Яна не падпарадкоўваецца адміністрацыі. Палітзняволеную ў рэчыцкай калоніі судзяць трэці раз
Цімур Казачэнка
07.04.2023
>>
Вікторыю
Кульшу зноў абвінавацілі ў «злосным непадпарадкаванні» адміністрацыі калоніі
(частка 1 артыкула 411 Крымінальнага кодэкса). Суд прызначаны на 6 красавіка.
Па гэтым жа артыкуле яе ўжо асудзілі ў Гомелі ў чэрвені мінулага
года, пасля чаго перавялі з гомельскай калоніі № 4 у калонію № 24 у г. п.
Зарэчча Рэчыцкага раёна.
У калоніі № 4 ў Гомелі Вікторыя Кульша знаходзілася пасля таго, як была асуджана ў 2021 г. у
Мінску за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў,
якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (пратэстныя
акцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 г.). Пасля двух судоў тэрмін зняволення,
да якога прыгаворана Вікторыя, складае 3,5 гады.
Цяпер ёй пагражае яшчэ адзін прыгавор. Падобныя справы разглядаюцца, як
правіла, на выяздных пасяджэннях судоў у калоніях, таму на судзе не могуць
прысутнічаць сваякі і іншыя наведвальнікі. Суддзя ў справе – Станіслаў Іванюценка .
Акрамя Вікторыі Кульшы, у калоніі ў г. п. Зарэчча
знаходзяцца яшчэ 2 палітзняволеныя – Алена Маўшук (6 гадоў пазбаўлення волі) і Паліна Шарэнда-Панасюк (3 гады пазбаўлення волі). П. Шарэнда-Панасюк таксама
асуджана за «злоснае непадпарадкаванне» ў гомельскай калоніі, дзе знаходзілася
па прыгавору за «абразу прэзідэнта», «абразу прадстаўніка ўлады» і «гвалт у
адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Раней у зарэчанскай калоніі
знаходзілася палітзняволеная Ірына Паляніна , якая была асуджана на 2 гады. У яе тэрмін зняволення закончыўся ў
лістападзе 2022 г.
У Гомелі ў калоніі № 4 зараз утрымліваюцца 88
палітзняволеных-жанчын. Іншых жаночых калоній, акрамя гомельскай і зарэчанскай,
у Гомельскай вобласці няма. Але яшчэ 3 палітзняволеныя-жанчыны знаходзяцца ў
СІЗА № 3 ў Гомелі.
Агульная колькасць палітзняволеных у краіне на цяперашні
час – 1472, з іх 157 жанчын.
На
здымку: Вікторыя Кульша.