Вылучэнцы на «Усебеларускі народны сход» з Лоева. Хто, за што і чаму?
Мікалай АНІСАВЕЦ
06.02.2021
30 снежня мінулага года на сессіі
Лоеўскага райсавета быў зацверджаны спіс удзельнікаў так званага «VI Усебеларускага народнага сходу». У спісе 7 прозвішчаў
прызначаных дэлегатаў.
Сесія Лоеўскага райсавета, на якой прызначылі дэлегатаў на сход. Фота: loevkraj.by
Ад імя Лоеўшчыны на форум падтрымкі Лукашэнкі паслалі Мікіту Гараева
– галоўнага ўрача
Лоеўскай цэнтральнай раённай бальніцы, Ігара Кісялёва – электразваршчыка КСУП «Малінаўка-агра», Раісу Каляда – дырэктара Лоеўскага педагагічнага каледжу,
Канстанціна Лямешчанку – трактарыста Лоеўскага райжылкамгасу, Ірыну Пастухову – старшыню Лоеўскага раённага Савета
дэпутатаў, Вераніку
Сіраж – настаўніцу дзіцячай школы мастацтваў,
Міхаіла Шаўчэнку – старшага інспектара 3 памежнай камендатуры «Лоеў» вайсковай часткі 1242.
Раённая
газета «Лоеўскі край» ў сваім нумары за 8 студзеня
паведамляла, што гэта першыя вылучэнцы і яшчэ два патэнцыйныя кандыдаты ў
вылучэнцы вызначаны ў якасці рэзервовых. Хто гэтыя рэзервовыя кандыдаты – не
паведамляецца і можна толькі здагадвацца. Не павядамляецца таксама, хто рэкамендаваў да абрання гэтых дэлегатаў і
з якой прычыны, якія наказы ім даваліся і ці даваліся наогул.
У большасці
сваёй прызначаныя дэлегаты – мала
вядомыя на Лоеўшчыне людзі, бо ні разу яны не былі заўважаныя ў праяўленні ініцыятывы ў адстойванні
інтарэсаў раёна, які зараз знаходзіцца ў глыбокім крызісе. Ніхто з іх ніколі не
выказваў пратэсту, што ў нас няма сапраўдных выбараў на ўсіх узроўнях улады, ад
прэзідэнта да дэпутата мясцовага савета. Наўрад ці ад кагосьці з іх можна
чакаць, што яны ўзнімуць тыя пытанні, якія абвастрыліся ў мінулым годзе –
праваое бязмежжа, гвалт сілавікоў супраць свайго ж народа, дзясяткі тысяч
людзей, пацярпелых ад палітычных рэпрэсіяў, сотні палітычных зняволеных, тысячы
найбольш актыўных людзей, якія вымушаныя былі з’ехаць з краіны, многія нават са
сваімі бізнесамі.
Заслуга ўсіх вылучэнцаў
заключаецца толькі ў тым, што яны выходзяць на працу, спраўна выконваюць даручэнні,
спушчаныя ім зверху і задаволены сваім жыццём.
Чаму ж тады іх
вылучыла раённая ўлада ў якасці дэлегатаў гэтага праўладнага форума? Адказ,
можна меркаваць, відавочны для ўсіх: гэтыя людзі патрэбныя, каб падтрымаюць
цяперашні праўладны курс. Хаця гэты курс, як ужо добра зразумела, вядзе нас усіх да далейшага паглыблення
прававога бязмежжа, эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага крызісу ў Беларусі. Для ўлады гэтыя вылучэнцы – надзейныя
прыхільнікі.