Мірныя сходы. За несанкцыянаваныя ўлады караюць, а заяўленыя не санкцыянуюць
Палеская Вясна
17.03.2021
>
Мазырскі
райвыканкам адмовіў жыхарам горада ў правядзенні пікетаў у красавіку і траўні.
Усе ўжо прызвычаіліся, што ў Беларусі ледзьве не штодзень
кагосьці караюць за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення так званых
масавых мерапрыемстваў. Прычым, карнікі лічаць масавымі мерапрыемствамі нават
фіранку ў белых і чырвоных колерах на балконе альбо раскрыты парасон такой
расфарбоўкі ў дождж. Пры гэтым, часцяком самі супрацоўнікі карных органаў
тлумачаць, што не варта парушаць закон, а трэба звярнуцца да мясцовай улады і
атрымаць санкцыю на правядзенне такога мерапрыемства.
Менавіта так і зрабіла жыхарка Мазыра Лілія Малыга. Яна папрасіла ў мясцовага
райвыканкама дазволу на правядзенне пікетаў у цэнтры горада каля крамы «Белкніга» кожную нядзелю
ў красавіку і траўні, каб мець легальную магчымасць выказваць свае меркаванні
пра сітуацыю ў краіне. Сваю заяву яна аформіла ў поўнай адпаведнасці з
патрабаваннямі закона аб масавых мерапрыемствах.
Але Мазырскі райвыканкам у асобе намесніка ягонага
старшыні Фелікса Галюка чакана адмовіў
у заяўцы на ўсе даты. Пры гэтым нейкіх прымальных абгрунтаванняў не прывёў.
Спаслаўся на сваё рашэнне ад 2011 года, якім ён вызначаў месцы для правядзення
масавых мерапрыемстваў у паведамляльным парадку. Іх на ўвесь Мазырскі раён
вызначана аж два. І абодва – на стадыёнах: у самім Мазыры гэта стары стадыён «Спартак» і ў прыгараднай вёсцы
Козенкі таксама тамтэйшы стадыён. Праўда месцы гэтыя схаваныя ад людскіх плыняў
і наўрад ці нейкія меркаванні, якія там выказваліся б, нехта пачуў.
Малыга не спрабавала заявіць пра мерапрыемства ў паведамляльным парадку, а
прасіла дазволу на мерапрыемства там, дзе яна лічыць больш мэтазгодным.
Выканкам жа, не знайшоўшы нейкіх зачэпак у заяўцы, адмовіў прыплёўшы ў адказе
тое, што заяўленае месца не належыць да вызначаных для мерапрыемстваў, што
ладзяцца ў паведамлльным парадку.
Такім чынам Мазырскі райвыканкам пазбавіў заяўніцу гарантаванага
Канстытуцыяй, Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека і Міжнародным пактам аб
грамадянскіх і палітычных правах права на выказванне свайго меркавання праз
пікетаванне. Калі ж яна парушыць адмову выканкама і сваё меркаванне выкажа,
паводле новага Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях яе чакае да 200
базавых вялічыняў штрафу (гэта на цяперашнія грошы 5 800 рублёў альбо
больш за 1 900 еўра), адміністрацыйны арышт альбо грамадскія працы.