Палітзняволены грузчык, які “хацеў захапіць дзяржаўную уладу”, этапаваны ў Мазырскі раён
Цімур Казачэнка
17.01.2024
>
У
калонію № 20 у Міхалкоўскім сельсавеце Мазырскага раёна этапаваны палітычны
зняволены Дзяніс Філончык, які працаваў грузчыкам у Мінску. Яго асудзілі на 9
гадоў зняволення за “змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады”.
40-гадовы жыхар Мінска Дзяніс Філончык быў затрыманы 2 снежня 2021 г. і змешчаны ў СІЗА
КДБ у Мінску. Яго абвінавацілі па той жа крымінальнай справе, што і людзей,
якія ў ноч з 11 на 12 ліпеня 2021 г. у в. Сёмкава Мінскага раёна кінулі
бутэлькі з запальваючай сумессю ў дом Гайдукевіча
Алега, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (дом практычна не
быў пашкоджаны).
17 траўня 2023 г. праваабаронцы прызналі
Дзяніса і яшчэ 5 чалавек, абвінавачаных па гэтай справе, палітзняволенымі – па
тых прычынах, што расследаванне і судовы разгляд справы адбываліся з грубейшымі
парушэннямі працэсуальных правоў, дзеянні абвінавачаных уключалі ў сябе толькі
замах на сімвалічнае пашкоджанне маёмасці і не былі звязаны з гвалтам, а
абвінавачанне ў “замаху на змову з мэтай захопу дзяржаўнай ўлады” надуманае.
У заявах праваабаронцаў пад іншымі датамі
палітзняволенымі былі прызнаны і астатнія людзі, абвінавачаныя па гэтай
крымінальнай справе.
Мінскі гарадскі суд 21 чэрвеня 2023 г. прыгаварыў
Дзяніса Філончыка да 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага
рэжыму па артыкулах Крымінальнага кодэкса: 361-1 – стварэнне экстрэмісцкага
фарміравання альбо ўдзел у ім, частка 1 артыкула 14 і ч. 2 арт. 357 – замах на
змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным чынам. Па гэтай жа
справе на тэрміны ад 2 да 25 гадоў зняволення былі прыгавораны яшчэ 17 чалавек,
у тым ліку 3 жанчыны. Прыгавор вынес суддзя Хрыпач Сяргей.
Пасля вынясення прысуду Дзяніс Філончык быў пераведзены ў СІЗА № 1 у Мінску. У
Вярхоўным Судзе 29 верасня 2023 г. пачаўся і 4 кастрычніка быў працягнуты
разгляд апеляцыйных скаргаў, пасля чаго прыгаворы ўступілі ў моц. МУС 3
лістапада унёс Дзяніса ў спіс “экстрэмістаў”.
Напісаць палітзняволенаму можна на адрас: Філончыку Дзянісу Васільевічу, ПК № 20,
Міхалкоўскі сельсавет, 70, Мазырскі р-н, Гомельская вобл., 247755.
На цяперашні час у гэтай калоніі знаходзяцца 8
палітзняволеных. Агульная колькасць палітвязняў у месцах
зняволення ў Мазырскім раёне – 26 (18 адбываюць пакаранні ў мазырскім ПУАТ), у Гомельскай вобласці – 179, у краіне –
1408.
На
здымку: Дзяніс Філончык.