Вуліца хлусні. Улады ў Рэчыцы не выканалі абяцанні, дадзеныя на петыцыю аб уладкаванні вуліцы, якою дзеці ходзяць у школу (ФОТА)

Палеская Вясна 01.07.2020

Яшчэ ў сакавіку ў Рэчыцкі райвыканкам паступіла петыцыя падпісаная амаль сотняй жыхароў Рэчыцы, аб прыстасаванні для бяспечнага перасоўвання дзяцей вуліцаю імя Хлуса, якою юныя жыхары новых рэчыцкіх мікрараёнаў мусяць хадзіць у размешчаную ў старым раёне прыватнага сектара школу. У пачатку красавіка намеснік старшыні Рэчыцкага райвыканкама Яўген Юрчанка паабяцаў у адказ на петыцыю, што да канца другога квартала гэтага года на вуліцы плануецца адрамантаваць ходнікі, усталяваць знакі «пешаходны пераход» і выканаць адпаведную дарожную разметку на 13 скрыжаваннях з іншымі вуліцамі і зрабіць штучную няроўнасць на скрыжаванні з вуліцай Будаўнікоў. Палеская Вясна разам з актывістамі прайшлася дзіцячаю дарогаю да школы.  


Вуліца Хлуса названая імём колішняга галоўнага доктара мясцовай лякарні і ганаровага грамадзяніна горада Рэчыцы Парфірыя Хлуса. Але, па ўсім бачна, што ўлады імкнуцца напоўніць назву вуліцы новымі сэнсамі.


Паварот з вуліцы Будаўнікоў на вуліцу Хлуса

Замест чаканых на канец чэрвеня зручных ходнікаў і «зебраў» на вуліцы назіраецца нейкае залапліванне дзірак – сям-там ад вуліцы Будаўнікоў мазанулі трохі асфальту. У адным месцы нават добра не ўшчыльнілі – даўгавечнасць такога асфальтавання выклікае вялікія сумневы.





З’явілася адна разметка пешаходнага пераходу, які пракладзены па штучнай няроўнасці але, чамусьці па самой вуліцы Хлуса, але не па вуліцах, якія з ёй скрыжоўваюцца, і з якіх можа быць небяспека выезду аўтамабіляў на вялікай хуткасці.


Гэтак жа і са знакамі – на скрыжаванні з вуліцай імя 35-й мінамётнай брыгады ёсць знакі «пешаходны пераход», але, калі паводле іх ісці, то трэба перайсці на іншы бок вуліцы Хлуса, там перайсці вуліцу 35-й брыгады, потым зноў вярнуцца на той бок Хлуса, дзе ёсць пешаходныя сцяжынкі. Гэтыя пераходы зробленыя, хутчэй, не для дзяцей, якія ідуць у школу, а для тых, хто ідзе ў размешчаную на іншым баку скрыжавання краму. Няма і абяцанай штучнай няроўнасці на скрыжаванні з вуліцай Будаўнікоў.








«Нам абяцалі прывесці вуліцу Хлуса ў бяспечны і зручны для дзяцей стан, бо для будаўніцтва ў новых мікрараёнах школаў і садкоў улады не маюць сродкаў, таму што Рэчыца, маўляў, не выконвае план нараджальнасці. Але, як бачым, абяцанкі пакуль засталіся абяцанкамі з невядомымі тэрмінамі выканання. Ходнікаў альбо зусім няма, альбо, там, дзе яны нібыта і ёсць, яны ў такім стане, што можна і дарослым ногі павыкручваць. Па большай частцы вуліцы замест добраўпарадкаваных ходнікаў з цвёрдым пакрыццём – пясок і гліна, падсохлы альбо мокры бруд. І гэта ўлетку. Можна ўявіць стан гэтых сцяжынак увосень ці ў зімовую слоту. У выніку, мы не маем ні добраўпарадкаванай дарогі да старой школы ў прыватным сектары, ні новай школы ў мікрараёнах, якія імкліва пашыраюцца», – адрэагавала на ўбачанае адна з ініцыятарак петыцыі ў райвыканкам, экс-кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на выбарах 2019 года Таццяна Ласіца.