У калонію ў Мазырскім раёне пераведзены палітзняволены Яўген Прапольскі

Цімур Казачэнка 01.06.2023

>

Як стала вядома напрыканцы траўня, палітычны зняволены Яўген Прапольскі, які да гэтага знаходзіўся ў Бабруйску, пераведзены ў калонію № 20 у Міхалкаўскім сельсавеце Мазырскага раёна.

29-гадовы зваршчык Мінскага трактарнага заводу Яўген Прапольскі быў затрыманы 29 верасня 2020 года, калі выходзіў з інтэрната на сустрэчу з дзяўчынай. Пры затрыманні ў яго знашлі электрашокер, які ён насіў для самаабароны. На судзе ён распавёў, што яго прымушалі пісаць «чыстасардэчнае прызнанне», і пры гэтым білі гэтым электрашокерам.

Ён і яшчэ 10 чалавек былі абвінавачаны па адной справе за ўдзел "у Тэлеграм-чаце радыкальнага накірунку". Яўгену прад’явілі абвінавачанні па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: частка 3 арт. 218 – «Наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам альбо якія пацягнулі прычыненне шкоды ў буйным памеры», і частка 2 арт. 293 – «Удзел у масавых беспарадках». Дзяржаўнае тэлебачанне паказала яго ў прапагандысцкім роліку аб тым, як міліцыя "ідэнтыфікуе адміністратараў ананімных чатаў і ўдзельнікаў пратэстаў".

Яўген быў змешчаны ў турму № 4 ў Магілёве. 5 лістапада 2020 г. праваабаронцы прызналі яго і іншых абвінавачаных па гэтай справе палітзняволенымі.

Сваю віну ў судзе, які цягнуўся амаль месяц, грамадзянін у поўным аб’ёме не прызнаў. 19 ліпеня 2021 г. суд Ленінскага раёна Мінска прыгаварыў Яўгена Прапольскага да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд вынес суддзя Дзмітрый Астапенка, дзяржаўным абвінаваўцам быў пракурор Аляксандр Рамановіч.

У сярэдзіне снежня 2021 г. стала вядома аб пераводзе Яўгена ў калонію № 2 ў г. Бабруйску (Магілёўская вобласць). У жніўні 2022 г. стала вядома, што яго беперапынна ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары 2 месяцы. У снежні 2022 г. – змясцілі на месяц у памяшканне камернага тыпу. Агулам ён правёў 130 сутак у ШІЗА і 4 месяцы ў ПКТ.

У сярэдзіне траўня стала вядома, што палітзняволены ўтрымліваўся ў ізалятары часовага ўтрымання Бабруйскага РАУС у чаканні яшчэ аднаго суда, потым – у СІЗА № 5 у Бабруйску.

У цяперашні час яму можна напісаць на адрас: Прапольскаму Яўгенію Уладзіміравічу, папраўчая калонія № 20, Міхалкаўскі сельсавет, 70, Мазырскі раён, Гомельская вобласць, 247755. Зараз у гэтай калоніі знаходзіцца, такім чынам, 5 палітзняволеных. Агульная колькасць палітзняволеных у Беларусі на сённяшні дзень – 1491.