У Рэчыцы міліцыянты ламаюць дзверы ў кватэру прадпрымальніка і актывіста Дзяніса Шылянка (дапоўнена)

Палеская Вясна 11.02.2021

>>

Ад самай раніцы пад домам, у якім жыве прадпрымальнік, знаходзіліся міліцыянты. Пра гэта Палескай Вясне паведаміў сам Дзяніс.

Міліцыянты патрабавалі ўпусціць іх у кватэру Дзяніса Шылянка і пагражалі, што будуць рэзаць дзверы. Пры гэтым нейкіх уцямных падставаў для пранікнення ў жытло не прад’яўлялі.


Прыкладна а 9.40 да дома пад’ехаў белы бус з таніраванымі шыбамі. З яго выходзілі, імаверна, супрацоўнікі АМАПу ў масках. Яшчэ праз 5 хвілін да дома пад’ехаў шэры Hyundai з нумарам 3798 ІА 3. З яго выйшла жанчына ў міліцэйскім адзенні з нейкімі паперамі і пайшла ў размешчанае побач домакіраўніцтва.



А 9.50 пачалі ламаць дзверы ў кватэру Шылянка. Пазней пад домам таксама з’явіліся супрацоўнікі медычнай службы ў ахоўных супрацькавідных адзеннях.

Паводле непацверджанай інфармацыі Дзяніса Шылянка забралі з дому супрацоўнікі міліцыі. Прынамсі, з таго часу, як ён адключыў сувязь, калі яму пачалі ламаць дзверы ў кватэру, сувязь з ім адсутнічае. 


Дзяніс Шылянок – вядомы ў Рэчыцы прадпрымальнік, уладальнік ахоўваемай стаянкі, службы таксі і грузавога аўтаэвакуатара. Пасля сфальсіфікаваных выбараў у жніўні 2020 года ён удзельнічаў у некалькіх пратэстных акцыях у Рэчыцы, за што адседзеў два адміністрацыйныя арышты. У горадзе часта можна заўважыць аўтамабілі, якія яму належаць, з гербам Рэчыцы (Пагоняй на малінавай харугве) і беларускім нацыянальным сцягам. За гэта мясцовыя міліцыянты склалі на яго некалькі пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні, нібыта за пікетаванне, але ні па адным матэрыяле суды пакуль так і не адбыліся.