У Рэчыцы прадпрымальніку Дзянісу Шылянку пагражаюць крымінальнай справай

Палеская Вясна 15.04.2021

>

Падчас апошняга затрымання 24 сакавіка яго спрабавалі абвінаваціць у распаўсюдзе наркотыкаў. Але, нічога не знайшоўшы, зняволілі ў адміністрацыйным парадку нібыта за непадпарадкаванне міліцыянтам.


Дзяніс ШЫЛЯНОК. 

Непасрэдна ўзніклае падазрэнне

Напярэдадні Дня волі 25 сакавіка Дзяніса Шылянка затрымалі проста на гарадской вуліцы. У той дзень адбывалася пахаванне ягонага сябра, які атрымаў траўмы ў аўтакатастрофе і пазней памёр. Пахаванне адбывалася ў недалёкай ад Рэчыцы вёсцы Заспа. Пасля развітання з сябрам Дзяніс, едучы ў горад, заўважыў, што яго пераследуе машына ДАІ.

Ужо ў Рэчыцы даішнікі падалі яму сігнал спыніцца мігалкамі. Ён спыніўся. Прад’явіў супрацоўніку ДПС дакументы. Той загадаў для разбіральніцтва прайсці ў службовы аўтамабіль ДАІ. Дзяніс зачыніў сваю машыну і сеў у міліцэйскую.

Пакуль ішло вывучэнне дакументаў да машыны ДАІ пад’ехаў цывільны аўтамабіль, з якога выскачылі супрацоўнікі аддзелу па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Рэчыцкага РАУС. Яны паведамілі, што затрымліваюць Шылянка ў парадку артыкула 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса паводле непасрэдна ўзніклага падазрэння ў здзяйсненні злачынства. Нібыта да іх паступіа інфармацыя, што Шылянок ўжывае наркотыкі і займаецца іх распаўсюдам. Дзяніса завезлі ў Рэчыцкі РАУС.

Прапанова стаць закладнікам за тры дні да затрымання

21 сакавіка, калі Дзяніс быў у гарадской грамадскай лазні, яму на тэлефон у мэсэджэры Тэлеграм прыйшло даволі дзіўнае паведамленне. З акаунта з жаночым імём і выявай яму прапанавалі працу ў распаўсюдзе наркотыкаў. Калі прыйшло гэтае паведамленне, Дзяніс разам з некалькімі сябрамі і знаёмымі як раз адпачываў у калідорчыку. Ён пачаў уголас чытаць паведамленні якія яму дасылалі з невядомага акаунта. Ён абмяркоўваў прапанову з сябрамі, смяяўся з яе.



«Я, прабачце, на піва за дзень магу болей патраціць, чым яны там мне прапанавалі зарабляць. Знайшлі каму пісаць такую прапанову! Вядома ж, у мяне і ў думках не было чымсьці такім займацца. Я ніколі не быў звязаны з нейкай наркатой, і тым больш не збіраюся звязвацца з ёю цяпер. І чаму такая прапанова, вартая, хіба, нейкага дурненькага малалеткі, прыйшла менавіта мне, прымушае задумацца. Асабліва, цяпер, калі праз лічаныя дні пасля яе мяне раптам хапае наркакантроль і абвінавачвае ў распаўсюдзе наркотыкаў», – гаворыць Дзяніс Шылянок пра сітуацыю.

Ператрусы без заведзенай справы

24 сакавіка пасля затрымання і асведчання на алкаголнае і наркатычнае ап’яненні, якіх не выявілі, яму прад’явілі пастановы на агляд аўтамабіля і ператрус у кватэры, дзе ён жыве з жонкай. Аўтамабіль да таго часу ўжо забраў брат Дзяніса і адагнаў на месца стаянкі. Дзяніс паспеў патэлефанаваць яму пакуль ішоў ад сваёй машыны да машыны ДАІ. Як раз у момант размовы ў яго і выхапілі тэлефон. Калі міліцыянты даведаліся, што машына ўжо не на дарозе, а пад наглядам, яны былі заўважна знерваваныя. Пыталіся, як брат даведаўся. Дзяніс патлумачыў, што ў сёняшніх умовах гатовы да рознага. Яго ўжо не першы раз нечакана хапаюць без дай прычыны, таму родзічы папярэджаныя.

«Але, калі ад мяне запатрабавалі пусціць іх у кватэру на вуліцы Савецкай, я пачаў хвалявацца. У лютым туды ўламіўся АМАП, мяне затрымалі і потым арыштавалі за непадпарадкаванне. Таксама рабілі ператрус у нейкай невядомай крымінальнай справе. І я не быў упэўнены, што пасля таго, як АМАПаўцы мяне адтуль забралі, там недзе за канапай чагосьці такога не з’явілася. Гэтыя незразумелыя наркотыкі, з якімі я ніколі нават і блізка не быў, былі нездарма. Таму я пачаў пратэставаць супраць ператрусу ў гэтай кватэры. Я ў ёй не прапісаны, там зарэгістраваная мая жонка. Я – у іншым адрасе. Таму я адмаўляўся без жонкі адчыняць тую кватэру», – распавёў Шылянок.


Сілавікі каля дома на вуліцы Савецкай у Рэчыцы, дзе жыве Шылянок. 11 лютага 2021 года. 

Тым не менш, ператрус там міліцыянты правялі. Нічога падазронага, як кажа Дзяніс, там яны не знайшлі. Але яго працягвалі ўтрымліваць у міліцыі. Пры гэтым нейкі час ён проста сядзеў і аніякія працэсуальныя дзеянні ніхто з ім не выконваў. Ён патрабаваў вызвалення. І раптам яму прыносяць гатовы пратакол паводле артыкула 24.3 КабАП аб непадпарадкаванні патрабаванням службовай асобы. Нібыта за тое, што ён адмаўляўся адчыніць кватэру, уладальнікам якой не з’яўляецца, для ператрусу.

Да пратаколу былі прыкладзеныя рапарты супрацўнікаў аддзелу наркакантроля, у якіх яны абвінавачваюць яго ў тым, што ён у службовым кабінеце штурхаў іх рукамі, хапаў за форменнае адзенне. Дзяніс сцвярджае, што такога не было, бо ён цудоўна ведае, што гэтага не варта рабіць, бо можна атрымаць яшчэ больш цяжкія наступствы.   

Прыдуманае непадпарадкаванне

На наступны дзень 25 сакавіка мусіў быць суд у адміністрацыйнай справе пра непадпарадкаванне. Але суддзя вярнула справу на дапрацоўку, бо ў ёй міліцыянты нарабілі шмат недакладнасцяў. У выніку суд прызначылі за дзве гадзіны да сканчэння часу працы суда ў пятніцу 26 сакавіка проста ў памяшканні РАУС. Шылянок запатрабваў прысутнасці на судзе свайго адваката, з якім у яго заключаная дамова. Па адвакатку адправілі міліцэйскую машыну. Але суддзя Марыя Кацуба, якая мелася разглядаць справу, не дала магчымасці дастатковы час пастасавацца Дзянісу Шылянку з адвакаткай, абмежаваўшы час іх размовы дваццаццю хвілінамі.

Падчас суда ў якасці сведкаў былі апытаныя двое міліцыянтаў, якія бралі ўдзел у затрыманні Шылянка і якім ён нібыта не падпарадкоўваўся ў службовым кабінеце. Дзяніс задаў ім абодвум па некалькі пытанняў аб дэталях таго, што адбылося. І іхнія тлумачэнні істотна адрозніваліся. Шылянок звярнуў на гэта ўвагу суддзі і запатрабаваў унесці ў пратакол. Бо гэта пацвярджала, што іхнія рапарты сфальсіфікаваныя і не адпавядаюць рэчаіснасці. Тым не менш, суддзя Марыя Кацуба прызнала Шылянка вінаватым у непадпарадкаванні і прысудзіла арышт на 15 сутак. У пастанове яна напісала, што няма падставаў не верыць рапартам міліцыянтаў.

Дзяніс Шылянок абскардзіў пастанову суддзі Кацубы ў Гомельскі абласны суд. 14 красавіка аблсуд адмовіў яму ў задавальненні скаргі і пакінуў пастанову Кацубы ў сіле.

Шылянок кажа, што ім шчыльна цікавіцца падатковая інспекцыя. Нягледзячы на сваё зняволенне як раз у апошнія дні падачы дэкларацыі аб падатках за 2020 год, ён арганізаваў падачу гэтай дэкларацыі. Але непасрэдна ў ІЧУ да яго прыходзілі падатковыя інспектары. Ён адмовіўся з ім размаўляць у месцы адбывання адміністрацыйнага арышту і сказаў, што ўсе пытанні будзе вырашаць пасля вызвалення. Падаткавікі выкрылі перавышэнне ягоных выдаткаў над прыбыткамі за апошнія 10 гадоў. Але на ўсю суму несупадзення, якую яму прад’явілі, Дзяніс прадставіў у падатковую тлумачэнні – гэта былі падарункі ад блізкіх родзічаў, у тым ліку на вяселле.


«Ужо, калі я вызваліўся з ІЧУ пасля гэтых 15 сутак, да мяне пад’ехаў знаёмы супрацоўнік РАУС. У мяне шмат там знаёмых, бо ў нашым горадзе многія адзін аднаго ведаюць. І гэты чалавек паведаміў мне, што міліцыя мае задачу зрабіць на мяне нейкую крымінальную справу і “закрыць” мяне па-сур’ёзнаму і надоўга. Прычым, як сказаў гэты чалавек, гэта нават не ініцыятыва Прывалава (начальнік Рэчыцкага РАУС Міхаіл Прывалаў – ПВ), а яму самому гэтую задачу паставілі аднекуль “зверху”. Нейкая невядомая справа з інтэрнэт-суполкамі, у межах якой адбываўся ператрус з падтрымкай АМАПу ў лютым, спроба абвінаваціць мяне ў распаўсюдзе наркотыкаў у сакавіку не далі плёну. Цікава, што яны цяпер прыдумаюць?», – гаворыць Дзяніс Шылянок.