«Дапаможа толькі салідарнасць». Гісторыя пенсіянера з Мазыра, які не змог застацца абыякавым да таго, што адбываецца ў краіне

Андрусь ГАЁВЫ 25.04.2021

>

Тройчы асуджаны да адміністрацыйных пакаранняў за ажыццяўленне сваіх падставовых правоў пенсіянер распавёў пра тое, чаму выходзіў на вуліцы, як выказваў свій пратэст дзеянням улады, перажыў тры суды і не скарыўся.

Аляксей ПЯТРОЎСКІ.

З Узбекістана на гістарычную радзіму

Аляксей Пятроўскі нарадзіўся на ўзбярэжжы далёкага сярэднеазіцякага Аральскага возера, якое ў тыя часы называлі морам, а цяпер ад яго засталіся толькі некалькі лужынаў. Зараз – гэта тэрыторыя Узбекістана на памежжы з Казахстанам, а тады там была Каракалпацкая АССР.

У 10-гадовым узросце бацькі пераехалі ў Беларусь – у Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці. Адтуль родам былі продкі ягонай маці. Скончыўшы там школу, Аляксей падаўся ў Маскву, дзе атрымаў адукацыю геолага. Пасля зноў яго размеркавалі ў Сярэднюю Азію. Працаваў у геолагашукальнай экспедыцыі ў Ташкенце – займаўся пошукам уранавых радовішчаў.

У 1987 годзе ён зноў трапляе ў Беларусь. Аляксей памяняў ташкенцкую кватэру на мазырскую. У Мазыры ён спачатку працаваў таксама ў геалогіі – займаўся пошукам нафты, а пасля – начальнікам цэху на дрэваапрацоўчым камбінаце. У 1997-м годзе вырашыў стаць індывідуальным прадпрымальнікам. Заняўся вырабам мэблі. Справы ішлі някепска, было шмат замоваў. У апошнія гады, паводле ягонага прызнання, попыт значна знізіўся.

«У людзей проста няма грошай, каб замовіць тую ж кухню», – тлумачыць Аляксей Пятроўскі.

«Палітыкай я асабліва не цікавіўся. Звяртаў на яе ўвагу толькі падчас нейкіх значных кампаніяў. Напрыклад, у 2006-м годзе удзельнічаў у выбарах у якасці чальца ініцыятыўнай групы, якая збірала подпісы за Аляксандра Мілінкевіча. Натуральна, ён не атрымаў перамогі. Пасля гэтага я доўгі час аніякай цікавасці да палітыкі не выяўляў», – гаворыць Аляксей Пятроўскі.

Абураны хлуснёй

Летась жа ў чэрвені, калі ён пабачыў, як актыўна людзі пачалі ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, у яго з’явілася надзея, што ў краіне нешта нарэшце можа змяніцца.

«Я пабачыў, як актыўна людзі падпісваліся за альтэрнатыўных Лукашэнку кандыдатаў, як нават стаялі ў чэргах, каб падпісацца за Святлану Ціханоўскую. І я паверыў, што вырасла новае пакаленне, якое не хоча трываць здзек, якое хоча нармальнай, свабоднай краіны. Я тады падпісаўся адразу за трох альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на кандыдатаў, каб усе яны мелі магчымасць данесці свае падыходы да грамадства», – разважае Пятроўскі.

Але, калі пачалося датэрміновае галасаванне, ён зразумеў, што дзяржава з прызначанымі ёю выбарчымі камісіямі зноў хлусіць. У дні датэрміновага галасавання ён адмыслова хадзіў да школы, дзе месціўся ягоны ўчастак, і назіраў колькі ж там чалавек прыходзіла галасаваць. Штодня – па 5-6 чалавек. А рапартавалі, што на Гомельшчыне штодня галасуе па 12-15%. На суботу паводле зводак ЦВК ужо прагаласавалі амаль 55%.

«Каб за 5 дзён прагаласавала больш за палову выбаршчыкаў, я павінен быў штодня бачыць па 100 чалавек як мінімум, якія ішлі галасаваць. А я іх не бачыў. У суботу я сядзеў каля школы ад самай раніцы, калі людзі, паснедаўшы, мусілі ісці галасаваць, і да 16.00 – да закрыцця ўчастка. Было ад сілы чалавек 20. Мяне гэтая хлусня моцна абурала», – узгадвае Аляксей.


Аляксей ПЯТРОЎСКІ з жонкай Тамарай.

У асноўны дзень галасавання – 9 жніўня ён з жонкай Тамарай пайшлі галасаваць пад вечар. Ідучы, размаўлялі са знаёмымі і незнаёмымі людзьмі, якія выходзілі з участка. Пыталіся ў тым ліку і пра тое, за каго тыя галасавалі. Амаль усе ім казалі, што прагаласавалі за Ціханоўскую.

«Але тое, што я пабачыў на ўчастку, мяне моцна абурыла. Там быў шэраг кабінаў, з якіх былі знятыя фіранкі. І проста ля іх шэраг сталоў камісіі. Прычым, сталы стаялі такім чынам, што камісіі можна было бачыць як галасуе выбаршчык. Я зрабіў заўвагу старшыні камісіі, але той не адрэагаваў», – кажа Аляксей Пятроўскі.

 Паставіўшы «птушачку» за Ціханоўскую, Аляксей і Тамара сфатаграфавалі бюлетэнь, нягледзячы на пярэчанні камісіі, адправілі здымкі на платформу «Голас» і вярнуліся дамоў. Але Аляксею было цікава, якія ж вынікі атрымаліся на ягоным участку. Ён да 20-й гадзіны пайшоў да школы. Але, там ужо ўсё было зачынена. Пратакола на бачным месцы не было. Святло гарэла чамусьці толькі ў сталоўцы. Аляксей выказвае здагадку, што там камісія святкавала.

Гвалт і здзекі з мазырцаў

«Тады я пайшоў у цэнтр горада, каб даведацца вынікі па Мазыру і пабачыць, што там адбываецца. Побач з плошчай Леніна ў раёне фантану было, на маю ацэнку, чалавек 200 маладзёнаў. Яны спявалі песні пад гітару, былі ў добрым настроі. Нічога супрацьпраўнага ніхто не рабіў. І раптам да іх падйшоў нейкі маёр міліцыі з мегафонам і пачаў казаць, каб яны разыйшліся. Маладзёны адказвалі, што яны нічога не парушаюць. Міліцыянты параілі ім перайсці на ішны боку вуліцы Савецкай, да помніка Леніну і набярэжнай Прыпяці, бо, маўляў, ля фантана яны замінаюць спаць насельнікам высотнага будынку, размешчанага побач. Калі большасць людзей перайшла да Леніна, я ўжо з імі туды не стаў ісці, а пайшоў дадому. Ужо, мабыць, было больш за 10 гадзін вечара», – узгадвае Пятроўскі.

Раніцай ён з навінаў даведаўся, што паблізу ад Набярэжнай міліцыянты напалі на мазырскіх маладзёнаў і пачалі іх затрымліваць, збіваючы. Яму паведамілі, што шмат маладых хлопцаў апынуліся ў міліцыі.

«На наступны вечар я зноў пайшоў на плошчу. Я чакаў там пабачыць бацькоў, дзядоў. Без віны ж пабілі іхніх дзяцей, унукаў.  Я думаў – горад узбунтуецца! Але, прыйшоўшы на плошчу, я не ўбачыў не толькі людзей майго ўзросту, але нават 45-50-гадовых было мала. У асноўным зноў маладыя хлопцы і дзяўчаты. І зноў яны спявалі песні і проста стасаваліся. І раптам я бачу, што пад’ехала міліцэйская грузавая машына, кшталту вахтоўкі, з вокнамі. І адтуль выскачыла зграя ў чорных адзеннях, шлемах, налакотніках, са шчытамі. Яны пачалі грукаць па тых шчытах і ісці на людзей, якія мірна сядзелі альбо стаялі каля фантана. Некаторыя падняліся вышэй па лесвіцы і пачалі крычаць адтуль “Міліцыя з народам!”. Але міліцыя раптам сарвалася і пабегла на лесвіцу. Там яны пачалі без разбору хапаць людзей, цягнуць іх проста па прыступках за рукі, за ногі. Збіваць. На маіх вачах двое міліцыянтаў у абарончым рыштунку і адзін доўгі і худы ў міліцэйскай форме і масцы пачалі біць маладзёна каля газетнага шапіка. Хлопец спрабаваў быў схавацца паміж шапікамі. Але яго выцягнулі і збівалі. Ён ляжаў на зямлі, прыкрыўшы галаву рукамі, і ніяк не супраціўляўся. А яго білі і дручкамі, і нагамі. Я падыйшоў і сказаў міліцыянтам: “Што ж вы робіце, сынкі! Ён жа не супраціўляецца!” Мне хацелася сказаць нешта кшталту “галаварэзы”, але я стрымаўся, а з прыстойных словаў успомніў толькі гэтае “сынкі”. Мая заўвага паўздзейнічала, яны перасталі біць, пацягнулі яго ў тую кутузку. Тады шмат людзей забралі і звезлі ў РАУС. Пасля таго, што я пабачыў, у мяне ўсё кіпела ўнутры. Я не мог ужо спакойна жыць», – узгадвае Аляксей Пятроўскі.

________________________________________

Чытайце таксама:

«А цяпер вядзіце сабак!» Жыхар Калінкавічаў распавёў пра катаванні ў мазырскай міліцыі

________________________________________

Карная аперацыя ў Мазыры працягвалася яшчэ тры дні. Людзей хапалі на вуліцах, збіваючы, а потым з іх здзекваліся яшчэ і ў памяшканнях РАУСу. Усіх затрыманых без асаблівых разбіральніцтваў, беручы на веру толькі словы міліцыянтаў у рапартах і пратаколах, не зважаючы на фізічны стан і відавочныя пашкоджанні, скаргі на боль, проста ў тым самым РАУСЕ, а не ў судзе, асуджалі на працяглыя арышты.

_______________________________________

Чытайце таксама:

«Гэта былі свае ж – пхоўскія!» Жыхар Мазыра распавёў пра катаванні ў мясцовым РАУС (ВІДЭА)

_______________________________________

Уласны пратэст

«Ад усведамлення таго, што адбывалася, ува мне ўсё гэта кіпела. Тады я проста ўзяў і напісаў гуашам плакат “Уладу карнікаў да адказу!”. З гэтым плакатам я выйшаў на плошчу і стаў на прыступках нашай галоўнай кнігарні. Вось гэта, мабыць, быў мой галоўны “подзьвіг”», – кажа Аляксей Пятроўскі.


Праўда, праз некалькі дзён, калі па ўсёй Беларусі на вуліцы выйшлі дзяўчаты ў белых сукенках і з кветкамі, усіх затрыманых у Мазыры вызвалілі.

«Потым быў перыяд адноснага спакою, калі людзі шэсцямі хадзілі па горадзе, выказваючы сваю нязгоду з фальсіфікацыямі на выбарах і тым гвалтам, які адбыўся адразу пасля іх. У Мазыры выходзілі тысячы людзей. І я таксама не мог сядзець дома, бо тое, што я пабачыў 10 жніўня, не давала мне спакою. Я таксама ўдзельнічаў у шэсцях, хадзіў, скандаваў. Часам пават выступаў, калі быў адкрыты мікрафон», – узгадвае Аляксей Пятроўскі.

Але такі дэмакратычны перыяд доўжыўся нядоўга. Ужо праз пару тыдняў міліцыянты сталі зноў хапаць удзельнікаў мірных сходаў. Цяпер, праўда, не збівалі. Але таксама ці саджалі на «суткі», ці штрафавалі.

«Аднойчы на мяне “наскочыў” капітан нейкі. Запатрабаваў мае прозвішча, імя, імя па бацьку. Я, не баючыся, назваў свае звесткі. Праз пару дзён патэлефанавалі з міліцыі. Кажуць, што мне трэба з’явіцца даць паказанні. Бо я парушальнік іхняга спакою. Я спаслаўся на свой узрост і сказаў, што, калі ім трэба нешта высветліць, каб яны да мяне прыехалі. Але мне адказалі, што, калі я адмаўляюся да іх звяртацца, дык яны самі складуць пратакол. І ў хуткім часе насамрэч, мяне запрасілі ў суд. Прычым, не позваю, а СМСкай. Я не пайшоў. Мяне завочна засудзілі – “намалявалі” мне 30 базавых», – распавёў Пятроўскі.

Другі раз на яго склалі пракол, калі ён некалькі хвілін пабыў у калоне каля крамы «Еўраспар».

«Калі я туды падыйшоў, пачынаўся дождж. Я толькі паспеў выцягнуць свой маленькі бел-чырвона-белы сцяжок, і мы сфатаграфавалія – хлопцы, дзяўчаты, некаторыя з дзецьмі. Увечары тэлефануе нехта Дзядзейка – участковы тамтэйшы. Потым прыехалі ўжо самі да мяне, склалі пратакол. Я ад усяго адмовіўся – гэта вуліца майго горада, тым больш, там зона адпачынку. Судзілішча адбылося ў РАУСе. Управіліся хвілін за 10. Зноў “выпісалі” 30 базавых», – узгадвае Аляксей Васільевіч.

Пасля гэтага Аляксей вырашыў, што няма сэнсу падстаўляцца і фінансаваць карныя органы праз штрафы. Ён кожную нядзелю і раней выходзіў шпацыраваць, каб падтрымліваць здароўе. Ён праходзіў некалькімі вуліцамі, уключыўшы музыку на калонцы. Цяпер да музычнай калонкі ён дадаў яшчэ невялікі бел-чырвона-белы сцяжок. Аднойчы, калі ён ішоў у парку паўз бераг Прыпяці, пешаходнаю дарожкаю, да яго пад’ехала цывільная машына, з якой выйшлі трое міліцыянтаў. Яны загадалі Аляксею Пятроўскаму сесці ў машыну. Яго завезлі ў РАУС, дзе старшы лейтэнант Аляксандр Канопліч склаў на яго пратакол. У ім ён напісаў, што Пятроўскі ўзяў актыўны ўдзел у масавым мерапрыемстве «пікетаванні». У Аляксея забралі калонку і звычайны кнопачны тэлефон.


«Самая галоўная “прылада злачынства”, якую ў мяне сканфіскавалі – бел-чырвона-белы сцяжок! Потым быў суд, які рабіла намесніца старшыні нашага Мазырскага суда Элеанора Ярмоленка. Прысудзіла мне штрафу 40 мінімалак. На гэтым мае подзьвігі, як кажуць, з прыладамі злачынстваў скончыліся. Потым я звярнуўся да гэтай Ярмоленкі, каб яна пастанавіла ўтрымліваць штраф з маёй пенсіі часткамі. Яна адмовіла!», – кажа Аляксей Пятроўскі.

Пазней, калі ўлады зрабілі ў сваіх законах больш жорсткімі захады пакарання за рэалізацыю правоў на мірныя сходы і выказванне меркаванняў, Пятроўскага выклікалі ў пракуратуру. Там яму выпісалі пракурорскае папярэджанне. Пры гэтым у пракуратуру Пятроўскі хадзіў з зоркай – падабенствам да зоркі Давіда, але ў бела-чырвоных колерах.

«Паколькі з нацыянальным сцягам хадзіць па горадзе нельга, з гербам таксама, я вырашыў зрабіць вось такія зоркі. Каб паказаць, што засталося ўладам толькі ўсіх з імі нязгодных сабраць у гета. Калі пайшоў з гэтымі зоркамі на адзенні ў пракуратуру, пракурорка зрабіла выгляд, што не заўважыла ці не зразумела», – звярнуў увагу Пятроўскі.


Трэба рабіцца людзьмі

Аляксей шмат разважае пра тое, як можна змяніць сітуацыю ў краіне. Яму здаецца, што ўсім, хто хоча гэтых зменаў, а іх вакол вельмі шмат, трэба перастаць баяцца і пачаць яднацца.

«Толькі салідарнасць дапаможа. Я вось не разумею – калі на тым жа НПЗ, кабельным заводзе, іншым прадпрыемстве, недзе ў цэху працуе нейкі калектыў, і туды прыходзяць і проста на працы вяжуць нашага калегу, а мы ўсе стаім і пазіраем, замест таго, каб спыніць гэты цэх – хіба гэта салідарнасць? Гэта баранячая пакорлівасць! А трэба нарэшце рабіцца людзьмі!», – падсумаваў свій аповяд спадар Аляксей.