Мазырская актывістка распавяла пра сваё змаганне за справядлівасць і пра тое, чаму мусіла з’ехаць з Беларусі
Андрусь ГАЁВЫ
19.09.2021
>
Улады выціскаюць
з нашай краіны ўсіх, хто з імі не згодны. Для таго, каб на цябе пачалі ціскуць
і пужаць, дастаткова хоць нешта рабіць, нават у межах закона.
Таццяна ДРАБЫШЭЎСКАЯ.
Пайшла ў
назіральніцы
Таццяна
Драбышэўская гадавалася і жыла ў Мазыры. Там і дагэтуль мае
рэгістрацыю. Але некалькі апошніх год, каб мець больш-менш прыстойную працу,
мусіла жыць у Мінску.
У пачатку леташняй выбарчай кампаніі Таццяна раптам
зразумела, што варта ўдзельнічаць у жыцці сваёй краіны. Раней, сама прызнаецца,
яна была досыць апалітычнаю.
«Калі я пачула
Віктара Бабрыку, я зразумела, што ў Беларусі ёсць будучыня. Мне вельмі
падабалася тое, што ён казаў і рабіў. І менавіта гэта натхніла мяне на тое, што
я вырашыла стаць назіральніцай на выбарах і акрэдытавалася на ўчастку ў сваёй
школе, куды без праблем сабрала подпісы мазырчукоў», - прызнаецца
Таццяна.
Яна назірала цэлы тыдзень, не адыходзячы нікуды ад
участка. Старанна падлічвала ўсіх, хто прыходзіў галасаваць. Але, калі вывесілі
вынікі галасавання, аказалася, што тых, хто нібыта прагаласаваў, ажно на 300
чалавек болей. Тады яна зразумела, што выбары, у тым ліку і на ўчастку, дзе яна
назірала, сфальсіфікаваныя.
На наступны дзень Таццяна падала скаргі на выкрытыя
парушэнні ў пракуратуру Мазырскага раёну. Але пракуроры не сталі займацца выбарчымі
пытаннямі, а выканалі ролю пошты. Яны пераправілі звароты Таццяны ў раённую
выбарчую камісію, хаця менавіта на дзеянні камісараў яна і скардзілася. З
камісіі, натуральна, папрыходзілі адказы, што згаданыя ў скаргах факты не
пацвердзіліся і парушэнняў не выкрыта.
Маршы,
затрыманні, Акрэсціна, Жодзіна…
Пасля таго, як Таццяна вярнулася ў Мінск, там ужо
пачаліся пратэсты супраць гвалту, які сілавікі ўчынілі ў першыя дні і ночы
пасля абвяшчэнні цэнтральнай выбарчай камісіяй аб тым, што Лукашэнка набраў
больш за 80% галасоў. Таццяна на першыя вялікія маршы хадзіла і з мужам, і з
дзіцём.
«Калі пачалі
жорстка затрымліваць і разганяць, то дзіця, натуральна, ужо з сабой не бралі.
Хадзілі толькі разам з мужам. У верасні
мяне на маршы схапілі карнікі. Мяне завезлі ў РУУС, дзе пратрымалі 6 гадзін,
але адпусцілі без пратаколу. Другі раз быў праз тыдзень. Гэта быў суботні
жаночы марш. І я тады нават не дайшла да самога маршу. Я пабачыла характэрныя
сінія бусікі на веладарожцы. Мяне гэта абурыла. І я пачала здымаць іх на
тэлефон. Потым патэлефанавала на 102 і пачала казаць пра парушэнне правілаў
руху. Называла ім нумары гэтых бусаў. І як раз падчас пераліку гэтых нумароў
мяне падхапілі пад локаць і завялі ў адзін з гэтых бусаў. Я нават не паспела
сказаць у 102 сваё імя, каб гэтае паведамленне было зафіксаванае», - узгадвае Таццяна.
Яе завезлі ў ЦІП на Акрэсціна. Праз два дні проста ў
вязніцы адбыўся суд цераз скайп.
«Я разумела, што
мяне павінны адпусціць, бо ў мяне малое дзіця. Але суддзя нават не запыталася
ці ёсць у мяне дзеці, ці не інвалід я, ці не даглядаю хворых ці састарэлых
людзей. Яна проста пасярэдзіне маіх словаў, нікуды не выходзячы для прыняцця
рашэння, нават не выключаючы той скайп, абвесціла: “9 сутак!”», - кажа Таццяна
Драбышэўская.
Адбываць арышт яе завезлі ў Жодзіна. Там праз нейкі час
вызвалялася адна ейная сукамерніца. Праз яе Таццяна перадала пісульку мужу. Той
наняў адвакатку і з яе дапамогай прысуд абскардзілі і зняволенне замянілі папярэджаннем.
Але з прысуджаных незаконна 9 содняў Таццяна паспела адседзецць две траціны – 6
содняў.
Ці можна
пратэставаць паводле лукашысцкіх законаў?
У сакавіку 2021 года, калі ўлады актыўна судзілі
ўдзельнікаў так званых «несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў», а карнікі,
афармляючы паперы на пакаранні людзей, казалі «Хто вам не дае
аформіць дазвол і хадзіць законна?», Таццяна Драбышэўская паспрабавала была дамагчыся ад
Мазырскага райвыканкаму нават не мітынгу ці шэсця, а ўсяго толькі адзіночнага
пікету, які беларускія ўлады таксама лічаць масавым мерапрыемствам.
Таццяна падала заяву на правядзенне пікету не паводле паведамляльнага прынцыпу,
а паводле заяўнага – з выкананнем усіх адпаведных працэдураў, дамовамі на ахову
міліцыяй і медыкамі і прыборку дворнікамі пасля стаяння з плакатам. Але
выканкам даслаў ёй стандартную адпіску з адмовай, спасылаючыся на рашэнне аб
прызначэнні двух месцаў у раёне, дзе могуць адбывацца мерапрыемствы паводле
таго самага паведамляльнага прынцыпу, у якія, вядома ж, не ўваходзіла заяўленае
Таццянай месца. Было відавочна, што такая адмова незаконная і Таццяна
абскардзіла яе ў суд.
Палеская Вясна распавядала
пра той суд, які выглядаў насамрэч камічна. Выканкам на судзе змяніў падставу
для адмовы, сцвярджаючы ўжо, што бульвар Юнацтва, каля якога мусіў адбывацца
заяўлены Таццянай пікет, з’яўляецца тэрыторыяй прадпрыемства, якое забяспечвае жыццядзейнасць
насельніцтва – Мазырскага райжылкамгасу. Суддзя Дмітрый Мазай так і не здолеў зразумець пазіцыю райвыканкаму ў
гэтай справе, але ад граха падалей пастанавіў адмовіць у задавальненні скаргі
Таццяны.
«З юрыдычнага гледзішча гэты працэс
быў відавочна выйгрышны. І я спадзявалася, што суд будзе вымушаны прыняць мой
бок. Але, як атрымалася – калі ўлады не хочуць прызнаваць рацыю грамадзяніна,
то яны ўключаюць рэжым “не да законаў”. Таму пасля гэтага працэсу я канчаткова
расчаравалася ў беларускіх судах і магчымасці праз іх вырашаць нейкія праблемы,
асабліва звязаныя з палітычным жыццём», - робіць выснову Таццяна.
Але яшчэ раней за гэты суд той самы Мазырскі райжылкамгас адмовіўся
складаць з Таццянай дамову на прыбіранне тэрыторыі пасля пікету. Гэтую незаконную
адмову Таццяна абскардзіла ў абласное ўпраўленне ЖКГ і там пастанавілі прыцягнуць
чыноўніцу, якая разглядала зварот Таццяны да адказнасці.
Пераможныя суды
Сярод шасці судовых разбіральніцтваў
з органамі ўлады, якія ініцыявала Таццяна, ёсць у яе два станоўчыя кейсы, калі
ёй удалося перамагчы рэпрэсіўную машыну. Праз чатыры месяцы пасля пачатку суду
ёй удалося адсудзіць у дзяржавы 500 рублёў маральнай шкоды за незаконны прысуд
адміністрацыйнага арышту, а таксама кампенсацыю выдаткаў на псіхалагічнае
тэставанне ў памеры 50 рублёў.
Але ў сакавіку Таццяна яшчэ атрымала ад судовых выканаўцаў паперу пра
неабходнасць сплаціць ГУУС Мінгарвыканкаму 13,4 рублёў за адзін дзень харчавання
ў вязніцы на Акрэсціна і больш за 40 рублёў натарыяльнага тарыфу за выкананне
натарыяльнага надпісу аб спагнанні.
«Пошліна за суд атрымалася большаю,
чым сума, якую ўлады хацелі з мяне спагнаць. Але для мяне было справай гонару,
мабыць, даказаць, што я не маю плаціць гэтыя грошы за час незаконнага арышту. І
ў выніку суда натарыяльны надпіс прызналі непадлеглым выкананню, а таксама
пастанавілі, што ГУУС мае скампенсаваць мне памер дзяржпошліны», - кажа
Таццяна Драбышэўская.
Пакрыўджаная дэпутатка
Цікава склаліся стасункі Таццяны Драбышэўскай з дэпутаткай Палаты
прадстаўнікоў ад яе роднага Мазыра Валянцінай
Назаранка. Таццяна даволі часта пісала дэпутатцы пісьмовыя звароты, якімі
спадзявалася падштурхнуць яе да разбіральніцтва з тым гвалтам і беззаконнем,
якія адбываліся ў Мазыры ў жніўні 2020 году.
___________________________________________
Чытайце таксама:
___________________________________________
«Спярша яна спрабавала адказваць
нешта больш-менш на пастаўленыя пытанні, хаця і не дужа змястоўна. Але потым
пачала проста пераадрасоўваць мяне то да міліцыі, то да следчага камітэту, то
да іншых органаў, на якія я, уласна, і скардзілася. Пісала, што пастаўленыя
пытанні не ў яе кампетэнцыі. Карацей – дасылала на мае звароты звычайныя
адпіскі. Я ёй распавядала пра відавочныя парушэнні на выбарчым участку, калі,
напрыклад, у адзін з дзён датэрміновага галасавання звечара быў адзін пратакол,
а нараніцу вывесілі іншы. Альбо пра катаванні, якія мне давялося вынесці на
Акрэсціна. А яна ў адказ: “Звяртайцеся да праваахоўных органаў”. Дык жа гэтыя
самыя органы мяне і катавалі!», - абураецца Таццяна.
Таксама Таццяна трапіла на асабісты прыём да Назаранкі, дзе задала шмат не
дужа зручных для дэпутаткі пытанняў. А праз месяц пасля прыёму ў кватэру да
Таццяны прыйшла міліцыя з пастановай на агляд.
Ператрус і затрыманне
«Агляд правялі як ператрус, хіба што
падушкі не распорвалі. У пастанове на агляд значылася, што ён робіцца ў крымінальнай
справе паводле заявы Назаранкі аб тым, што я пішу ёй дужа шмат зваротаў, у якіх
маюцца выразы, што дыскрэдытуюць уладу. Я перачытала ўсе свае звароты і
адзінае, што можна было так расцаніць, гэта тое, што я не называла Лукашэнку
прэзідэнтам Беларусі, а азначала рознымі іншымі фразамі, тыпу “чалавек, які
ўтрымлівае ўладу”», - распавядае Таццяна.
Пазней яна даведалася, што справа супраць яе прапыненая на час правядзення
лінгвістычнай эскпертызы ейных зваротаў.
«Але я цудоўна ведаю, што такое гэтыя
лінгвістычныя экспертызы цяпер у нашай краіне. Яны пішуць тое, што патрэбна
ўладам, а потым на судзе такія экспертызы даюць падставы суддзям без усялякіх
згрызотаў сумлення выносіць абвінаваўчыя прысуды», - разважае Таццяна.
Тады яна сапраўды спужалася, што рэжым можа знайсці падставу, каб пасадзіць
яе за краты. Яна з мужам вырашылі на ўсялякі выпадак пачаць рыхтаваць шляхі для
адыходу. Яны шукалі месца працы за мяжой. Пачалі збіраць дакументы, каб падацца
на польскую візу.
А ў ліпені, па выхадзе з аднаго з судоў у Мазыры, на якім Таццяна была
разам з татам, да яе падыйшлі трое ў цывільным. Адзін з іх прад’явіў
пасведчанне супрацоўніка КДБ. Ёй сказалі, што яна падазраваная ў крымінальнай
справе і ёй трэба праехаць у Мазырскі аддзел КДБ.
«Сумна было ўсведамляць, што да
падачы дакументаў на візу засталося некалькі дзён, а тут мяне захопліваюць. Але
неяк супраціўляцца я не магла, таму села ў іхнюю машыну. Ужо ў КДБ
высветлілася, што я ніякая не падазраваная, а сведка ў справе тэлеграм-чатаў
ОГСБ. Я зразумела, што гэта проста такі акт запужвання. Яны патрабавалі разблакаваць
тэлефон. Я некаторы час з імі спрачалася, але вырашыла, што лепш пакінуць там
тэлефон, чым застацца самой. Яны 2,5 гадзіны глядзелі мой тэлефон, а, калі
ўбачылі, што ў мяне няма падпісак на чат ОГСБ ды іншае нешта падазронае, то
пасля невялікага допыту мяне адпусцілі», - распавяла Таццяна.
Праз некалькі тыдняў Таццяна з сям’ёй з’ехала з Беларусі. Зараз яна жыве ў
польскім Уроцлаве. Тут яна таксама працягвае дапамагаць рабіць Беларусь лепей.
Яна працягвае накіроўваць звароты ў розныя дзяржаўныя органы, каб яны выконвалі
свае наўпроставыя абавязкі. Таццяна ўзнімае праблемы камунальнай гаспадаркі,
паляпшэння жыцця ў родным Мазыры. А таксама яна актыўная ўдзельніца розных
акцыяў беларускай дыяспары ва Уроцлаве.