Мазыр, Рэчыца, Светлагорск і Калінкавічы выйшлі ў ланцугі салідарнасці. У Рэчыцы адбыліся затрыманні
Палеская Вясна
20.06.2020
Увечары 19
чэрвеня ў многіх гарадах Беларусі адбыліся акцыі салідарнасці са зняволенымі
падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта. Як паведамляюць праваабаронцы ПЦ «Вясна», у
палескім рэгіёне акцыю падтрымалі ў Мазыры, Рэчыцы, Светлагорску і
Калінкавічах.
Як паведамляе праваабронца і назіральнік Уладзімір Целяпун, у Мазыры для таго, каб зменшыць рызыку
разгону і затрыманняў людзі пачалі чаргу ад банкамату. Чарга расцягнулася больш
як на сотню метраў, у ёй было каля 70 чалавек. Аўтамабілі, якія праязджалі па
плошчы, сігналілі, а людзі ў ланцугу салідарнасці адказвалі на сігналы
воплескамі.
Бліжэй да 21 гадзіны ў двары дамоў каля плошчы пад’ехалі
міліцэйскія аўтамабілі, з якіх да ланцуга падыйшло каля двух дзясяткаў
міліцыянтаў. Яны расцягнуліся паўз увесь ланцуг салідарнасці, утварыўшы свой ланцуг,
і пачалі казаць людзям, каб тыя разыходзіліся, бо гэта недазволенае райвыканкамам
масавае мерапрыемства. Пакрысе людзі разыйшліся а міліцэйскі ланцуг яшчэ
некаторы час заставаўся стаяць на плошчы.
У Светлагорску
мірнае стаянне людзей у ланцугу паспрабавалі разнастаіць супрацоўнікі мясцовага
РАУС на чале з начальнікам Аляксандрам Зязёткам. Яны прыбылі на ланцуг, што
расцягнуўся ад гандлёвага цэнтру «Березки» на сотню метраў, і пачалі ў гукаўзмацняльнік казаць,
што мерапрыемства недазволенае, людзі мусяць разыйсціся, інакш іх прыцягнуць да
адказнасці паводле артыкула 23.34. Адна жанчына ў цывільным адзенні здымала
гараджан на відэакамеру. Людзі ў адказ здымалі на тэлефоны міліцыянтаў і
крычалі «Ганьба!». Правабаронцы і назіральніцы Алене
Маслюковай, якая зрабіла заўвагу міліцыянтам, што спрабавалі прычапіцца да
пікетоўцаў, асабіста начальнік Светлагорскага РАУС пагражаў затрыманнем.
Найбольш нястрыманымі аказаліся міліцыянты ў Рэчыцы. Тут удзельнікаў ланцуга
салідарнасці было меней – каля 30 чалавек, але не абыйшлося без затрыманняў,
паведаміў назіральнік Валер Пуціцкі. Спачатку да ланцуга падыйшлі двое
міліцыянтаў, а пазней пад’ехала некалькі міліцэйскіх машынаў і ў выніку
затрымалі актывіста Аляксандра Алмаева,
а таксама хлопца з імём Генадзь і
жанчыну, імя якой пакуль высветліць не ўдалося. Іх адвезлі ў РАУС і пасля
апытання адпусцілі. Яшчэ два ўдзельнікі ланцуга – дзяўчына і хлопец пайшлі ў
РАУС з намерам напісаць скаргу на неправамоцныя дзеянні міліцыянтаў. Але іх
таксама апыталі аб тым, што адбывалася каля гарадскога палацу культуры і
адпусцілі.
Ланцуг салідарнасці ў Калінкавічах
Найбольш спакойна акцыя салідарнасці з рэпрэсаванымі
прайшла ў Калінкавічах. Тут да кальцавога
скрыжавання галоўных вуліц выйшла каля 30 чалавек, якія выстраіліся ў ланцуг,
даўжынёй метраў у 50, паведамляе назіральнік Андрэй Мядзведзеў. Прыкладна ў 21 гадзіну да людзей падыйшлі два
супрацоўнікі міліцыі (чамусьці абодва супрацоўнікі інспекцыі па справах
непаўналетніх), якія пачалі прасіць жыхароў горада разыйсціся. Адбылася досыць
спакойная размова, падчас якой людзі даводзілі міліцыі, што яны нічога не
парушаюць, не выкрыкваюць лозунгаў, не маюць нейкіх плакатаў. А проста стаяць
паўз вуліцу аніводны закон не забараняе.
Тады адзін з міліцыянтаў, які прадставіўся маёрам
Грыгарэнкам, растлумачыў, што некаторыя аўтамабілі сігналяць, людзі ім
апладуюць, а гэта можа справакаваць аварыйную сітуацыю – нехта можа страціць
кантроль за дарогай. Дарэчы, гэты маёр звяртаўся да ўдзельнікаў акцыі па-беларуску.
Пасля міліцыянты адыйшлі крыху ад ланцуга, які прастаяў яшчэ каля 40 хвілін і
паступова людзі сыйшлі.
Ва многіх гарадах людзі казалі, што трэба
самарганізовацца і выходзіць у найбольш людныя месцы штодзень, пакуль не
адпусцяць з вязніцаў зняволеных.