Старшыні, дырэктары і начальнікі. Каго райсавет у Рэчыцы палічыў народам і адправіў на «народны сход»
Андрусь ГАЁВЫ
09.02.2021
У спісе тых, хто
паедзе прымаць прапанаваныя Лукашэнкам праграмы ад Рэчыцкага раёну, пазначаныя
16 прозвішчаў. Усе 16 – рознага ўзроўню кіраўнікі.
Ілюстрацыйнае фота. Фота: dneprovec.by.
Нягледзячы на тое, што Лукашэнка спрабаваў падаць так
званы «Усебеларускі
народны сход» як пляцоўку для грамадскага дыялогу, нікога, хто б у Рэчыцы і раёне быў не
згодны з непразрыстасцю выбараў, з гвалтам супраць беларусаў, які распачаўся
пасля абвяшчэння іх вынікаў, са смерцямі ўдзельнікаў мірных пратэстаў, з
няспыннымі рэпрэсіямі за палітычныя погляды, у тым ліку і ў Рэчыцы, на гэты
сход не запрасілі. Туды прызначылі толькі тых, хто непасрэдна працуе ва ўладнай
вертыкалі альбо наўпрост ад яе залежыць.
У размовах з жыхарамі Рэчыцы высвятляецца, што яны не
ведаюць нават прозвішчы большасці тых, каго мясцовы райсавет без нейкага
шырокага абмеркавання з грамадскасцю прызначыў быць удзельнікамі сходу. Зацьвярджэнне
тых, хто паедзе ў Мінск 11 лютага адбылося на сесіі раённага савету дэпутатаў,
якія атрымалі дэпутацкія мандаты у 2018 годзе на такіх самых непразрыстых
выбарах, як і тыя, якія прайшлі летась у жніўні.
Самы высокі прадстаўнік рэчыцкага «народу» на тым «усебеларускім сходзе» – гэта старшыня
мясцовага райвыканкаму Віталь Панчанка.
Той самы, які ў жніўні, калі жыхары горада на мірным шэсці дамагліся выхаду
прадстаўнікоў улады да пратэстоўцаў, адмовіўся размаўляць з рэчычанамі і сыйшоў у будынак райвыканкаму,
заявіўшы, што яму трэба даіць кароў.
Не адмовіў сабе ў задавальненні пажыць пару дзён у
мінскіх гатэлях і старшыня мясцовага савету дэпутатаў (на сесіі якога абіраліся
пасланцы) Рыгор Якушаў. Менавіта
райсавет, які ён узначальвае, разам з райвыканкамам сфармаваў падчас леташняй
выбарчай кампаніі раённую выбарчую камісію.
Былы старшыня гэтай самай раённай выбарчай камісіі і
галоўны рэдактар раённай газеты «Дняпровец» Ігар Сяргееў
таксама той самы «народ», які будзе збірацца ў Палацы рэспублікі 11 і 12
жніўня.
Іншыя «выхадцы з народу» прадстаўляюць так званы дырэктарскі корпус раёну.
Гэта дырэктар ганлёвага камунальнага прадпрыемства «Торгсервис» Алег Бойка, дырэктар Рэчыцкага
дзяржаўнага педагагічнага каледжа Людміла
Ягорава, дырэктар саўгаса «Дзяржынскі-агра» Леанід Лешчанка, дырэктар школы-інтэрната для дзяцей з фізічнымі
недахопамі Віктар Рудэнка, дырэктар
Рэчыцкага метызнага заводу Віктар
Самончык, дырэктарка Рэчыцкай школы № 7 Алена Скварцова, дырэктарка школы № 4 (той самай, дзе падчас
галасавання на апошніх прэзідэнцкіх выбарах нават вокны залеплівалі плакатамі і
шпалерамі, каб незалежныя назіральнікі не пабачылі, што адбываецца на
ўчастку) Галіна Ушава, а таксама аж
два цэлых генеральных дырэктары – акцыянернага таварыста «Рэчыцадрэў» Валерый Тулейка і свідравальнай
кампаніі «Дэльта» Мікалай Чарнашэй.
Апошняе прадпрыемства, дарэчы, фармальна з’яўляецца прыватным бізнесам
Чарнашэя. Але сам ён неаднаразова атрымліваў медалі асабіста ад Лукашэнкі і
цалкам лаяльны да яго, бо той дазваляе яму бесперашкодна зарабляць грошы.
Вядомы тым, што ягонае прадпрыемства ўдзельнічала ў пабудове флагштоку летась у
Гомелі.
Яшчэ трое прадстаўнікоў Рэчыцы маюць пасады з назваю «начальнік». Гэта
начальнік фінансавага аддзелу райвыканкаму Таццяна
Дзякун, начальнік мясцовага аддзелу дэпатратмента аховы Міністэрства
ўнутраных справаў (з якога ў жніўні звальнялі супрацоўніц, што адважыліся
выказаць свае палітычныя погляды праз удзел у мірных сходах грамадзян на
вуліцах Рэчыцы) Ігар Каршакоў і
начальнік Нафтагазаздабываючага ўпраўлення «Рэчыцанафта» Сяргей Ласіца.
І, нарэшце, яшчэ адзін прадстаўнік рэчыцкага «народу» не мае ў назве сваёй
пасады словаў «дырэктар» альбо «начальнік», але ж усё роўна займае кіруючую
пасаду ў дзяржаўнай установе – галоўны лекар мясцовай раённай лякарні Аляксандр Пузянкоў.
Невядома, чаму хаця б для стварэння бачнасці прадстаўніцтва розных пластоў
грамадства ў Рэчыцы не ўключылі ў склад дэлегатаў збору якога-небудзь рабочага
ці настаўніцу, як, напрыклад, гэта зрабілі ў Лоеве. Імаверна
месцаў, разнараджаных зверху на раён, толькі і хапіла, каб іх здолелі падзяліць
між сабою рознага кшталту кіраўнікі.