У Рэчыцы кіраўніку філіі Праваабарончага цэнтру «Вясна» прысудзілі штраф за маніторынг мірнага сходу

Палеская Вясна 09.09.2020

16 жніўня ў Рэчыцы адбывалася шэсце, а потым і мітынг жыхароў горада ў рамках Агульнанацыянальнага маршу. У мітынгу каля райвыканкама бралі ўдзел старшыня райвыканкаму, выкліканы жыхарамі, а таксама начальнік мясцовага РАУС і ягоны намеснік, якія прыйшлі туды раней без усялякіх выклікаў. Праз тыдзень пасля гэтага мірнага сходу супрацоўнікі мясцовай міліцыі распачалі рэпрэсіі да яго ўдзельнікаў.


Валер ПУЦІЦКІ ў судзе. 

На кіраўніка Рэчыцкай філіі ПЦ «Вясна» Валера Пуціцкага, як і на шэраг іншых жыхароў горада 24 жніўня склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях за ўдзел у нібыта несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пры гэтым у пратаколе на Пуціцкага яму ставілася ў віну, што ён узяў актыўны ўдзел, выкрыкваючы лозунгі пра нязгоду з абвешчанымі вынікамі выбараў, патрабаванне адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і перадачы ўлады Святлане Ціханоўскай.
Сёння адбылася заключная частка палітычнай расправы над праваабаронцам – судовы разгляд адміністрацыйнай справы. Ажыццяўляла яго суддзя Марына Кацуба. Яна апытала Валера Пуціцкага, які сваю віну прызнаў часткова, распавёў, што на мірным сходзе прысутнічаў, але ажыццяўляў яго маніторынг як назіральнік ад праваабарончай арганізацыі, а не ўдзельнічаў у ім.

Сведкам выступіў намеснік начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі РАУС маёр Дзяніс Каўганаў. Ён сказаў, што быў на мітынгу, бачыў там Пуціцкага, але ці выкрыкваў той нейкія  лозугні не памятае. Пасля агалошвання пісьмовых матэрыялаў адбыўся прагляд відэафайлу, далучанага да справы. На досыць працяглым запісу бачна, што праваабаронца стаіць убаку ад асноўнай масы мітынгоўцаў і нічога не кажа. Але ў самым канцы, калі старшыня райвыканкама пайшоў з мітынга, яму пачалі ўслед крычаць «Уходи!». Здалёку на відэа бачна, што ў Пуціцкага адкрываецца рот, але ці ён крычыць нешта, не чуваць.

Тым не менш, суддзя Марына Кацуба прызнала Валера Пуціцкага вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, здзейсненага яго ўдзельнікам, і пастанавіла накласці штраф у памеры 10 базавых велічыняў (на цяперашні час гэта 270 рублёў).