У Рэчыцы адбыўся ператрус на стаянцы прадпрымальніка Дзяніса Шылянка, ягонага брата затрымалі

Палеская Вясна 07.08.2021

Афіцыйнай нагодай для ператрусу стала нейкая справа аб крадзяжы дызпаліва на адным з прадпрыемстваў Рэчыцкага раёну.

Каля 14 гадзіны на ахоўваемую стаянку, якой валодае прадпрымальнік Дзяніс Шылянок, прыйшлі супрацоўнікі адзялення крымінальнага вышуку Рэчыцкага РАУС. Яны прад’явілі пастанову на ператрус у нейкай справе аб крадзяжы дызельнага паліва. Якое дачыненне да гэтага можа мець Шылянок і ягоная стаянка, ён не ўяўляе.


Сілавікі правялі ператрус у вартавым памяшканні стаянкі, а таксама ў транспарце, запаркаваным на ёй. Менавіта падчас прыходу міліцыянтаў Максім Шылянок, родны брат Дзяніса, піў гарбату з кубка ў колерах нацыянальнага сцяга ў вартавым памяшканні. Начальнік аператыўна-вышуковага адзялення аддзелу крымінальнага вышуку Рэчыцкага РАУС Сяргей Кахоўскі невядома з якой мэтай і на якіх падставах зняў гэта на відэа ўласным тэлефонам.

Падчас ператрусу сілавікі ўзламалі чужую машыну, якая была запаркаваная на стаянцы. Не маючы законных падставаў на догляд ці вобшук гэтага транспартанага сродку, карнікі ператрусілі машыну і знайшлі ў ёй некалькі кубкаў у колерах нацыянальнага сцягу, такой жа гамы налепкі, некалькі нацыянальных сцягоў. Усё гэта яны забралі са стаянкі. Таксама каля ўваходу у вартавое памяшканне стаянкі знайшлі біту, якая магла б быць ужытая вартаўніком пры нападзе для абароны. Яе сілавікі таксама забралі як знойдзеную падчас ператрусу.


Пасля сканчэння ператрусу затрымалі на 72 гадзіны Максіма Шылянка, роднага брата прадпрымальніка Дзяніса. У справе аб крадзяжы дызпаліва ён мае статус падазраванага. Нібыта ён быў на запраўцы, калі адбываўся крадзёж і трапіў на відэа з камер відэаназірання. Таксама ў сям’і турбуюцца, што Максіму могуць паставіць у віну правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства з-за таго, што ён піў з бел-чырвона-белага кубка і міліцыянты знялі гэта на відэа. Такім чынам, калі не знойдуць датычнасці Максіма да крадзяжу дызпаліва цягам 72 гадзінаў, міліцыянты могуць спрабаваць працягнуць тэрмін яго зняволення.

Раней прадпрымальнік Дзяніс Шылянок неаднаразова зазнаваў палітычна матываваны пераслед за рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў. Яго спрабавалі абвінаваціць у распаўсюдзе наркотыкаў. Адзін з супрацоўнікаў РАУС, знаёмы з Дзянісам, спрабаваў папярэдзіць яго, што ўладамі дадзеная каманда прыдумаць за што зняволіць Шылянка на працяглы тэрмін.