У Мазыры аспрэчвалі адмову ў правядзенні пікету. Суд не зразумеў пазіцыю выканкама, але адмовіў у задавальненні скаргі
Палеская Вясна
07.05.2021
>>
Мазыранка Таццяна Драбышэўская 9
сакавіка звярнулася ў Мазырскі райвыканкам з заявай аб правядзенні 28 сакавіка
адзіночнага пікета на пляцоўцы насупраць Палаца культуры нафтаперапрацоўчага
завода. 23 сакавіка ёй накіраваны адказ, у якім выканкам адмовіў у пікеце,
абгрунтаваўшы гэта тым, што ў сваім рашэнні ад 2011 года ён вызначыў ў
Мазырскім раёне два месцы, дзе можна праводзіць масавыя мерапрыемствы. Драбышэўская
абскардзіла адмову ў судзе.
Таццяна ДРАБЫШЭЎСКАЯ.
Адмова без спасылак на закон і з
падманам пра спосаб абскарджвання
6 траўня пад
старшынством суддзі Дзмітрыя Мазая
адбыўся разгляд скаргі. Таццяна
Драбышэўская аргументавала сваю пазіцыю тым, што дзейны цяпер у Беларусі
закон аб масавых мерапрыемствах прадугледжвае тры спосабы арганізацыі масавых
мерапрыемстваў – паводле рашэнняў дзяржаўных органаў, паводле заяўнага прынцыпу
і паводле паведамляльнага прынцыпу. Пры гэтым для правядзення масавых
мерапрыемстваў паводле паведамляльнага прынцыпу мясцовыя органы ўлады могуць
вызначаць канкрэтныя сталыя месцы правядзення, дзе загадзя вядомая сітуацыя для
працы сілавых структур у забеспячэнні правапарадку. Для правядзення масавых
мерапрыемстваў паводле заяўнага прынцыпу, згодна з законам, могуць
выкарыстоўвацца любыя прыдатныя месцы, акрамя пералічаных у частцы трэцяй
артыкула 9 закону. А там розныя тэрыторыі паўз будынкі органаў улады, сілавых
ведамстваў, транспарту і г.д. Сярод іншага ёсць і месцы, размешчаныя «бліжэй за 50 метраў ад тэрыторыяў арганізацыяў, якія
забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва».
Але ў сваім
адказе Таццяне Драбышэўскай Мазырскі райвыканкам не спаслаўся на нейкі
канкрэтны пункт ці частку артыкулаў заканадаўства, а спаслаўся на ўласнае
рашэнне, якім вызначыў два сталыя месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў,
а месца, якое заяўляла Драбышэўская ў гэты пералік не ўваходзіць. Таксама ў
парушэнне парадку накіравання адмовы ў правядзенні масавага мерапрыемства,
прадугледжанай адпаведным законам, Мазырскі райвыканкам патлумачыў
Драбышэўскай, што яна можа абскардзіць адмову ў вышэйстаячай арганізацыі, хаця
закон аб масавых мерапрыемствах прадпісвае скардзіцца на адмовы толькі ў суд.
Гэта, лічыць Таццяна Драбышэўская, было зроблена наўмысна, каб увесці яе ў
зман, каб яна прамінула тэрміны судовага абскарджвання. Гэтыя акалічнасці, на
думку Таццяны, робяць адмову незаконнай.
Акрамя таго,
у водгуку выканкама на скаргу Драбышэўскай, ужо згадваецца іншая прычына адмовы
– прыналежнасць заяўленай для правядзення пікету тэрыторыі да месцаў, дзе
правядзенне масавых мерапрыемстваў забароненае, і спасылаюцца на частку трэцюю
артыкула 9 закона аб масавых мерапрыемствах.
«Яны там снег чысцяць». Як дарога на агульнай вуліцы стала тэрыторыяй прадпрыемства
Адказ
выканкама з адмовай у правядзенні пікету быў падпісаны намеснікам старшыні
райвыканкама Феліксам Галюком. Яго
суд выклікаў у якасці сведкі, але ён на паседжанне не з'явіўся. Дарэчы, раней з
няўцямным рашэннем аб вызначэнні месцаў для масавых мерапрыемстваў змагаўся
кіраўнік Мазырскай філі праваабрончага
цэнтру «Вясна» Уладзімір
Целяпун. Тады таксама некалькі разоў сведкам прызнавалі Фелікса Галюка і
ніводнага разу суд не змог пабачыць яго на сваіх паседжаннях. Выканаўцам да па
гэтым адказе, падпісаным Галюком, пазначаная начальніца аддзела ідэалогіі і па
справах моладзі Ірына Міронычава. Яе
таксама Таццяна Драбышэўская прасіла прыцягнуць у якасці сведкі. Але суд
адмовіў у гэтым хадайніцтве. У судзе прысутнічаў намеснік Міронычавай Дзмітрый Бондараў. Але ён аніводнага
разу не даў аніякіх тлумачэнняў ці заўваг.
Пазіцыю
Мазырскага райвыканкама абараняла начальніца юрыдычнага аддзела Наталля Рэберт. Яна патлумачыла, што
выканкам у 2011 годзе прыняў рашэнне, дзе вызначаныя два сталыя месцы для
масавых мерапрыемстваў у Мазырскім раёне – гэта стадыён «Спартак» у Мазыры і стадыён «Палессе» ў вёсцы Козенкі. Якім чынам гэта
звязана з намерам Таццяны Драбышэўскай правесці пікет на іншым, не забароненым,
месцы, паводле заяўнага прынцыпу, Рэберт патлумачыць не здолела.
«Ну вось, спаслаліся на
гэтае рашэнне ў адказе…», – роспачна казала начальніца
юраддзела выканкама.
Наталля
Рэберт сцвярджала, што пляцоўка каля ПК НПЗ знаходзіцца каля дарогі – бульвара
Юнацтва. А гэтая дарога, маўляў, знаходзіцца на балансе Мазырскага
райжылкамгасу – прадпрыемства, якое забяспечвае жыццядзейнасць насельніцтва.
Адпаведна, на думку Рэберт, бульвар Юнацтва – гэта тэрыторыя Мазырскага
райжылкамгасу і бліжэй за 50 метраў ад яе нельга ладзіць масавыя мерапрыемствы.
Пляцоўка перад Палацам культуры МНПЗ.
У спрэчках Таццяна Драбышэўская
выказала сумнеў, што дарога з’яўляецца тэрыторыяй прадпрыемства Мазырскі
райжылкамгас, бо гэта тэрыторыя агульнага карыстання.
«Яны
там снег чысцяць. Яна ў іх на балансе, разумееце?», – адказала Наталля
Рэберт.
«Але ж не толькі
райжылкамгас там нешта робіць. Напрыклад, ДАІ там дарожны парадак падтрымлівае,
распрацоўвае мерапрыемствы, каб не было дарожных здарэнняў. Дык дарога тады
яшчэ і тэрыторыя ДАІ, атрымліваецца? Гэта ж абсурд!», – адказала Таццяна Драбышэўская.
На гэтую
рэпліку Наталля Рэберт нічога не адказала. А наконт таго, што ў адказе
няправільна быў пазначаны парадак абскарджвання адмовы ў заяве на правядзенне
масавага мерапрыемства начальніца юрыдычнага аддзела райвыканкама адказала
наступнае:
«Парадак абскарджвання
гэтай адмовы быў са спасылкай на закон аб зваротах грамадзян, паколькі паступіў
зварот ад фізічнай асобы, і была заведзена картка як зварот грамадзяніна. Ён
быў разгледжаны аддзелам і адпаведна адпраўлена са спасылкай аб парадку
абскарджвання ў вышэйстаячую арганізацыю».
Якое
дачыненне закон аб зваротах грамадзян мае да разгляду заявы аб правядзенні
масавага мерапрыемства, нават з улікам таго, што гэтая заява паступіла ад
фізічнай асобы, што закон аб масавых мерапрыемствах наўпрост прадугледжвае,
начальніца юрыдычнага аддзелу выканкама не патлумачыла.
«Я не вельмі разумею
вашу пазіцыю». Размова суддзі з
чыноўніцай
Пасля
спрэчак бакоў суддзя Дзмітрый Мазай вырашыў усё ж удакладніць у прадстаўніцы
выканкама яе пазіцыю наконт таго, на падставе чаго Таццяне Драбышэўскай было
адмоўлена ў правядзенні пікета. Паміж суддзём і прадстаўніцай выканкама адбыўся
такі дыялог:
Мазай: «Дык адмоўлена заяўніцы
ў сувязі з чым?»
Рэберт: «У сувязі з тым, што
выканкамам канкрэтна вызначаныя месцы. Мы канрэтна іх указалі. Правядзення
масавых мерапрыемстваў. А дадзенае, заяўленае, месца, яно не ўтрымліваецца ў прынятым
выканкамам рашэнні».
Мазай: «Дык вось заяўнік указвае, што іншыя месцы, я вас спытаў, вы кажаце – не
забароненыя. Правядзенне. Вы самі тлумачыце адну акалічнасць, зараз гаворыце
пра іншыя акалічнасці. Мерапрыемствы можна праводзіць толькі
ў гэтых двух месцах, я правільна разумею, якія вызначаныя?»
Рэберт: «Не, ну, на гэтыя месцы
таксама заяўляюцца».
Мазай: «Ці ёсць забарона на тое месца, якое ўказаў заяўнік?»
Рэберт: «Не, забароны няма».
Мазай: «У сувязі з чым адмовілі?»
Рэберт: «Адмовілі… Ну адмовілі ў сувязі з тым, што ўвогуле… Прынята рашэнне, дзе
ёсць канкрэтныя месцы, і гэтага месца няма. Рашэнне аб… э-э-э…».
Мазай: «Вы толькі што самі сабе супярэчыце. Вы кажаце, што ў іншых месцах таксама
можна, а цяпер кажаце, што толькі ў гэтых двух месцах можна праводзіць масавыя
мерапрыемствы».
Рэберт: «У іншых месцах можна, калі не патрапляюць пад крытэрыі артыкула 9
закона аб масавых мерапрыемствах».
Мазай: «Дык я вось разумею. У дадзеным выпадку адмова звязаная з чым?»
Рэберт: «Ну з тым, што… Э-э-э… Што ў Мазыры і Мазырскім раёне вызначаныя месцы
нашым рашэннем. Дадзенае месца, яно гэтым рашэннем не прадугледжана».
Мазай: «Ну вось Вы… Я, напэўна, не вельмі разумею пазіцыю Вашу. Вы гаворыце пра
тое, што ёсць два месцы, дзе можна праводзіць. У іншых месцах, вы кажаце: не,
не забаронена. Дык а чаму тут не дазволіць? Таму што ёсць два іншыя месцы. Неяк
пазіцыя не дужа зразумелая. Толькі ў гэтых двух месцах можна, вызначаных,
праводзіць, ці, усё ж, у іншых таксама магчыма?»
Рэберт: «Ну ў іншых магчыма, але канкрэтнае месца, яно не трапляе, паколькі ёсць
забарона паводле артыкула 9. Але ў адказе яе не ўказалі».
Мазай: «Ясна…»
_________________________________________
Чытайце таксама:
__________________________________________
Доказаў, што бульвар – гэта тэрыторыя жылкамгасу,
няма
Пасля агалошвання пісьмовых матэрыялаў
справы Таццяна Драбышэўская звярнула ўвагу на тое, што ў парушэнне
патрабаванняў артыкула 2 закона аб масавых мерапрыемствах, у адказе ёй не было
ўказана законных матываў адмовы ў правядзенні пікета. Акрамя таго, яна
спаслалася на пастанову Пленума Вярхоўнага Суда № 11 ад 24 снежня 2009 года,
дзе гаворыцца, што цяжар даказвання законнасці здзейсненнага дзяржорганам дзеяння
альбо бяздзеяння закон ускладае на дзяржаўныя органы, якія абавязаныя
прадставіць суду матэрыялы, якія паслужылі падставай для адпаведнага дзеяння ці
бяздзеяння.
«Прадстаўніца
выканкама паведаміла пра тое, што мне было адмоўлена ў тым ліку і ў сувязі з
тым, што месца правядзення пікету, заяўленае мной, знаходзіцца на адлегласці
менш за 50 метраў ад тэрыторыі арганізацыі, якая забяспечвае жыццядзейнасць
насельніцтва. Але прадстаўніком выканкама не прадстаўленыя дакументы, якія
могуць абвяргаць маё меркаванне, што дарога не з’яўляецца тэрыторыяй мазырскага
райжылкамгаса. Прадстаўнік выканкама толькі спасылалася на свае перакананні,
што гэтая дарога з’яўляецца тэрыторыяй райжылкамгасу, што я не лічу дастатковымі
доказамі для прыняцця іх», - удакладніла Таццяна Драбышэўская.
Адмоўлена, бо нешта не адпавядае патрабаванням
Сваё рашэнне па справе суддзя Дзмітрый
Мазай абвясціў толькі на наступны дзень. Ён адмовіў у задавальненні скаргі. У
абгрунтаванне адмовы ён зачытаў такую фразу:
«Такое
рашэнне прынятае ў сувязі з тым, што ў судовым паседжанні высветлена, што
заяўнікам, пры падачы заявы і выбары месца, на якое прасіўся дазвол на
правядзенне масавага мерапрыемства, не адпавядае патрабаванням закона
Рэспублікі Беларусь аб масавых мерапрыемствах, а таксама рашэнню, прынятаму
Мазырскім райвыканкамам».
Таццяна Драбышэўская мае намер пасля
атрымання матывацыйнай часткі абскардзіць рашэнне суда Мазырскага раёна.
«Я
лічу, што прадстаўнік выканкама ў судзе сама прызналася, што няма рашэння
выканкама, у адпаведнасці з якім мне маглі адмовіць у правядзенні масавага
мерапрыемства паводле заяўнага прынцыпу. Менавіта таму я лічу рашэнне суда
незаконным», – гаворыць Таццяна Драбышэўская.