Палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк увесь люты зноў трымалі ў ШІЗА
Цімур Казачэнка
12.03.2024
>
Палітычную зняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк, якая знаходзіцца ў жаночай калоніі № 24 у
г. п. Зарэчча Рэчыцкага раёна, увесь прайшоўшы месяц трымалі ў штрафным
ізалятары (ШІЗА). 8 сакавіка споўнілася 2 месяцы, як ад яе няма лістоў.
Пра гэта паведаміў яе муж, Андрэй
Шарэнда, у допісу ў “Фэйсбуку”.
"Паліна не адзначала 8 сакавіка. І, ведаючы гісторыю
гэтага "свята", заўсёды з усмешкай адносілася да гэтай
кветкава-падарункавай ліхаманкі. Але як дзень салідарнасці з жанчынамі, што
змагаюцца за свае правы, гэты дзень можа існаваць. Для беларусаў гэта дзень,
калі варта ўзгадаць нашых мужных жанчын, якія нават за кратамі працягваюць
барацьбу. І гэта барацьба
ня толькі за свае жыццё, гонар і годнасць, гэта барацьба за свабоду і
незалежнасць Беларусі. Гэта барацьба за ўсіх нас. А яшчэ сёння роўна 2 месяцы,
як ад Паліны няма вестак. Два месяцы адсутнасці любой інфармацыі аб стане
Паліны, толькі чорная цішыня", – напісаў ён.
Штрафны ізалятар – аддзяленне ў
калоніі, дзе знаходзяцца камеры для парушальнікаў рэжыму ўтрымання. Змяшчэнне ў
ШІЗА практыкуецца беларускімі ўладамі ў дачыненні да палітзняволеных. Гэта адно
з самых цяжкіх пакаранняў у калоніях. Іншае падобнае пакаранне – змяшчэнне ў
памяшканне камернага тыпу (ПКТ), але ў ім умовы меней жорсткія.
Паліна
Шарэнда-Панасюк з Брэста
знаходзіцца ў зняволенні з 3 студзеня 2021 года. Яна тройчы асуджаная. Спачатку – за "абразу прэзідэнта",
"абразу прадстаўніка ўлады" і "гвалт" у дачыненні да
супрацоўніка органаў унутраных спраў" (нанесла драпіну аднаму з
міліцыянтаў, якія выламалі дзверы ў яе кватэру). Затым, двойчы – "за
злоснае непадпарадкаванне" адміністрацыі калоніі. Тэрмін зняволення ў суме
па трох прыгаворах – 4 гады. У калоніях яе шматразова змяшчалі ў карцар, ПКТ і
ШІЗА.
На цяперашні час у калоніі № 24
знаходзяцца 4 палітзняволеныя.