Жанчына дамаглася пакарання чыноўніцы Мазырскага райжылкамгасу за адмову скласці ўгоду на прыбіранне тэрыторыі пасля пікету

Палеская Вясна 03.06.2021

Камунальная арганізацыя адмовілася складаць дамову на прыбіранне тэрыторыі пасля так званага масавага мерапрыемства, спаслыўшыся на адсутнасць дазволу на яго ад мясцовага райвыканкаму, як рабіла гэта і шмат гадоў раней. Выканкам жа без складзеных дамоваў можа не дазволіць мерапрыемства, спаслаўшыся менавіта на гэтую акалічнасць.

Таццяна ДРАБЫШЭЎСКАЯ.

Замкнёнае кола, здаецца, прабіла мазыранка Таццяна Драбышэўская. У сакавіку яна атрымала з Мазырскага райжылкамгасу адказ на свой зварот аб складанні ўгоды пра прыбіранне за подпісам генеральнага дырэктара Пятра Хамутоўскага. Ён паведаміў, што разгледзіць пытанне аб складанні дамовы аб забеспячэнні прыбірання тэрыторыі пасля атрымання дазволу Мазырскага райвыканкаму на правядзенне сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі альбо пікетавання.


Гэты адмоўны адказ яна абскардзіла ў аб’яднанні «Жыллёва-камунальная гаспадарка Гомельскай вобласці». Таццяна Драбышэўская спаслалася на пункт 2 Палажэння аб парадку аплаты паслугаў у ахове грамадскага парадку, якія аказваюцца органамі ўнутраных справаў, выдаткаў, звязаных з медычным абслугоўваннем, прыбіраннем тэрыторыі пасля масавага мерапрыемства, якое ў 2019 годзе зацвердзіў Савет Міністраў. У гэтым Палажэнні дакладна вызначана, што заява на правядзенне масавага мерапрыемства падаецца ў мясцовыя органы ўлады пасля складання дамоваў на ахову парадка, медычнае абслугоўванне і прыбіранне тэрыторыі. Істотнаю ўмоваю гэтых дамоваў мусіць быць тое, што яны набываюць моц пасля атрымання дазволу органа ўлады на мерапрыемства.

Днямі Драбышэўская атрымала адказ з абласнога аб’яднання ЖКГ. Там намеснік яшчэ аднаго генеральнага дырэктара Ігар Ярмольчык ёй паведаміў, што яна мае рацыю, і камунальнікі знайшлі вінаватую ў тым, што ёй у парушэнне заканадаўства адмовілі ў складанні  дамовы. Да дысцыплінарнай адказнасці ў выглядзе заўвагі прыцягнулі вядучага юрысконсульта Мазырскага райвыканкама Н. Газізаву.

Такім чынам, можна спадзявацца, што надалей медыкі, міліцыянты і камунальнікі ў Мазыры ды іншых гарадах будуць выконваць прыдуманыя гэтымі ж уладамі палажэнні і законы і не ставіць умоваю складання дамоваў, без якіх выканкам не дае дазволу на правядзенне масавых мерапрыемстваў, атрыманне гэтага самага дазволу. Хаця, выканкам і з дамовамі такіх дазволаў на непраўладныя мерапрыемствы ўжо шмат гадоў не даваў.

Сусветнае права аб правах чалавека не адносіць адзіночнае пікетаванне да масавых мерапрыемстваў ці мірных сходаў. Адзіночнае пікетаванне ў дэмакратычных грамадствах разглядаецца як спосаб выказвання меркавання і не патрабуе аніякіх дазволаў ад уладаў. Цяперашнія ж беларускія ўлады кваліфікуюць любое публічнае выказванне меркавання як пікетаванне, якое, у сваю чаргу, адносяць да масавых мерапрыемстваў. А вось масавыя мерапрыемствы, паводле ўведзеных беларускім рэжымам законаў, не могуць праводзіцца без дазволу органаў улады. Акрамя таго, дзеючы ў краіне цяпер закон стварае максімальную колькасць перашкод для ажыццяўлення грамадзянамі сваіх правоў на мірныя сходы і выказванне меркавання. Адна з істотных умоваў, якую амаль немагчыма выканаць – гэта абавязковыя складанне дамоваў і аплата быццам бы паслугаў у ахове парадку міліцыяй, медычнаму абслугоўванню хуткай дапамогай, прыборцы тэрыторыі пасля мірнага сходу камунальнай арганізацыяй.