«На аснове ўстаноўленых звестак». Выканкам адказаў на петыцыю супраць вуліцы імя НКВДшніка ў Рэчыцы
Андрусь ГАЁВЫ
30.04.2019
Мяркуючы з адказу, змяняць імя вуліцы рэчыцкія ўлады не збіраюцца. У мясцовай газеце разгарнулася прапаганда станоўчых бакоў Яўгена Міцкевіча, які ў 1917 годзе праводзіў у Рэчыцы ідэі бальшавіцкага перавароту, а потым працяглы час служыў у НКВД.
У пачатку красавіка грамадскасць усяе Беларусі абурылася тым, што ў Рэчыцы вуліцу імя вялікага паэта Адама Міцкевіча пераназвалі ў гонар супрацоўніка НКВД Яўгена Міцкевіча, які падчас бальшавіцкага перавароту 1917 года ў Расійскай імперыі апынуўся ў ліку вайскоўцаў у Рэчыцы і кіраваў тут усталяваннем бальшавіцкай улады.
Начальніца аддзела архітэктуры Рэчыцкага райвыканкама Лідзія Скакун тады патлумачыла ў СМІ патрэбу ў пераіменаванні тым, што ў 1959 годзе мясцовыя камуністычныя ўлады назвалі былую вуліцу Руднянскую імём Міцкевіча (без уласнага імені) ў гонар менавіта Яўгена Міцкевіча. Імя паэта ёй, маўляў, надалі памылкова ў 2015 годзе, бо «ва ўсіх на слыху Адам Міцкевіч».
Журналіст і вядоўца курсаў беларускай мовы і культуры «Мова Нанова» ў Рэчыцы Андрэй Мядзведзеў 9 красавіка размясціў на сайце Зручны горад петыцыю супраць такога пераіменавання. Літаральна за некалькі гадзін яна набрала 201 подпіс і была адпраўленая ў Рэчыцкі райвыканкам.
Намеснік старшыні Рэчыцкага райвыканкама Аляксандр Горбач адказаў на петыцыю пералічэннем акалічнасцяў пераіменаванняў і абгрунтаваннем неабходнасці мець у горадзе вуліцу імя менавіта супрацоўніка НКВД.
Чыноўнік сцвярджае, што нашумелае рашэнне райсавета «прынятае на аснове ўстаноўленых звестак, пацверджаных архіўнай выпіскай з пратакола пасяджэння выканаўчага камітэта Рэчыцкага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных ад 11.03.1959 г. № 4 аб тым, што вуліца Руднянская была пераіменавана ў вул. Міцкевіча ў знак увекавечання памяці заснавальніка Савецкай улады ў г. Рэчыцы, старшыні гарадскога Савета Міцкевіча Яўгена Пятровіча».
Аляксандр Горбач
Яшчэ ў некалькіх абзацах тэксту адказу Горбач апісвае падставы дадання да назвы вуліцы імя таго, у гонар каго яна названая, тое, што ў сваім сакавіцкім рашэнні ўлады выпраўляюць «недакладнасць», дапушчаную ў 2015 годзе, а таксама даводзіць, што «прыняцце рашэння не выклікала істотных змен у грамадскіх адносінах». Таму, маўляў, і не праводзілася публічнае абмеркаванне праекта рашэння.
20 красавіка ў рэчыцкай раённай газеце «Дняпровец» змясцілі артыкул старшага навуковага супрацоўніка Рэчыцкага краязнаўчага музея Наталлі Сярновай з назвай «Люди в истории Речицы. Евгений Мицкевич: носитель перемен и легендарный разведчик». У ім апісваецца тое, як прапаршчык Міцкевіч камандаваў баталёнам у 257-м пехотным палку, які прыбыў у Рэчыцу напярэдадні бальшавіцкага перавароту, як ён потым тут узначальваў розныя бальшавіцкія фармаванні, а пасля служыў у замежнай выведцы НКВД.
Андрэй Мядзведзеў, які стварыў петыцыю, не згаджаецца з тым, што вуліцы горада маюць звацца імёнамі супрацоўнікаў НКВД:
«Я разумею, што ў тапаніміцы ўсіх нашых гарадоў дамінуе камуністычны складнік. Сёняшняя ўлада лічыць, што гэтую старонку нашай гісторыі абавязкова трэба шанаваць і прапагандаваць, нягледзячы на дзясяткі мільёнаў бязвінных ахвяраў камуністычнай дыктатуры. У нас, як, пэўна, і ў любым іншым беларускім горадзе, ёсць і вуліца заснавальніка і кіраўніка ВЧК-НКВД – асноўнай арганізацыі, якая ажыццяўляла чырвоны тэрор, Фелікса Дзяржынскага (дарэчы, недалёка ад вуліцы Міцкевіча). Мой дзед і мая бабка па маці таксама прайшлі праз сістэму ГУЛАГу. Дзед быў рэпрэсаваны паводле вядомага 58-га артыкула (антысавецкая прапаганда і агітацыя), калі, праходзячы тэрміновую вайсковую службу, у размове з саслужыўцамі паскардзіўся, што некалі гаспадарлівая ягоная сям’я беларускіх сялян з вёскі Ніжняя Алба Жлобінскага раёна галадае, бо ўсё нажытае працаю адабралі ў калгас. У мяне захоўваюцца два агульныя сшыткі ягоных успамінаў, чытаць якія без слёз за-за жудаснай несправядлівасці і нечалавечых катаванняў, якія яму давялося вынесці, проста немагчыма. Таму для мяне паміж службоўцамі НКВД і службоўцамі якога-небудзь СС – знак поўнай роўнасці. Але ў той жа Нямеччыне ніколі ўлады не дадумаюцца назваць гарадскую вуліцу імём супрацоўніка СС, які б ён таленавіты арганізатар ні быў! Служба ў такой структуры – гэта ганьба назаўжды, нават для нашчадкаў».
Андрэй Мядзведзеў
Стваральнік петыцыі мяркуе працягнуць барацьбу за вяртанне вуліцы нейтральнага наймення.
«Мы ж не ўзвялічваем нацысцкіх бургамістраў Рэчыцы. Іхнія імёны не патрэбна памятаць, дастаткова ведаць пра чорныя справы іхніх службаў. Сам лёс, жыццё вядуць да таго, што і праваднікі чырвонага тэрору мусяць быць аддадзеныя забыццю. Сітуацыя з тым, што чыноўнікі, удакладняючы ў 2015 годзе назву вуліцы Міцкевіча, дадалі да прозвішча імя паэта – яскравае таму пацверджанне. Назвалі імём паэта – то хай бы ўжо і была імя паэта! Навошта вяртаць імя НКВДшніка? Я, канешне ж, буду абскарджваць адказ райвыканкама ў больш высокіх інстанцыях. Мяне ў ім яшчэ зачапіла тое, што яны сцвярджаюць, што прыняцце рашэння не выклікала зменаў у грамадстве, таму, маўляў, і не абмяркоўвалася. Але ж грамадства горада, і не толькі нашага горада, літаральна віравала, калі даведалася пра такое рашэнне! Калі ж яго прымалі, дык зменаў і сапрады не было, бо ўсё было ўціхую і пра яго прыняцце ніхто не ведаў. Акрамя таго, ведаю, што шэраг рэчычанаў і жыхароў іншых месцаў Беларусі дасылалі ў райсавет індывідуальныя пісьмовыя звароты. Пабачым, што адкажуць на іх. Гэтай вуліцы альбо мусіць быць вернутая спрадвечная назва Руднянская, альбо хаця б імя славутага паэта».