>
23 лютага прадпрымальніка вызвалілі з ізалятара часовага ўтрымання Буда-Кашалёўскага РАУС. Ён правёў там 12 сутак адміністрацыйнага арышту за нібыта непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі.
11 лютага з самай раніцы ў кватэру Дзяніса Шылянка ў Рэчыцы спрабавалі патрапіць міліцыянты. Пры гэтым
уцямных падставаў для гэтага яму не прад’яўлялі, таму ён не адчыняў дзверы. А
9.40 раніцы да дома пад’ехаў белы бус з таніраванымі шыбамі. З яго выйшлі амонаўцы
ў масках. Праз некалькі хвілін дзверы ў кватэру выламалі. Там правялі
ператрус. Дзяніса Шылянка затрымалі на вачах яго дзяцей, жонкі і цешчы.
Пазней высветлілася, што яму прысудзілі 12 сутак арышту
паводле артыкула 23.4 за непадпарадкаванне нібыта законным патрабаванням
міліцыі. Калі жонка пайшла перадаваць перадачу ў Рэчыцкі РАУС, там яе не
прынялі, сказаўшы, што ў іх Шылянка няма. Пазней ён знайшоўся ў ІЧУ Буда-Кашалёўскага
РАУС. Паводле меркавання Дзяніса, яго туды накіравалі адмыслова, каб абцяжарыць
зняволенне немагчымасцю атрымання перадачаў ад блізкіх.
Як распавёў па вызваленні Палескай Вясне Дзяніс Шылянок,
яго падазраюць у адміністраванні аднаго з рэчыцкіх тэлеграм-каналаў
дэмакратычнай скіраванасці.
У пастанове на ператрус згадвалася імя рэчыцкай актывісткі
Бажэны Жолудзь, былой сяброўкі
ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Яна збірала ў Рэчыцы і Лоеве подпісы за вылучэнне Святланы кандыдаткаю на
прэзідэнта. Напярэдадні выбараў у жніўні 2020 года з-за ўзмоцненага пераследу
Бажэна вымушаная была эвакуявацца
з Беларусі. Паводле таго, што
зразумеў з пастановы і аповядаў сілавікоў Дзяніс Шылянок, яны лічаць, што ён
падтрымлівае сувязь з Бажэнай Жолудзь у справе змагання з дзейнай уладай.
Падчас ператрусу 11 жніўня з кватэры Дзяніса Шылянка вынеслі
ўсю электроніку – тэлефоны, стацыянарны кампутар, ноўтбукі. Таксама ператрус
прайшоў на ахоўваемай стаянцы, уладальнікам якой з’яўляецца Дзяніс. Адтуль
забралі таксама аргтэхніку, кампутар, на які адбываўся запіс з камераў
відэаназірання.
Падчас апытанняў Дзянісу пагражалі зняволеннем, тым, што
да ягонай справы падключыцца Дэпартамент фінансавых расследаванняў і знойдзе
нясплачаныя падаткі.
«Я не раблю нічога супрацьзаконнага. Але яны не ведаюць за што мяне ўчапіць. Тыя пратаколы за машыны з сімволікай, яны не здолелі належна аформіць, знайсці доказы ў справы – так і мінулі тэрміны прыцягнення да адказнасці. Зараз вось прыдумалі ператрус і непадпарадкаванне. Пужаюць нейкімі фінансавымі расследаваннямі. Я ўсё гэта ўспрымаю як застрашэнне. Але не такія яны і страшныя, каб іх баяцца. Усё роўна перамога будзе за народам і светлымі сіламі праўды!», – пракаментаваў сітуацыю Дзяніс Шылянок.