КДБ прылічыў былога міліцыянта з Мазыра да асобаў, якія маюць датычнасць да тэрарыстычнай дзейнасці
Палеская Вясна
02.04.2021
2 красавіка на
сайце Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі з’явіўся абноўлены спіс асобаў, якія
маюць датычнасць да тэрарыстычнай дзейнасці.
Асноўную масу фігурантаў спісу складаюць дзеячы розных
ісламскіх арганізацыяў, якія ўключаныя ў спіс паводле адпаведных рашэнняў Рады
бяспекі ААН. І толькі пры канцы спісу станам на 2 красавіка знаходзяцца 17
прозвішчаў, якія ўсе аб’яднаныя тым, што падставай для ўключэння ў спіс стала
тое, што яны з’яўляюцца абвінавачанымі паводле часткі 1 артыкула 14 (замах на
злачынства) і часткі 3 артыкула 289 (акт тэрарызму, здзейснены арганізаванай
групай, альбо з выкарыстаннем радыёактыўных рэчываў, альбо, калі ён выклікаў
гібель чалавека). Адкрывае гэтыя 17 прозвішчаў экс-кандыдатка на прэзідэнта Святлана Ціханоўская.
Уладзімір ЖЫГАР.
Сярод тых, каго КДБ прылічыў да датычных да тэрарыстычнай
дзейнасці ёсць і прозвішча былога оперупаўнаважанага аддзелу крымінальнага
вышуку Мазырскага РАУС, лейтэнанта міліцыі Уладзіміра
Жыгара. У ліпені 2020 года, пасля таго, як супрацоўнікаў міліцыі пачалі
прыцягваць да палітычнай барацьбы супраць людзей, якія ажыццяўлялі сваё права
на мірныя сходы (тады ўлады зняволілі кандыдата на прэзідэнта Віктара Бабарыку і ягонага сына і
кіраўніка перадвыбарчага штабу Эдуарда
і ва многіх гарадах людзі выйшлі
ў ланцугі салідарнасці са зняволенымі), Уладзімір Жыгар прыняў рашэнне
звольніцца з міліцыі, каб не ўдзельнічаць у карных аперацыях супраць народу.
Палеская Вясна распавядала гісторыю
Уладзіміра Жыгара. Пасля звальнення з міліцыі ён як валанцёр далучыўся да
перадвыбарчай каманды Святланы Ціханоўскай, у якой забяспечваў захады бяспекі
падчас агітацыйных перадвыбарчых мерапрыемстваў. Калі ягонай свабодзе тут з’явілася
рэальная небяспека, Уладзімір Жыгар вымушаны быў эвакуявацца з Беларусі. Пазней
ён далучыўся да ініцыятывы былых супрацоўнікаў сілавых структураў BYPOL.
Менавіта гэтую ініцыятыву КДБ абвінаваціў у падрыхтоўцы
тэрактаў у Мінску і Барысаве, пра што нібыта распавёў затрыманы чэкістамі
грамадзянін з вогнегаснікам у якасці «бомбы» – Вячаслаў
Малейчук, які быццам бы мусіў падарваць міліцэйскія і вайсковыя будынкі на
заданне BYPOL. Пры гэтым за некалькі дзён да затрымання
Малейчука менавіта ў тэлеграм-канале ініцыятывы BYPOL
паведамлялася, што ініцыятыва атрымала інфармацыю пра тое, што КДБ рыхтуе на 25
сакавіка, калі традыцыйна беларусы святкуюць Дзень волі, правакацыю ў выглядзе
падрыву будынкаў.