«Увекавечваць памяць службоўцаў НКВД - вяршыня цынізму». Петыцыя за вяртанне рэчыцкай вуліцы імя Адама Міцкевіча сабрала 200 подпісаў
Андрусь ГАЁВЫ
11.04.2019
26 сакавіка Рэчыцкі райсавет пераіменаваў вуліцу і завулак імя Адама Міцкевіча ў вуліцу і завулак імя Яўгена Міцкевіча. Як высветлілася, вуліцы вярнулі назву, якую яна насіла з 1959 года да 2015. А Яўген Міцкевіч аказаўся першым старшынём Рэчыцкага савета пасля бальшавіцкага перавароту 1917 году, а потым доўгі час працаваў на розных пасадах у ОГПУ-НКВД.
Дом на вуліцы Міцкевіча з шыльдай з камуністычнага мінулага.
Як патлумачыла ў каментары Еўрарадыё начальніца аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Лідзія Скакун, у 2015 годзе падчас прыняцця рашэння аб упарадкаванні найменняў элементаў вулічна-дарожнай сеткі горада адбылася памылка. Паколькі Адам Міцкевіч нават раённым чыноўнікам больш вядомы, у рашэнне запісалі ягонае імя і вуліца стала называцца імём выбітнага паэта.
Сёлета ж раённыя ўлады ачомаліся і вырашылі «памылку» выправіць. Таму і з’явілася нашумелае рашэнне пра пераіменаванне вуліцы імя Адама Міцкевіча ў вуліцу імя супрацоўніка НКВД. Але большасць рэчычан такое рашэнне не падтрымліваюць. У самай шматлікай суполцы горада ў сацсетцы Вконтакте з назваю Речица Live ў апытанцы наконт таго, як павінна звацца вуліца, 39% выказаліся за імя Адама Міцкевіча, 29% не вызначыліся, 26% падтрымліваюць вяртанне вуліцы яе першапачатковай назвы Руднянская, і толькі 5% пагадзіліся з райсаветам, што вуліца павінна насіць імя Яўгена Міцкевіча.
Увечары 9 красавіка на платформе petitions.by з’явілася петыцыя за вяртанне вуліцы імя паэта Адама Міцкевіча. Аўтар яе – арганізатар і вядоўца курсаў Мова Нанова ў Рэчыцы, журналіст-фрылансер Андрэй Мядзведзеў разлічваў сабраць 200 подпісаў. Але гэтая колькасць сабралася літаральна за палову дня. Цяпер петыцыя накіраваная ў Рэчыцкі райвыканкам.
Увекавечваць памяць службоўцаў НКВД - гэта вяршыня цынізму, гэта плявок на памяць тых, каго бязвінна знішчыла гэтая структура. Тое, што так рабілі ў СССР - зразумела, бо там панавала такая таталітарная ідэалогія. Але незразумела, навошта так рабіць у сучаснай незалежнай Рэспубліцы Беларусь?! Ні ў адной сучаснай краіне, якая перажыла перыяды таталітарных сістэмаў, не называюць вуліцы імёнамі тых, хто служыў у структурах, паводле сваіх дзеянняў падобных НКВД - Gestapo, SS, SD, OVRA ды інш.
– гаворыцца ў петыцыі.
Андрэй Мядзведзеў
«Наколькі я ведаю, нават не ўсе, хто хацеў падпісаць гэтую петыцыю, паспелі гэта зрабіць, бо заяўленая мной колькасць подпісаў сабралася вельмі хутка і сэрвіс аўтаматычна накіраваў петыцыю ў адпаведны дзяржорган. Але, я лічу, што не варта абмяжоўвацца адной электроннай петыцыяй. Я раю ўсім, хто не паспеў падпісаць электронную петыцыю, не паленавацца, раздрукаваць яе тэкст і з захаваннем патрабаванняў Закона “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” накірваць у папяровым выглядзе поштаю ў Рэчыцкі райсавет»,
– кажа Андрэй Мядзведзеў.
Ініцыятар змагання за адэкватную назву вуліцы райцэнтру і аднаго з самых старажытных гарадоў Беларусі ўдакладняе, што, каб ваш зварот быў разгледжаны і на яго быў дадзены адказ, ён павінен быць напісаны на беларускай або расійскай мове, у ім павінны прысутнічаць імя, імя па бацьку і прозвішча заяўніка і адрас ягонага жыхарства. Адрас Рэчыцкага раённага Савета дэпутатаў: плошча Кастрычніка, 6, г. Рэчыца, 247500.
Аўтар петыцыі лічыць, што вялікая колькасць папяровых зваротаў можа стаць больш эфектыўнай за адну электронную петыцыю з некалькімі сотнямі падпісантаў. Бо на электронную петыцыю дзяржорган дасць адзін адказ, які можа быць і звычайнай адпіскай. На больш як 10 электронных зваротаў у той жа орган, ён мае права змясціць адзін агульны адказ на сваім сайце і асобна нікому не адказваць. А вось на папяровыя пісьмовыя звароты неабходна даваць асобныя адказы кожнаму. Гэта дадае чыноўнікам працы, псуе справаздачнасць па зваротах грамадзян, і таму больш эфектыўна змушае прымаць рашэнні, якіх патрабуе грамадства.
Але электронная петыцыя, упэўнены Мядзведзеў – файны інфармацыйны рычаг, які паказаў, што і многія рэчычане, і жахары шмат якіх іншых гарадоў нашай краіны абураныя заменай імя найвыбітнейшага паэта імём супрацоўніка карнага органа.