Пікет у кабіне машыны. У Рэчыцы на прадпрымальніка склалі пратакол за нацыянальны сцяг у кабіне грузавіка
Палеская Вясна
14.12.2020
>>
Нянавісць
прадстаўнікоў дзеючай улады да нацыянальных сімвалаў набывае ўсё больш
неімаверныя формы.
25 лістапада аўтаэвакуатар прадпрымальніка Дзяніса Шылянка стаяў на паркоўцы каля
гіпермаркету. Гаспадара ў ім не было. У кабіне машыны быў бачны беларускі
нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.
Раней Дзяніс Шылянок браў удзел у мірных сходах, дзе
выказваў свае меркаванні. За ажыццяўленне гэтага гарантаванага грамадзянам
права ўлады двойчы арыштоўвалі Дзяніса і трымалі ў вязніцы. Таксама на яго
складалі пратакол за тое, што ехаў гарадской вуліцай з нацыянальным сцягам на
ровары.
10 снежня участковы інспектар міліцыі, маёр Віталь Скрыпчанка склаў на Дзяніса Шылянка
чарговы пратакол паводле часткі 3 «народнага» артыкула 23.34. У ім міліцыянт сцвярджае, што
Дзяніс Шылянок «наўмысна правёў
адзіночны пікет без адпаведнага дазволу Рэчыцкага райвыканкама, не звязаны з
выбарчай кампаніяй, чым парушыў артыкул 10 Закона РБ № 114-З ад 30.12.97» (закон «Аб масавых
мерапрыемствах»).
Прычым, зрабіў гэта Дзяніс Шылянок, паводле сцвярджэння Віталя Скрыпчанкі,
наступным чынам: «25.11.2020 у 11.57 у г.
Рэчыца па вуліцы Пралетарская, 118 на аўтастаянцы крамы “Еўраопт”, для публічнай
дэманстрацыі вывесіў у кабіне а/м “Мерседэс-Бэнц” на агульны агляд не зарэгістраваны
ў адпаведнасці з укладаннямі закона РБ ад 26.05.2012 “Аб афіцыйных геральдычных
сімвалах”, бел-чырвона-белы сцяг у цэнтры якога размешчаны герб “Пагоня”».
Дата суда паводле гэтай адміністрацыйнай справы пакуль невядомая.
Дзяніс Шылянок артымаў таксама позву ў РАУС на 15 снежня. Ён мяркуе, што
там на яго складуць яшчэ адзін пратакол за падобны «пікет» і, магчыма,
затрымаюць.