У Рэчыцы міліцыя распачала масавыя рэпрэсіі ўдзельнікаў Агульнанацыянальнага маршу свабоды 16 жніўня

Палеская Вясна 23.08.2020

Як паведаміў кіраўнік Рэчыцкай філіі правабарончага цэнтру «Вясна» Валер Пуціцкі, у Рэчыцы пачалі выклікаць у міліцыю людзей, якія ўдзельнічалі ў Агульнанацыянальным маршы, што адбыўся ва многіх населеных пунктах краіны 16 жніўня.

У Рэчыцы 16 жніўня  прайшло шматлюднае шэсце амаль праз увесь горад па цэнтральнай вуліцы Савецкай ад яе пачатку  да плошчы, дзе месцяцца органы ўлады. На Цэнтральнай плошчы ўдзельнікі выклікалі старшыню райвыканкаму Віталя Панчанку, але размовы з ім не атрымалася, ён заявіў, што яму трэба ехаць даіць кароў, і сыйшоў. Падчас самога маршу міліцыя нікога не затрымлівала, але пасля сыходу старшыні райвыканкаму начальнік Рэчыцкага РАУС Міхаіл Прывалаў у мегафон сцвярджаў, што мірны сход грамадзян нібыта несанкцыянаваны і патрабаваў разыйсціся, што людзі і зрабілі.

Начальнік Рэчыцкага РАУС Міхаіл ПРЫВАЛАЎ (з мегафонам) і выканаўцы абавязкаў намесніка начальніка, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Мікалай КАСТРАМА.

Палескай Вясне на гэты момант стала вядома пра пяць чалавек, якіх выклікалі ў міліцыю на сёняшнюю раніцу. Гэта кіраўнік мясцовага аддзялення ПЦ «Вясна» Валер Пуціцкі, кіраўнік Гомельскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Гавары праўду» Алег Шабетнік, вядомы ў Рэчыцы фатограф, які здымаў тое, што адбывалася 16 жніўня, Аляксей Палухін, а таксама жыхары горада Аляксандр Алмаеў і Раман Бараненка. Некаторым самі міліцыянты прывозілі папяровыя позвы дамоў, некаторым дасылалі СМС на тэлефоны. 
Шабетнік і Палухін зараз знаходзяцца не ў Рэчыцы, таму не змаглі з’явіцца на выклікі, на астатніх, хто прыйшоў у міліцыю, склалі пратаколы паводле часткі 1 артыкула 23.34 (Парушэнне ўсталяванага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства, здзейсненае ўдзельнікам такіх мерапрыемстваў). Паволе складзеных рэчыцкімі

міліцыянтамі пратаколаў людзям пагражае да 30 базавых велічыняў штрафу, альбо да 15 сутак арышту.

«Асабіста я на Агульнанацыянальным маршы находзіўся ў якасці назіральніка ад праваабарончай арганізацыі і выконваў маніторынг мірнага сходу грамадзян, на які яны, паводле Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канстытуцыі нашай краіны маюць поўнае права. Пагрозы дзяржаўнай і нацыянальнай бяспецы, здароўю і маральнасці, а таксама правам і свабодам іншых асобаў гэты сход не ўяўляў, таму абмежаванні, накладзеныя законам аб масавых мерапрыемствах, на правядзенне падобных сходаў, нельга лічыць правамоцнымі. Тым больш, за ўстаноўлены гэтым законам тэрмін, ніхто не мог ведаць, што фальсіфікацыі на выбарах будуць мець такія маштабы, што адбудуцца такія жорсткія здзекі і катаванні мірных пратэстоўцаў у розных гарадах краіны, каб падаваць загадзя заяўку на правядзенне гэтага сходу. Гэта стыхійны сход, на які жыхары Рэчыцы мелі права. Ён не перашкаджаў функцыянаванню гарадской інфраструктуры, руху транспарту і не парушаў нічыіх правоў. Удзельнікі сходу не пашкодзілі нічыёй маёмасці. Таму пакаранні, якія ініцыюе рэчыцкая міліцыя, лічу незаконнымі і ні чым іншым, як палітычнымі рэпрэсіямі за ажыццяўленне права на мірны сход і свабоды выказвання меркаванняў», – пракаментаваў масавыя выклікі ў карны орган жыхароў рэчыцы праваабаронца Валер Пуціцкі.