды ходзіць толькі 3576 чалавек. Прыкладна такая ж сітуацыя і са школамі.
Магчыма таму, як адзначыў намеснік старшыні выканкама, Рэчыцкі раён не патрапіў у агульнабеларускую праграму пабудовы навучальных установаў, якая ажыццяўлялася з 2016 па 2020 год, і яму не выдаткавалі з цэнтру грошы на гэтае будаўніцтва. Наступная такая ж праграма будзе ажыццяўляцца з 2021 па 2025 год і недзе ў сярэдзіне гэтага года будзе вырашацца якія адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі краіны атрымаюць запаветныя грошы з Мінску.
Прысутныя некалькі разоў дамагаліся ад Горбача, што патрэбна, каб раён нарэшце патрапіў у гэтую праграму. «Дэмаграфічны выбух!», – адказаў намеснік старшыні.
Людзі выказваліся пра тое, што многія дзеткі з новых мікрараёнаў ужо цяпер наведваюць школы, якія месцяцца бліжэй да цэнтра горада. І найбольшы клопат выклікае праблема таго, каб бяспечна дабрацца да школы і са школы. Даводзіцца ісці пешкі вуліцамі прыватнага сектру, дзе ўзімку пасля расчысткі праезнай часткі снегам заграбаюцца ходнікі і дзецям даводзіцца ісці па сумётах ці па праезнай частцы.
Наталля Гарэлікава, дырэктарка размешчанай у старой частцы горада з прыватнай забудовай рэчыцкай школы № 9, куды прапануецца накіроўваць жыхароў новых раёнаў, на гэта адказала: «Я гадавалася ў вёсцы Ліпнякі Лоеўскага раёна, а ў школу хадзіла ва Уборкі, за восем кіламетраў, і цэлая засталася!»
Людзі пыталіся, калі ў 65-тысячным горадзе пабудавалі апошнюю школу. Паводле Аляксандра Горбача – гэта як раз школа № 7 у Наварэчыцкім мікрараёне, які за апошнія гады папоўніўся дзясяткам новых дамоў. Збудавалі яе ў 1989 годзе, разам з пачаткам пабудовы новага тады раёна. Яшчэ ў 2001 годзе на іншым ускрайку Рэчыцы, дзе таксама вырас новы раён панэльных дзевяціпавярховікаў, пад школу-сад рэканаструявалі былы дом-інтэрнат.
Сёння ў Рэчыцы працуе так званы «бацькоўскі маршрут» - адмысловы аўтобус, які збірае дашкольнікаў у новых мікрараёнах і развозіць па дзіцячых садках. Шкалярам жа даводзіцца дабірацца ўласнымі магчымасцямі альбо карыстацца грамадскім транспартам. Кіраўнікі аддзелу адукацыі паабяцалі разгледзець магчымасці запуску яшчэ некалькіх такіх самых маршрутаў, каб ахапіць імі як мага большую частку горада і каб імі маглі карыстацца дзеці розных узростаў.
Падчас спрэчак агучваліся разнастайныя прапановы. Нехта раіў назбіраць грошай талакой на суботніку. На што начальніца аддзелу архітэктуры Лідзія Скакун адрэагавала рэплікай «Вы і на праект не назбіраеце, не тое, што на будаўніцтва!» Хтосьці прапанаваў зачыніць пабудаваны да агульнабеларускіх «Дажынак», што ладзіліся ў Рэчыцы ажно ў 2007 годзе, атракцыён амерыканскіх горак, які, адпрацаваў усяго нейкі год, а потым сапсаваўся і не эксплуатуецца, хаця ўвесь гэты час яго ахоўваюць і падтрымліваюць вакол патрэбны стан, на што марнуюцца грошы. Некаторыя прапанавалі накіроўваць на аб’екты сацыяльнай інфраструктуры адпаведных раёнаў горада сродкі ад арэнды зямельных участкаў, на якіх у гэтых раёнах будуюцца значныя гандлёвыя цэнтры.
Таццяна ЛАСІЦА
Таццяна Ласіца напрыканцы сустрэчы задала Аляксандру Горбачу наўпроставае пытанне: «Што нам трэба рабіць, каб патрапіць у тую праграму? Дайце нам абяцанні, што мы туды трапім і будаўніцтва школы і садка ў новых мікрараёнах распачнецца».
Горбач на гэта наўпрост і адказаў: «Я што – розумам крануўся? У нас падрыхтаваны камплект усіх дакументаў для падачы на гэтую праграму, але каму там дадуць грошай вырашаем не мы. Можа ў нейкага іншага раёна яшчэ больш крытычная сітуацыя. Прыязджаюць эксперты, вывучаюць розныя паказчыкі. А мы з вамі за мінулы год усім раёнам нават тысячу дзяцей не нарадзілі. Як я магу вам даць абяцанні? Я ж тады вас магу проста падмануць! Пытанне будзе заставацца на кантролі і мы будзем інфармаваць заяўнікаў».
«Я, усё ж, думаю, што нам трэба звяртацца ў цэнтральныя органы ўлады, каб там таксама разумелі, што нам гэтыя ўстановы тут патрэбныя. Працэдура вызначэння мэтазгоднасці выдаткавання сродкаў той альбо іншай адміністрацыйнай адзінцы павінна быць празрыстаю. Я ведаю, што ў Мінску, напрыкад, ніводны новы раён без сацыяльных аб’ектаў не будуецца. І ніхто там з новых элітных раёнаў не возіць дзяцей «бацькоўскім маршрутам» у школу ў якую-небудзь састарэлую Чыжоўку. А ў такіх раёнах як Рэчыцкі, трэба выконваць нейкія паказчыкі, каб жыць камфортна ў сваім мікрараёне. Таму мы будзем дапамагаць раённым уладам дамагчыся атрымання фінансавання на будаўніцтва неабходных сацыяльных аб’ектаў у новых мікрараёнах!»,
– пракаментавала вынікі сустрэчы актывістка Таццяна Ласіца.