Масавыя затрыманні футбольных заўзятараў у Мазыры. Што вядома на гэты час
Палеская Вясна
06.05.2021
>>
Пра 11 затрыманых у Мазыры 5 траўня
паведамла прэсавая служба МУС. Паводле версіі сілавікоў, 10 хлопцаў, якіх
затрымалі 4 траўня з дапамогай ГУБАЗіКу і САХР, бралі ўдзел у масавых
беспарадках у жніўні 2020 года і з’яўляюцца ўдзельнікамі «каляфутбольнай групоўкі праварадыкальнай накіраванасці». Яшчэ адзін 54-гадовы затрыманы ў кола футбольных фанатаў не ўваходзіў.
Прэсавая
служба ГУУС Гомельскага аблвыканкаму ў сваім відэа заявіла, што затрыманыя 11
жніўня мінулага году выкарыстоўвалі супраць міліцыянтаў газавыя балончыкі,
кідалі ў іх камяні.
Палеская
Вясна паразмаўляла ў Мазыры з сябрам большасці затрыманых. Ён пацвердзіў, што
хлопцы і сапраўды заўзелі за мясцовы футбольны клуб «Славія», але не ведае з
іхняга боку ніякіх праяваў правага радыкалізму. На шматтысячных шэсцях, якія
адбываліся ў Мазыры пасля 14 жніўня і ў верасні мінулага году, іх не было
заўважна. Магчыма яны ўдзельнічалі ў мірных сходах, якія вечарамі адбываліся ў
раённым цэнтры ў першыя дні пасля выбараў.
9, 10, 11, 12 і 13 жніўня ў Мазыры
штовечар збіраліся людзі спачатку на плошчы Леніна ў цэнтры горада, а потым у
густанаселеным раёне на бульвары Юнацтва. Спачатку яны спрабавалі дамагчыся
агалошвання сапраўдных вынікаў выбараў па кожным участку. Пры гэтым яны не
рабілі анічога, што магло б зрабіць іхнія сходы не мірнымі – не псавалі
маёмасць і транспарт, не рабілі агрэсіўных выпадаў у бок мінакоў альбо
прадстаўнікоў сілавых структураў, якія штовечар таксама былі на месцах збору.
Больш таго, 10 жніўня, калі міліцыянты і вайскоўцы ўнутраных войскаў выцеснілі
ўдзельнікаў мірнага сходу з плошчы Леніна на лесвіцу, якая ідзе на прылеглую
гару, людзі адтуль пачалі скандаваць лозунг «Міліцыя з народам!»
Міліцыянты ж разам з вайскоўцамі ўнутраных
войскаў ужылі да ўдзельнікаў мірных выказванняў меркаванняў нематываваны гвалт.
Яны пачалі жорстка затрымліваць і збіваць удзельнікаў мірных сходаў, якія не
супраціўляліся, часта ляжалі на доле, прыкрываючыся ад шматлікіх хаатычных
удараў гумавымі дручкамі і пінкоў нагамі. У інтэрнэт трапілі шматлікія
відэазапісы гэтых гвалтоўных дзеянняў сілавікоў. Пазней высветлілася, што да
тых, каго ім удалося затрымаць, у памяшканнях Мазырскага РАУС ужываліся
страшэнныя катаванні, іх мэтанакіравана збівалі, здзекваліся з іх, прыніжалі
маральна, пагражалі звальненнямі з працы, працяглымі тэрмінамі турэмнага
зняволення.
___________________________________________
Чытайце таксама:
___________________________________________
___________________________________________
Чытайце таксама:
___________________________________________
11, 12 і 13 жніўня ўдзельнікі мірных
сходаў, калі бачылі, што дзеянні сілавікоў робяцца агрэсіўнымі, пачыналі
бараніцца, каб не даць сябе затрымаць. У выніку машыны, на якіх яны ажыццяўлалі
напады на пратэстоўцаў, закідвалі камянямі. Гэта цяпер праваўжывальныя органы
трактуюць як масавыя беспарадкі і гвалт у дачыненні да міліцыі. Раней цягам
васьмі месяцаў ад жніўня мінулага году крымінальных справаў паводле факту
масавых беспарадкаў у Мазыры не заводзілася.
Увосень за тое, што 11 жніўня 2020
году кінулі камяні ў бок аўтамабіля ўнутраных войскаў у Мазыры асудзілі дваіх
непаўнагадовых хлопцаў Юрыя Мельчанку
і Сяргея Лягуна. Іх прызналі
вінаватымі ва ўдзеле не ў масавых беспарадках, а ў групавых дзеяннях, якія
груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з непадпарадкаваннем
патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных справаў.
Затрыманне маладзёна ў Мазыры 4 траўня 2021 года. Скрын-шот з відэа МУС.
Як паведаміў Палескай Вясне сябар
некалькіх затрыманых, іх затрымлівалі людзі ў цывільным адзенні альбо ў нейкай
форме без апазнавальных знакаў, у масках на тварах. Пры гэтым яны не
прадстаўляліся, не называлі сваіх пасадаў, званняў і прозвішчаў, не паведамлялі прычынаў альбо падставаў для затрымання і не прапанавалі дабраахвотна з імі прайсці. Наадварот,
яны без папярэджання ўжывалі фізічную сілу, валілі людзей на зямлю, заламлівалі рукі, прыціскалі
да зямлі галовы. Гэта бачна нават на выкладзеных МУС відэа.
Затрыманне маладзёна ў Мазыры 4 траўня 2021 года. Скрын-шот з відэа МУС.
Суразмоўца Палескай Вясны паведаміў, што першым затрыманым, пра якога яму стала
вядома. Быў Данііл Скіпальскі. Ён
выйшаў з пад’езду, каб ісці на працу і адразу ж быў жорстка затрыманы. Менавіта
ён фігуруе ў двух эпізодах на відэа МУС. Прычым, затрыманы ён быў у адзенні. Паведамляе
пра ўдзел у жнівеньскіх пратэстах у машыне і каля нейкіх драўляных дзвярэй
таксама ў адзенні. Але на фотакалажы, выкладзеным тэлеграм-каналам «ГУБОП», ён
каля тых самых дзвярэй распрануты.
Данііл СКІПАЛЬСКІ пасля затрымання 4 траўня. Скрын-шоты з відэа МУС.
Сябар Данііла, з якім размаўляла
Палеская Вясна, звярнуў увагу, што ягонае маўленне на відэа моцна адрозніваецца
ад ягонай штодзённай размовы – ён заікаецца, кепска выгаворвае некаторыя словы.
Таксама кідаецца ў вочы надрыўны голас іншага затрыманага з МУСаўскага відэа. А
аднаго з затрыманых нават увогуле не змясцілі на калажы, выкладзеным у
ТГ-канале «ГУБОП».
Калаж з тэлеграм-канала gubopRB
У дзень затрымання суседзі, якія сталі
яго сведкамі, пра гэта паведамілі маці Данііла. А праз некаторы час да яе
прыйшлі людзі ў цывільным і прад’явілі нейкую паперу. Яна ад хвалявання не
здолела разабраць сэнс паперы і папрасіла патлумачыць. Ёй паведамілі, што
будуць праводзіць ператрус у кватэры. Сілавікі, абшукваючы памяшканні, пыталі ў
маці пра нейкую зялёную байку. Але такой не знайшлі. Яны агледзелі ноўтбук, але
там таксама не аказалася нічога, што б іх зацікавіла, таму яны яго не забіралі.
З кватэры забралі толькі некалькі налепак з фанацкай сімволікай клуба «Славія»
і выявай герба «Пагоня». Паводле інфармацыі, якую маці Данііла Скіпальскага
ўдалося даведацца ад супрацоўнікаў праваўжывальных органаў, Данііла затрымалі ў
парадку артыкула 108 (паводле непасрэдна ўзніклага падазрэння ў здзяйсненні
злачынства) і затрымалі на 72 гадзіны, а вінавацяць яго папярэдне паводле
артыкулу 342.
Палескай Вясне ўдалося высветліць
імёны яшчэ васьмі затрыманых. Гэта Вадзім
Свінцецкі, Сяргей Гадыеў, Аляксандр Сузько, Мікіта Бандарэнка, Віталь Мелех,
Эдгард Максіменка, Павел Дворак, а таксама 54-гадовы Уладзімір Панфіленка, які не належыць да фанацкага руху. Станам на
6 траўня яны знаходзяца ў ІЧУ Мазырскага РАУС. Перадачы для іх не прымаюць.