Як у Рэчыцы райсавет Міцкевічаў паблытаў. Сумная гісторыя пра тое, як замест імя вялікага паэта гарадской вуліцы вярнулі імя энкавэдэшніка
Андрусь ГАЁВЫ
05.04.2019
5 красавіка пасля афіцыйнага апублікавання на партале Pravo.by набыло моц рашэнне Рэчыцкага раённага савета дэпутатаў ад 26 сакавіка 2019 года, у якім вуліца Адама Міцкевіча была пераіменаваная ў гонар нейкага Яўгенія Міцкевіча.
Навіна пра гэта абляцела навінавыя стужкі амаль усіх беларускіх СМІ. Усе спачатку гадалі, што ж за такі Яўгеній. Аказалася - ганаровы шпіён, супрацоўнік НКВД, дзе як раз у сумнавядомыя 1937 - 1939 гады служыў на розных пасадах. А да таго і пасля таго шпіёніў у розных еўрапейскіх краінах ды Амерыцы. Ад гэтага беларуская інфармпрастора зусім прыйшла ў замяшальніцтва: навошта ў ХХІ стагоддзі ўладам Рэчыцы ўздумалася пераіменоўваць вуліцу імя класіка сусветнай літаратуры, які нарадзіўся і жыў у Беларусі і стварыў мноства літаратурных шэдэўраў, дзе апісваў нашу краіну, у імя сталінскага прыслужніка.
У Рэчыцкім райвыканкаме Еўрарадыё распавялі, што адбылася памылка: ніякага дачынення паэт Міцкевіч да рэчыцкай вуліцы не мае. Імя чэкіста Яўгена Міцкевіча гэтая вуліца насіла з 1959 года.
“У 2015 годзе мы прыводзілі ў адпаведнасць назвы вулічна-дарожных элементаў, — распавядае Еўрарадыё начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Рэчыцкага райвыканкама Лідзія Скакун. — Каб на шыльдах былі ўказаныя не толькі прозвішчы, але і імёны знакамітых людзей. У 2015 годзе вуліцу і перайменавалі ў Адама Міцкевіча. Ва ўсіх жа на слыху Адам Міцкевіч. Толькі яго ведаюць”.
Па словах чыноўніцы, тры гады гэтая вуліца насіла імя Адама Міцкевіча, пакуль у выканкам не звярнуўся адзін мясцовы жыхар. Ён распавёў, што на доме па вуліцы Міцкевіча вісіць мемарыяльная дошка ў гонар Яўгена Пятровіча Міцкевіча, і патрабаваў, каб вуліцу перайменавалі зноў.
Яўген Міцкевіч — разведчык, які нарадзіўся ва Украіне. Са снежня 1918 па сакавік 1919 года працаваў камісарам ў Рэчыцы. Быў першым старшынёй паслярэвалюцыйнага бальшавіцкага выканкама Рэчыцкага райсавета. У 1925 годзе Міцкевіча накіравалі на нелегальную працу ў Германію. Потым ён вярнуўся і працаваў у СССР у падраздзяленнях НКВД на розных пасадаў. Потым зноў шпіёніў за мяжой. Ён памёр у 1959 годзе. Тады і з’явілася ў Рэчыцы вуліца ў гонар савецкага чэкіста.
“У той час не трэба было імён, таму вуліцу назвалі ў гонар Міцкевіча, — дадае чыноўніца райвыканкама. — У нас проста адбылася прыкрая памылка, мы яе выправілі. Звярнуліся ў архівы. Да паэта Адама Міцкевіча вуліца не мела ніякага дачынення”.
У райвыканкаме кажуць, што блытаніна з перайменаваннем вуліцы пакрыўдзіла і некаторых іншых жыхароў. Прапаноў перайменаваць вуліцу ў гонар Адама Міцкевіча ў адміністрацыю пакуль не паступала.
Зрэшты, як сцвярджаюць самі жыхары Рэчыцы, ніякіх абмеркаванняў патрэбы вяртання вуліцы імя супрацоўніка НКВД ў горадзе не праводзілася.
Варта адзначыць, што ад свайго з'яўлення да 1959 года вуліца звалася Руднянская, бо ішла ў напрамку вёскі Рудня. І дагэтуль многія старыя жыхары яе так называюць. Гэтак жа завецца і прадуктовая крама, што размешчана на скрыжаванні былой Руднянскай, а цяперашняй Міцкевіча з адной з галоўных вуліц Рэчыцы - ранейшай Вакзальнай, якая цяпер носіць імя Сыдзько. Раней гэтую краму "Руднянскай" называлі ў народзе, а ўжо больш за 10 гадоў на ёй такі афіцыйны надпіс. Праўда, яна ўжо некалькі гадоў не працуе ба належыць амаль збанкрутаванаму мясцоваму райспажыўтаварыству.
У Рэчыцы на вяртанне вуліцы замест імя вядомага паэта імя супрацоўніка НКВД рэакцыя неадназначная. У абмеркаваннях у сацыяльных сетках многія ўспрынялі гэтую навіну негатыўна. Некаторым абыякава. У самай шматлікай рэчыцкай суполцы у ВКонтакте Речица LIVE змешчана апытанка з чатырма варыянтамі назвы вуліцы - Адама Міцкевіча, Яўгенія Міцкевіча, Руднянская і "Мне абыякава". За гадзіну, пакуль рыхтаваўся да публікацыі гэты матэрыял, у апытанцы прагаласавалі 70 чалавек, з іх па 30% за імя Адама Міцкевіча і спрадвучную назву Руднянская, 32% не цікавіць гэтая тэма і толькі 7% падтрымліваюць мясцовы райсавет у тым, каб вярнуць вуліцы савецкую назву ў гонар супрацоўніка НКВД.