Дзяржаўны тэлеканал паказаў фэйкавага Руслана Парфёнава з Мазыра. Які нібыта арганізоўваў беспарадкі ў Мінску
Андрусь ГАЁВЫ
09.08.2020
Чарговая
фэйк-страшылка дзяржаўнага тэлеканала ОНТ мае назву «На
темной стороне».
Першая частка сюжэта прысвечаная жыхару Мазыра Руслану Парфёнаву. У тэксце за кадрам
журналіст дзяржаўнага тэлеканала, які ў канцы сюжэта назваўся як «Алексей Кряквин», распавядае:
«Месца дзеяння –
Мазыр. На кадрах аператыўнай здымкі – нехта Руслан Парфёнаў, машыніст тэхналагічнага
абсталявання па прафесіі і адначасова актыўны прыхільнік так званага руху “Страна
для жизни”. На кадрах – ягоны аўтамабіль. У каробках улёткі ды іншая
агітацыйная прадукцыя. У скрынях – металічныя прадметы, падобныя на
супрацьтанкавыя “вожыкі”. Такімі вельмі лёгка праколваюцца шыны аўтамабіляў,
пасля чаго ствараюцца заторы на вуліцах і праспектах. Вось як патлумачыў
сітуацыю сам Руслан Парфёнаў. У нашым распараджэнні ёсць матэрыялы адпаведнага
апытання. “Я з’яўляюся актыўным прыхільнікам руху “Страна для жизни”. Прыкладна
з траўня 2020 года выступаю адміністратарам тэлеграм-канала “Мозырь для жизни”.
Прыкладна ў чэрвені 2020 года я вырашыў вырабіць так званыя металічныя “вожыкі”
(паменшаны аналаг супрацьтанкавых “вожыкаў”) для пазбаўлення руху адмысловай
тэхнікі праваахоўных органаў. Згаданыя вырабы збіраўся распаўсюдзіць праз
трэціх асобаў для выкарыстання ў ходзе правядзення пратэстных вулічных акцыяў у
горадзе Мінску».
Насамрэч, на кадрах так званай «аператыўнай здымкі» зусім не Руслан
Парфёнаў і не ягоны аўтамабіль.
Руслан Парфёнаў быў чальцом ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне
Святланы Ціханоўскай кандыдаткай на прэзідэнта. Збіраў подпісы ў Мазыры,
Калінкавічах, Хойніках, Ельску, Нароўлі, Лельчыцах і Петрыкаве. Яго бачылі і
ведаюць у твар тысячы людзей у гэтых райцэнтрах, якія ставілі свае подпісы за
Ціханоўскую. Акрамя таго, ён дапамагаў у арганізацыі легальных пікетаў у
падтрымку ўжо кандыдыткі Святланы Ціханоўскай у Мазыры, Калінкавічах і Хойніках
і выступаў на гэтых пікетах. Там яго таксама бачыла вялікая колькасць людзей.
Сапраўдны Руслан ПАРФЁНАЎ на пікеце ў Мазыры дыскутуе з выступоўцам.
Сапраўдны Руслан ПАРФЁНАЎ (справа).
Сапраўдны Руслан Парфёнаў значна больш старэйшы за чалавека, які выконвае
ягоную ролю ў сюжэце тэлеканала ОНТ. Маладзён, якога тэлеканал прадстаўляе як
Руслана Парфёнава, толькі крыху нагадвае сапраўднага Руслана Парфёнава
камплекцыяй, але ніжэйшы ростам і мае зусім іншую фігуру, форму твару і вушэй
(вуха бачна на кадры сюжэта ОНТ, знятым праз вакно аўтамабіля).
Акрамя таго, на кадрах, названых тэлеканалам «аператыўнай здымкай» не
аўтамабіль Руслана Парфёнава. Ён не падобны на яго ні мадэллю, ні колерам.
Аўтамабіль Руслана Парфёнава трапіў у кадр стрыму YouTube-канала «Мозырь для жизни» з суда над актывістам
Народнай Грамады ў Нароўлі. Параўнаць сапраўдны аўтамабіль Руслана Парфёнава і
аўтамабіль, выкарыстаны ў здымках тэлеканала ОНТ няцяжка.
Аўтамабіль, выкарыстаны ў сюжэце ОНТ.
Сапраўдны аўтамабіль Руслана Парфёнава.
Мэта выпуску такой страшылкі дзяржаўным тэлеканалам відавочная – нагнаць страху
на людзей, якія збіраюцца абараняць свае галасы на выбарах прэзідэнта і абвінаваціць
прыхільнікаў Святланы Ціханоўскай у нейкіх злачынных намерах. Падобныя фэйкавыя
фільмы выходзілі на дзяржаўных тэлеканалах штораз, калі толькі беларускае
грамадства спрабавала кансалідавацца і мірна выказваць свае патрабаванні на
вуліцах і плошчах. Усе памятаюць такія вядомыя фэйкі дзяржТБ, як «Железом по
стеклу», «Белый легион черных душ». Памятаецца таксама
сюжэт пра джып з выбухоўкай, які нібыта прарываўся праз украінска-беларускую
мяжу падчас пратэстаў супраць так званага «дармаедскага» дэкрэта Лукашэнкі. Усе
гэтыя страшныя аповяды дзяржаўнай прапаганды нічым не скончыліся. Фігуранты
гэтых фэйкаў былі неўзабаве выпушчаныя з турмаў без судоў. Кіраўнік
Белтэлерадыёкампаніі, пры якім выпускаліся гэтыя ілжывыя сюжэты, Генадзь Давыдзька, пасля сказаў у адным
з інтэрв’ю, што на той момант «так было надо». Зараз тэлеканалам ОНТ, які
выпусціў чорговую ілжывую страшылку, кіруе муж асабістай прэс-сакратаркі
Лукашэнкі Іван Эйсмант.
Сапраўдны Руслан Парфёнаў быў затрыманы пасля абеду 6
жніўня. Паводле інфармацыі, якая маецца ў распараджэнні Палескай Вясны, з ім
працавалі супрацоўнікі КДБ. У ягонай кватэры правялі агляд. Маці Руслана
Парфёнава распавяла Палескай Вясне, што там і сапраўды шукалі некія «вожыкі»,
якімі спыняюць аўтамабілі. Але нічога не знайшлі. Аператыўная група збіралася
правесці і агляд аўтамабіля Руслана, але такі агляд не праводзіўся.
7 жніўня на закрытым судовым паседжанні Руслану Парфёнаву прысудзілі 10
сутак арышту паводле невядомых пакуль адміністрацыйных артыкулаў. Нягледзячы на
тое, што маці Руслана і ягоныя сябры цэлы дзень знаходзіліся каля суда
Мазырскага раёна, яны не здолелі трапіць на паседжанне. Спачатку ім казалі, што
Руслана і яшчэ аднаго валанцёра «Страны для жизни» Юрыя Панфіленку, затрыманага таксама 6 жніўня, яшчэ не прывезлі ў
суд, а потым абвясцілі, што ім ужо прысудзілі па 10 сутак арышту.
Відавочна, не здабыўшы рэальных доказаў, тэлепрапагандысты і спецслужбы
вырашылі інсцэніраваць вобшук першага аўтамабіля, які ім трапіўся, выставіўшы
на ролю Руслана Парфёнава нейкага хаця б трохі падобнага ростам і камплекцыяй
выпадковага чалавека.