У калонію ў Мазырскім раёне этапаваны палітзняволены Павел Пяскоў
Цімур Казачэнка
22.11.2023
>
У лістападзе ў папраўчую калонію № 20 у Міхалкаўскім сельсавеце Мазырскага раёна
этапавалі палітычнага зняволенага Паўла Пяскова.
Павел
Пяскоў – жыхар г. Маладзечна
(Мінская вобласць). 19 чэрвеня 2020 г. там праходзіла мірная акцыя пратэсту
супраць існуючага ў краіне правячага рэжыму. Міліцыя
з ужываннем гвалту затрымала аднаго з пратэстоўцаў. Пры гэтым супрацоўнік
АМАПу дастаў пісталет. Павел Пяскоў знаходзіўся побач з некалькімі дзесяткамі
гараджан, якія спрабавалі не даць затрымаць удзельнікаў мірнага сходу.
За гэта ён быў затрыманы 18 верасня 2020 г. і абвінавачаны па
частцы 2 артыкула 363 Крымінальнага кодэкса – «Супраціўленне
супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі
парадак». Да суда знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе. Разам з ім па гэтай
жа справе быў абвінавачаны Уладзіслаў
Еўсцігнееў.
Справу разглядала суддзя Вікторыя Паляшчук, дзяржаўным абвінаваўцам
быў пракурор Сяргей Габруковіч. На
трэці дзень суда, 18 верасня 2020 г., па ініцыятыве начальніка Маладзечанскага
РАУС Вадзіма Прыгара, перададзенай
праз дзяржабвінаваўцу, Паўлу была зменена мера стрымання – з хатняга арышту на
заключэнне пад варту, па той прычыне, што Павел нібыта збіраўся з’ехаць за
мяжу.
29 верасня 2020 г. у судзе
Маладзечанскага раёна быў вынесены прыгавор. Паўла прыгаварылі да 3 гадоў
і 3 месяцаў пазбаўлення волі, Уладзіслава – да 3 гадоў. 30 верасня 2020 г. праваабаронцы прызналі іх
палітзняволенымі. Павел ўтрымліваўся ў турме № 8 у г.
Жодзіна (Мінскі раён).
20 лістапада 2020 г. у Мінскім
абласным судзе былі разгледжаны апеляцыйныя скаргі адвакатаў Пяскова і
Еўсцігнеева, а таксама пратэст пракурора. Судовая калегія пакінула ў сіле
прыгавор раённага суда, а скаргі і пратэст адхіліла.
Пасля гэтага Паўла этапавалі ў калонію
№ 2 ў Бабруйску (Магілёўская вобл.). Адміністрацыя калоніі неаднаразова
змяшчала яго ў ШІЗА, а затым ініцыявала ўзбуджэнне супраць яго яшчэ адной
крымінальнай справы – па арт. 411 КК «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням
адміністрацыі папраўчай установы».
14 чэрвеня 2022 г. у судзе г.
Бабруйска і Бабруйскага раёна суддзя Павел Карцінін прыгаварыў палітзняволенага
да яшчэ 1 году зняволення. У выніку складання двух тэрмінаў атрымалася
пакаранне ў 4 гады пазбаўлення волі. Павел утрымліваўся ў СІЗА № 5 у Бабруйску,
а ў ліпені 2022 г. быў этапаваны ў калонію № 5 у г. Івацэвічы (Брэсцкая
вобл.).
Паколькі ПК № 5 плануюць
пераўтварыць у ЛПП, зняволеных этапуюць у іншыя калоніі. Паўла перавялі ў ПК №
20.
Такім чынам, у калоніі ў Мазырскім раёне на цяперашні час знаходзяцца 6
палітзняволеных:
Драб Аляксей Юр’евіч,
Осіпаў Ціхан Сяргеевіч,
Старавойтаў Сяргей Сяргеевіч,
Прапольскі Яўгеній Уладзіміравіч,
Пяскоў Павел Андрэевіч,
Ярашэвіч Сяргей Міхайлавіч.
Напісаць ім можна на адрас: ПК № 20, Міхалкаўскі сельсавет, 70, Мазырскі
р-н, Гомельская вобл., 247755.
У цэлым па краіне на цяперашні час
налічваецца 1444 палітзняволеных.
На здымку: Павел Пяскоў.