У гэтым месяцы прызнаны палітзняволенымі 5 жыхароў Мінска, якія адбываюць пакаранні ў Мазыры
Цімур Казачэнка
24.11.2022
>>
У гэтым месяцы праваабаронцы прызналі палітзняволенымі 5 чалавек з Мінска,
якія адбываюць пакаранні ў Мазырскім раёне. Усе яны асуджаныя па частцы 1
артыкула 342 КК – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць
грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Гаворка ідзе пра ўдзел у
пратэстных акцыях у 2020 г. з-за недаверу да абвешчаных уладай вынікаў
прэзідэнцкіх выбараў.
Усе пяцёра знаходзяцца ў папраўчай установе адкрытага тыпу (ПУАТ) № 21 у
Мазыры.
21-гадовы Мікіта Адзінец быў
затрыманы 8 кастрычніка 2021 года. Суд Заводскага раёна Мінска 6 снежня 2021 г.
асудзіў яго да 3 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ. Справу вяла
суддзя Анастасія Осіпчык.
32-гадовы Арцём Заблоцкі быў
затрыманы 22 верасня 2021 г. і да суда ўтрымліваўся ў СІЗА. 30 лістапада 2021
г. суд таго ж самага Заводскага раёна прыгаварыў яго да 3 гадоў абмежавання
волі з накіраваннем у ПУАТ. Прыгавор вынес суддзя Алег Каляда, дзяржаўным абвінаваўцам быў памочнік пракурора
Заводскага раёна Мікіта Савіцкі. З-пад
варты грамадзянін быў вызвалены ў залі суда пасля абвяшчэння прысуду; для
адбыцця пакарання накіраваны ў мазырскі ПУАТ.
35-гадовы Антон Камароўскі быў
затрыманы 24 верасня 2021 г. Суддзя суда Фрунзенскага раёна г. Мінска Юлія Крэпская прыгаварыла яго да 3
гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ. Пакаранне адбывае з 10 красавіка
2022 г.
19-гадовы Аляксандр Карзюк быў
затрыманы 10 траўня 2022 г. Прыгавор вынесла суддзя суда Фрунзенскага раёна г.
Мінска Наталля Бугук – 2 гады
абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ.
Андрэй Кунцэвіч асуджаны напрыканцы траўня 2022 г. да абмежавання волі з накіраваннем у
ПУАТ. Справу вяла суддзя суда Заводскага раёна Мінска Анжэла Касцюкевіч.
Рашэнне аб прызнанні гэтых палітзняволеных беларускія праваабаронцы прынялі
ў чарговай заяве 10 лістапада. Разым з тымі, хто ўжо знаходзіўся ў мазырскай
ПУАТ раней, колькасць палітзняволеных там – 27. Дасылаць паштоўкі і лісты ім можна
на адрас: ПУАТ № 21, бульвар Юнацтва, 24,
г. Мазыр, Гомельская вобл., 247783.
Акрамя гэтай ПУАТ, у Мазырскім раёне 5 палітзняволеных адбываюць пакаранні ў папраўчай калоніі № 20. У цэлым у розных месцах зняволення па Гомельскай вобласці колькасць палітзняволеных
на сённяшні дзень – 196, па Беларусі – 1450.
На здымку: ПУАТ № 21 у
Мазыры.