Прадпрымальнік з Рэчыцы Дзяніс Шылянок вымушана з’ехаў з Беларусі
Андрусь ГАЁВЫ
15.08.2021
З 8 жніўня
рэчыцкія карнікі абвясцілі сапраўднае паляванне на прадпрымальніка. Але яму
ўдалося з’ехаць ад магчымага крымінальнага пераследу.
7 жніўня на ахоўваемай стаянцы, якая належыць Дзянісу Шылянку, адбыўся ператрус. У якасці
афіцыйнай нагоды для ператрусу рэчыцкія міліцыянты прад’явілі пастанову ў
справе аб нейкім крадзяжы дызпаліва ў аднаго з прадпрыемстваў Рэчыцкага раёну.
Ні Дзяніс, ні іншыя работнкі ягонай фірмы не ўяўлялі якое дачыненне Шылянок і
ягоная стаянка маюць да крадзяжу саляркі. Тым не менш, падчас ператрусу рэчамі,
якія нібыта маюць дачыненне да справы аб крадзяжу саляркі, міліцыянты прызналі кубкі
ў колерах нацыянальнага сцяга і самі нацыянальныя сцягі. Менавіта іх забралі са
стаянкі. Прычым зроблена гэта было шляхам несанкцыянаванага ўзлому аўтамабіля,
запаркаванага на стаянцы. А 8 жніўня на станку прыехаў амаль увесь кіруючы
склад Рэчыцкага РАУС.
«Калі ўся гэтая дэлегацыя прыехала на
стаянку, я займаўся справамі прадпрыемства на тэрыторыі. Мяне паклікалі да вартавога памяшкання. Я
выйшаў з-за прыпаркаваных машынаў і ўбачыў каля варты начальніка аддзялення
аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Дзяніса
Калганава, старшага участковага Вадзіма
Шурмеля, участковага Мікіту Блінава і яшчэ некалькі міліцыянтаў. Я зразумеў,
што нічога добрага гэта не прадвяшчае. Мне ўжо некалькі разоў намякалі, што
супраць мяне загадана сфабрыкаваць нейкую крымінальную справу. У лічаныя
імгненні я прыняў рашэнне ўцякаць. Я перайшоў недабудаваны будынак на ўскрайку
стаянкі і праз суседнія ўчасткі ўцёк. Пазней спрабаваў звязацца з жонкай
Алінай. Аказалася, што яе затрымалі проста сярод горада, калі яна ехала на
нашай машыне па справах. Мне патэлефанавала наша агульная знаёмая. Яна паведаміла,
што бачыла, як машыну Аліны атачылі дзве машыны міліцыі. Яе разам з маім двухгадовым
сынам выцяглі з машыны і завезлі ў РАУС», – распавядае Дзяніс
Шылянок.
У Рэчыцкім РАУС цяжарную жонку прадпрымальніка Аліну апытвалі некалькі
гадзін. У апытанні ўдзельнічалі старшы ўчастковы інспектар Вадзім Шурмель, начальнік
ААПП Дзяніс Калганаў, намеснік начальніка РАУС Аляксей Макавей і асабіста начальнік РАУС Міхаіл Прывалаў. Аліну запужвалі, што пазбавяць бацькоўскіх правоў,
калі яна не патэлефануе Дзянісу і не даведаецца дзе ён.
«Аліна казала, што цяжарная, што хоча
есці і піць, што ёй трэба прымаць лекі. Плакала. Але Калганаў сказаў, што яна
будзе ў іх столькі, колькі патрэбна, каб знайсці мяне. А наконт ежы Калганаў
прапанаваў ёй нейкую сваю ссабойку. Сын Глеб плакаў і капрызнічаў, замінаў
весці апытанне. Міліцыянты патрабавалі, каб Аліна яго супакоіла, інакш, яны
выклічуць службу апекі і Глеба адразу завязуць у прытулак. Але ў выніку сына
завезлі пад канвоем да цешчы і перадалі ёй», – кажа Дзяніс Шылянок.
Паводле словаў Аліны, яе апытвалі каля шасці гадзін. Калі яна запатрабавала
прад’явіць ёй дакументы на падставе якіх яна затрыманая і адбываецца яе
апытанне, яны сказалі, што яна не затрыманая, пытанняў асабіста да яе няма, яны
проста гутараць на добраахвотных пачатках.
«Калганаў сказаў ёй, што, калі я не
спыню “займацца лухтой” – ставіць машыны з гербам Рэчыцы на гарадскіх вуліцах,
вешаць сцяг з нашай рэчыцкай Пагоняй на стаянцы, пісаць скаргі за незаконна
сагнаныя міліцыянтамі мае машыны і іншыя незаконныя дзеянні міліцыянтаў, яны
мяне пасадзяць і сям’і жыцця не дадуць», – перадае аповяды жонкі Дзяніс
Шылянок.
Раней Дзяніса Шылянка спрабавалі абвінаваціць у распаўсюдзе наркотыкаў.
Пазней адзін са знаёмых з Дзянісам супрацоўнік РАУС, каб спыніць ягоную цалкам
законную пратэстную актыўнасць, нібыта пад сакрэтам паведаміў яму, што «зверху»
дадзеная каманда прыдумаць за што зняволіць Шылянка на працяглы тэрмін.
Некалькі месяцаў ягонае прадпрыемства правяралі супрацоўнікі Дэпартамента
фінансавых расследаванняў, але нічога супрацьзаконнага не знайшлі. Прычым,
большую частку гэтай праверкі сам Дзяніс знаходзіўся ў зняволенні ў
Гомелі паводле сфабрыкаванага абвінавачвання ў адміністрацыным правапарушэнні.
Ужо зраніцы 9 жніўня Дзяніс Шылянок перацяў мяжу Беларусі. Але рэчыцкія
міліцыянты яшчэ некалькі дзён пільнавалі яго каля стаянкі, з двух бакоў ягонага
дому, каля месцаў жыхарства ягоных родзічаў. І да апошняга часу яны прыходзяць
нават да дальніх родзічаў і сяброў з колу зносінаў Шылянка, апытваюць іх,
шукаючы Дзяніса. У адной сям’і падчас візіту дома знаходзілася толькі
малалетняя дачка, якую і апытвалі карнікі, ці не з’яўляўся ў іх доме «такі
дзядзька», паказваючы фотаздымкі Дзяніса. 15 жніўня з Беларусі з’ехала і Аліна
разам з Глебам. Зараз сям’я аб’ядналася і знаходзіцца ў бяспечным месцы.
«Сітуацыя, якая адбылася са мной і з
маёй сям’ёй, як нельга лепш ілюструе маральныя якасці супрацоўнікаў Рэчыцкага
РАУС. Са многімі з іх я знаёмы асабіста. Відавочна, што парушэнняў нават
лукашысцкіх законаў я не здзяйсняў, не кажучы ўжо пра міжнародна прызнаныя
падыходы да правоў чалавека на ўласнае меркаванне і свабоду яго выказвання. Ім
нехта аддаў загад на палітычна матываваны пераслед мяне толькі за тое, што я не
згодны з дзеяннямі ўлады, якую яны абслугоўваюць. І яны, нягледзячы на ўсе
законы і юрыдычныя неадпаведнасці, кінуліся з зайздросным імпэтам гэты
незаконны загад выконваць. Гэта проста бесхрыбетныя істоты, якія не маюць
уласнае годнасці, якія не служаць, а прыслужваюць сваім гаспадарам з
нелігітымнай кодлы, якая трымае цяпер уладу ў нашай краіне, і гатовыя за тыя
грошы і іншыя выгоды, якія ім гэтая ўлада дае, рабіць самую пачварную працу,
запужваючы і знявольваючы людзей проста за меркаванне, якое не падабаецца іхнім
гаспадарам», – эмацыйна каментуе сваю сітуацыю Дзяніс Шылянок.
«Я не збіраўся з’язджаць з Радзімы. У
мяне там застаўся дастаткова паспяховы бізнес, сям’я, кватэра і дом, у якія я
ўклаў нямала сілаў і сродкаў. І гэтыя прыспешнікі дыктатара сёння забралі ўсё
гэта ў нашай сям’і, разбурышы ўсё нашае жыццё. Мне давялося з’язджаць і звозіць
маю сям’ю, бо на волі, хай і за межамі Беларусі, я змагу зрабіць больш, чым у
беларускай турме. Але ўлада зменіцца. А вось куды будуць хаваць вочы ад
землякоў гэтыя калганавы і макавеі з прывалавымі – хай яны думаюць. Іхнія
папярэднікі, якія ў 1940-я абслугоўвалі варожую нашаму народу ўладу, у якой
таксама было шмат сілы, таксама былі ўпэўненыя, што гаспадараць на нашай зямлі
надоўга. А потым баяліся паказацца ў родных гарадах і вёсках!», - кажа
Дзяніс Шылянок свае меркаванні пра тых, хто змусіў яго ў ХХІ стагоддзі з’язджаць
з Радзімы ў палітычную эміграцыю.