Справу актывісткі з Рэчыцы за ўлёткі адправілі на дапрацоўку
Палеская Вясна
30.07.2020
29 ліпеня
адміністрацыйная камісія пры Рэчыцкім райвыканкаме мусіла разглядаць
адміністрацыйную справу ў дачыненні да Бажэны Жолудзь – былой сяброўкі ініцыятыўнай
групы па вылучэнні кандыдатам на прэзідэнта Святланы Ціханоўскай, якая збірала
подпісы за яе ў Рэчыцы і Светлагорску. Бажэну вінавацяць у тым, што яна «расклеіла
ўлёткі нерэкламнага характару» - за надпісам «Я/Мы 97%».
Паседжанне адміністрацыйнай камісіі было прызначана на 15 гадзін. Да гэтага
часу каля райвыканкама сабралася каля дзясятка неабыякавых жыхароў горада, якія
хацелі папрысутнічаць пры разглядзе справы і падтрымаць актывістку.
Але ў выканкам выклікалі толькі Бажэну
Жолудзь і яе сяброўку, якую таксама вінавацяць паводле артыкула 21.14
(Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў).
Дзяўчатам паведамілі, што пратаколы ў дачыненні іх вяртаюцца ў РАУС на
дапрацоўку ў сувязі з недакладнасцямі.