Як актывістку каманды Ціханоўскай з Рэчыцы прымусілі з’ехаць з Беларусі
Андрусь ГАЁВЫ
15.08.2020
Бажэна Жолудзь -
сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, якая адна збірала подпісы за яе
вылучэнне кандыдаткай на прэзідэнта ў Рэчыцы і Лоеве, яшчэ тры месяцы таму
нават уявіць не магла, што ёй давядзецца баяцца міліцыю, кінуць працу і ўцякаць
з горада, каб схавацца ад палітычнага пераследу. Але ўласнае меркаванне і
імкненне нешта ў гэтай краіне змяніць прывялі да таго, што сёння яна жыве не
дома.
Сябра
ініцыятыўнай групы
Бажэна працавала ў рэгістратуры Рэчыцкай дзіцячай
паліклінікі. Калі яна даведалася, што звычайная хатняя гаспадыня, якая вельмі
кахала свайго мужа – зняволенага рэжымам Лукашэнкі блогера Сяргея Ціханоўскага,
падалася замест яго ў прэтэндэнты ў кандыдаты на прэзідэнта, то вырашыла, што
не можа сядзець абыякава і ўвайшла ў ініцыятыўную групу Святланы Ціханоўскай.
Штовечар і ўсе выходныя чэрвеня яна сядзела ў намёце ў
розных частках Рэчыцы. Ездзіла яшчэ і ў суседні Лоеў. Усё для таго, каб сабраць
подпісы за Святлану. Ёй дапамагаў толькі яе хлопец, які не быў сябрам
ініцыятыўнай групы. Паступова, з’явіліся і іншыя неабыякавыя землякі, якія
прыносілі да пікету па зборы подпісаў ваду і ежу, дапамагалі транспартам. У
выніку Бажэна здала ў Рэчыцкую выбарчую камісію больш за 1220 подпісаў рэчычан
за вылучэнне жонкі арыштаванага блогера кандыдаткай на прэзідэнта.
Як раз у перыяд збору подпісаў Бажэна Жолудзь стала
першай, хто зафіксаваў на відэа прымусовы збор подпісаў за Лукашэнку. Ён
адбываўся проста ў рэгістратуры дзіцячай паліклінікі, дзе працуе Бажэна. А, згодна
з рашэннем Рэчыцкага райвыканкама, збор подпісаў на тэрыторыі Рэчыцкай раённай
бальніцы, куды ўваходзіць і дзіцячая паліклініка, быў забаронены.
«Рэакцыя калег,
якія трапілі на відэа, была неаднастайнай. Некаторыя адразу пачалі баяцца, што,
маўляў, я іх падставіла і іх цяпер звольняць. Іншыя ж ухвальвалі тое, што пра
такое парушэнне даведаліся людзі, хаця,
прызнаваліся, што ў саміх не хапіла б на гэта смеласці», –
распавядае Бажэна пра тое відэа.
Ролік на YouTube прагледзелі 190
тысяч чалавек. Потым аналагічныя відэа прымусовага збору подпісаў за дзейнага
прэзідэнта пачалі з’яўляцца ў сеціве з розных прадпрыемстваў і аранізацыяў
краіны.
Улёткі
Калі пачаўся перыяд агітацыі, Бажэну рэчыцкая мііцыя
абвінаваціла ў тым, што яна наляпіла ў розных месцах горада ўлёткі з надпісам «Я/Мы97%». Участковы міліцыянт Вадзім Пінкін склаў на Бажэну
адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 21.14 КабАП за парушэнне правілаў
добраўпарадкавання населеных пунктаў. Дагэтуль Бажэне, паводле таго пратакола
пагражае да 25 базавых вялічыняў штрафу.
Праўда, складзены матэрыял, над якім працавалі дзесяць супрацоўнікаў
Рэчыцкага РАУС, аказаўся аформленым з парушэннямі. Таму адміністрацыйная
камісія пры Рэчыцкім райвыканкаме, якая мусіла разглядаць справу, адправіла
матэрыялы назад у РАУС на дапрацоўку.
Штодзень у міліцыю
Але за тыдзень да выбараў улады вырашылі дапячы Бажэну. 4 жніўня ўчастковы
Вадзім Пінкін даслаў Бажэне СМС-паведамленне з выклікам яе на апытанне ўсё па
тым жа артыкуле 21.14 на 9 гадзін раніцы 5 жніўня. Калі Бажэна прыйшла ў РАУС,
там высветлілася, што Пінкін знаходзіцца ў адпачынку. З Бажэнай размаўляў нейкі
іншы супрацоўнік, пытаючы тое самае пра тыя ўлёткі, што раней у яе ўжо пыталі.
Праз дзве гадзіны яна выйшла з міліцыі і пайшла на працу. Але а 12-й гадзіне ёй
на тэлефон зноў прыйшла СМСка з РАУС аб
тым, што ёй трэба прыбыць у РАУС а 16-й гадзіне ў той жа дзень і зноў жа для
апытання па справе паводле таго самага артыкула.
Ад дзіцячай паліклінікі да раённага аддзела міліцыі некалькі хвілін хады.
Але, калі Бажэна сабралася выходзіць з працы, каб пайсці ў міліцыю, яе нечакана
выклікала выканаўца абавязкаў загадчыцы паліклінікі Ганна Харошка і пачала распытваць пра нейкія неістотныя справы.
Бажэна пачала тлумачыць, што яе выклікаюць у міліцыю. Паказала кіраўніцы СМС.
Але тая сказала, што не адпусціць яе, бо папяровага пазову няма, а СМС ёй мог і
сябар напісаць. Тым не менш, Бажэна сыйшла з паліклінікі, сказаўшы загадчыцы,
што калі хоча – хай звальняе яе.
«Літаральна за пару дзён да гэтага я
была на судзе над вясковым блогерам у Хойніках, якога арыштавалі на 10 сутак
толькі за тое, што спытаў ва ўчастковага міліцыянта на якой падставе ён мусіць
паказваць таму дакументы на машыну. На наступны дзень у Нароўлі судзілі
мясцовага актывіста, да якога проста на гарадской вуліцы без дай прычыны
падыйшлі міліцыянты і загадалі ехаць з імі. Калі ён паспрабаваў быў адмовіцца,
яго зараз жа сілай запхалі ў службовы аўтамабіль і завезлі ў пастарунак і
назаўтра асудзілі зноў жа на 10 сутак арышту. Я лічу, што мяне таксама хацелі
справакаваць, каб я не прыйшла па выкліку і за гэта пакараць», – распавяла Бажэна Жолудзь.
Выступ Бажэны Жолудзь на пікеце ў Калінкавічах
Калі ж Бажэна Жолудзь зноў з’явілася перад дзяжурнай часткай Рэчыцкага
РАУС, там вельмі здзівіліся. Паводле словаў Бажэны, было бачна, што міліцыянты
лічылі, што яна не павінна прыйсці да прызначанага часу. Тым не менш, зноў
нахапяк знайшлі вольнага супрацоўніка, які пачаў распытваць Бажэну пра тыя
ўлёткі.
У міліцыі яе тады пратрымалі зноў каля двух гадзін. Але, калі яна ішла
дамоў, то зноў запілікаў тэлефон і яна ўбачыла СМС з выкілкам на наступны дзень
да 16-й гадзіны ўжо ў якасці сведкі, але па справе паводле ўсё таго ж артыкула
21.14.
Уцёкі ад правакацыяў
Пасля гэтага Бажэна вырашыла, што міліцыя адмыслова правакуе яе на нейкае
парушэнне, каб скласці пратакол за непадпарадкаванне ці за нешта іншае і
арыштаваць.
Каб пазбегнуць такой правакацыі і зняволення Бажэна Жолудзь прыняла рашэнне
пакінуць не толькі Рэчыцу, але і краіну. Уночы з 5 на 6 жніўня яна з’ехала з
Беларусі.
Варта адзначыць, што цягам тыдня перад асноўным днём галасавання на
выбарах, у Гомелі і Мазыры арыштавалі амаль усіх актывістаў і многіх валанцёраў
каманды Святланы Ціханоўскай, у тым ліку яе давераных асобаў.
«Зараз я ў бяспецы. Але тое, што мяне
змусілі ўцякаць, нібы я нейкая злачынца, канешне, вельмі абцяжарвае. Я раней не
мела кантактаў з міліцыяй. Я лічыла, што гэта людзі, якія дапамогуць і
абароняць. Але, сутыкнуўшыся з рэальнымі рэпрэсіямі за палітычныя погляды ў
дачыненні да сваіх новых сяброў па змаганні і намерамі рэпрэсаваць і мяне,
пабачыўшы, што, выконваючы загады, супрацоўнікі органаў унутраных справаў зусім
не задумваюцца наколькі тыя загады законныя і гатовыя паступіцца звычайным
чалавечым сумленнем, я стала рэальна баяцца міліцыянтаў. І ведаю, што такое
пачуццё шмат у каго. Прычым, у цалкам законапаслухмяных людзей. Артыкул для
зняволення могуць прыдумаць каму заўгодна. Тым не менш, я шчыра спадзяюся, што
тое, што я і мае паплечнікі рабілі – не дарма. Што нашыя людзі, якія прагнуць
зменаў у Беларусі, дамогуцца іх, здабудуць свабоду для народа нашай краіны. А актыўнай
беларускай моладзі, якая мае свае меркаванні і жыццёвую пазіцыю, не давядзецца
хавацца ў замежжы», – прызналася рэчыцкая
актывістка Бажэна Жолудзь.