Падазроны герб. Прадпрымальнік з Рэчыцы распавёў, як і за што атрымаў 25 сутак арышту
Андрусь ГАЁВЫ
29.06.2021
Падазрэнні «ціхароў», якія патрулявалі
парк, выклікала майка з афіцыйным гербам горада Рэчыцы.
Затрыманне за майку
Вядомага ў
Рэчыцы прадпрымальніка Дзяніса Шылянка
затрымалі раніцай 27 траўня ў цэнтральным парку Гомеля. У абласны цэнтр Дзяніс
прыехаў па справах разам з сябрамі. Пакуль сябры пайшлі ў адну з установаў, ён
чакаючы іх, вырашыў прайсціся алеямі цэнтральнага парку. Гэта было блізу 9
гадзін. Недалёка ад уваходу ён заўважыў некалькіх мужчынаў у цывільным адзенні,
за вушамі ў іх былі драты для сувязі. Гэтыя мужчыны пачалі ісці за Дзянісам.
Дзяніс ШЫЛЯНОК.
«Я спрабаваў спакойна
ісці, але бачыў, што яны ідуць за мной. Я спусціўся на Набярэжную. І ўжо там
пад’ехаў УАЗ, выйшлі міліцыянты ў форме і падыйшлі да мяне. Яны спыталі мяне
пра майку, якая была на мне, сказалі, што на ёй палтычная выява. На ёй на
грудзях была выява афіцыйнага герба Рэчыцы (на гербе Рэчыцы – двухканцовая харугва, у цэнтры якой
выява Пагоні – ПВ). Я адказаў, што я з
Рэчыцы, а гэта – герб майго роднага горада, я люблю свой горад. Якія могуць
быць пытанні да такой майкі? Але гэтыя міліцыянты сказалі, што трэба праехаць у
аддзел міліцыі і там разбяруцца»,
– узгадвае Дзяніс Шылянок.
Налепкі на сметніцы
Яго завезлі
ў Цэнтральны РАУС Гомеля. Там правялі асабісты вобшук. У кішэні курткі, якая
была апранутая паверх майкі з гербам Рэчыцы, знайшлі 21 налепку з выявай
вершніка з апушчаным долу мячом на фоне белага і чырвонага колераў. Раптам
высветлілася, што ў парку расклееныя такія налепкі. Участковы інспектар капітан
Арцём Жаўняк ад 11.10 да 11.20
правёў агляд «участка мясцовасці ў парку імя Луначарскага». Там на нейкім прадмеце, паблізу ад Кіеўскага спуска, які ён
спачатку ў пратаколе хацеў назваць неяк інакш, але гэтыя літары закрэсліў, і
напісаў, што «на урне» (на сметніцы), ён убачыў «листовки бело-красно-белого цвета с рисунком коня и надписью
нас не спынить». Колькі тых «листовок» ён убачыў на той «урне», капітан у пратаколе не ўказаў.
Таксама
міліцыянты сфатаграфавалі майку з гербам Рэчыцы і казалі, што цяпер у такіх
майках лепей не хадзіць. Зрабілі заўвагу і за белую кепку, на якой чырвоным
колерам нанесены лагатып брэнду Nike.
«Тыя мужчыны з дроцікамі
ў вушах, казалі, што яны не бачылі, каб я свае налепкі некуды ляпіў. Але гэта
не адыграла ролі. На мяне склалі пратакол, што я нібыта ляпіў тыя налепкі ў
парку і такім чынам рабіў пікетаванне. У той жа дзень адбыўся суд. І, хаця і я
казаў, што наўпроставых доказаў таго, што я размяшчаў недзе нейкія налепкі,
няма, суддзя сказаў, што, калі ў мяне былі такія налепкі, значыць я мог іх там
размяшчаць. Фактычна – абвінавачваанне міліцыянтамі і прызнанне мяне вінаватым
суддзёй было зроблена на дапушчэннях, што забаронена законам. Па-шчырасці,
нават калі б я і ляпіў свае налепкі, дык дакладна не на сметніцы!», – кажа Дзяніс Шылянок.
Судзіў
Дзяніса суддзя суда Цэнтральнага раёну Сяргей
Кармановіч. Ён вынес пастанову аб арышце рэчыцкага прадпрымальніка на 25
сутак. І яго адразу зевезлі ў ізалятар часовага ўтрымання.
Здзек у ізалятары
Пра ўмовы ўтрымання
Дзяніс Шылянок кажа, што яны гэтым разам былі значна горшыя за папярэднія два
разы, што яго знявольвалі паводле палітычнага артыкула 23.34, які цяпер стаў
больш жорсткім і змяніў нумар на 24.23.
«Мяне адразу змясцілі ў
камеру на першы паверх. А я быў у шортах і майцы. Там было сыра і халодна. Былі
жалезныя нары, не было зусім нічога на іх – ні матраса, ні падушкі, ні коўдры.
Уночы даводзілася адціскацца ад падлогі і прысядаць, каб сагрэцца. 30 разоў
прысядзеш – ужо цяплей! Перадачы абмяжоўвалі. Першыя тры дні ўвогуле не
прымалі, а потым сталі браць не больш як па 200 грамаў печыва, 200 грамаў каўбасы
і 200 грамаў сала. Больш нічога не бралі. Кожны дзень пераводзілі з камеры ў
камеру. Усё перасоўванне ў наручніках было. Яны бачылі, што я адціскаюся, дык
потым завялі ў камеру, дзе нават святла не было. Была проста адна дошка, якая
прыкручвалася на дзень і заставалася нешта кшталту зэдліка. Камера маленькая,
паміж туалетам і нарамі – 45 сантыметраў адлегласці. Нават пахадзіць немагчыма,
не тое, каб адціскацца ці прысядаць. Пры гэтым на чытанне літаратуры ці пісьмо
давалі кожны дзень толькі па 30 хвілін. І я пісаў ім скаргі на ўмовы ўтрымання.
Але аніводная так і не разгледжаная, ніводнага адказу не атрымаў. 21 дзень я ў
камерах быў адзін і толькі апошнія 4 дні да мяне падсялілі чалавека. Пасля
вызвалення прасіў у іх кнігу скаргаў каб напісаць скаргу на ўмовы ўтрымання і
абыходжання. А мне адказалі, што ў ІЧУ такой кнігі няма, сказалі: “Едзь у РАУС
і там скардзіся, колькі ўлезе!”», – распавёў Дзяніс Шылянок пра сваё
знаходжанне ў Гомельскім ІЧУ.
Ён лічыць,
што гэтае ягонае затрыманне ў Гомелі – проста суцэльная сваволя сілавікоў. Але
зараз ён апасаецца, што карныя органы могуць падстроіць яшчэ нешта.
«Заўважаць, што чырвоная
нітачка прыляпілася на белую кашулю – напішуць, што публічна выказваў
меркаванні і завядуць крымінальную справу, паводле новых законаў. Але, трэба і
ім разумець, што людзі ўжо змяніліся і перамога народу будзе, магчыма не так
хутка, як здавалася спачатку, але існаваць увесь час у варожасці з уласным
народам у гэтай улады доўга не атрымаецца!», – лічыць Дзяніс Шылянок.