У Мазырскім РАУС бацькам затрыманых 6 жніўня Руслана Парфёнава і Юрыя Панфіленкі, актывіста і валанцёра каманды Святланы Ціханоўскай, паведамілі, што суд над іхнімі дзецьмі адбудзецца 7 жніўня ў судзе Мазырскага раёна а 10 гадзіне. Ужо ад 9 гадзіны раніцы каля суда сабраліся не толькі абедзьве маці, але і з дзясятак неабыякавых жыхароў Мазыра.
Руслан ПАРФЁНАЎ
Юрый ПАНФІЛЕНКА
Ніякіх абвестак на стэндзе з раскладам судовых паседжанняў
аб судах над Парфёнавым і Панфіленкам не было. Каля 10-й гадзіны да суда пад’ехаў
аўтазак з Мазырскага РАУС. Маці і ахвочыя падтрымаць хлопцаў пайшлі ў
памяшканне суда ў чаканні паведамлення пра пачатак паседжання. Але ахоўнікі
паведамілі, што Парфёнава і Панфіленку гэтым разам не прывезлі і паседжанняў па
іх не прызначана.
Людзі знаходзіліся каля будынку суда і побач з ім на
працягу ўсяго дня. У пачатку на 16-ю гадзіну маці пайшлі да старшыні суда Мазырскага
раёна Анатоля Стрэльчанкі, каб
даведацца, калі ж будуць суды над іх дзецьмі, але іх да Стрэльчанкі не
дапусцілі. Памочніца старшыні суда паведаміла, што паседжанні па разглядзе
адміністрацыйных справаў Парфёнава і Панфіленкі ўжо прайшлі і ім прысудзілі па
10 сутак арышту кожнаму. Прозвішчы суддзяў, артыкулы, паводле якіх асудзілі
актывістаў, памочніца старшыні суда не назвала.
Маці абодвух актывістаў напісалі заявы на выдачу ім
пастановаў суда і зноў спрабавалі патрапіць да старшыні суда Анатоля
Стрэльчанкі. Ён як раз ўзнімаўся ў свой кабінет па лесвіцы, калі жанчыны
накіроўваліся да яго. Але ён без аніякіх эмоцыяў зайшоў у кабінет і маці не
прыняў.
Пасля рэгістрацыі заяваў на выдачу пастановаў суда маці
паехалі ў Мазырскі РАУС, пры якім знаходзіцца ізалятар часовага ўтрымання, у
якім павінны адбываць арышт Парфёнаў і Панфіленка. Маці набылі прадуктаў і
спадзяваліся перадаць сваім сынам перадачы. Але ў дзяжурнай частцы РАУС,
дзяжурны міліцыянт, патэлефанаваўшы ІЧУ,
паведаміў, што Парфёнава і Панфіленкі там няма. Маці пачалі пісаць заявы на
вышук сваіх сыноў.
Тады да іх выйшаў намеснік начальніка ІЧУ з журналам.
Перапытаў прозвішчы, прагледзеў па журнале і паведаміў, што такія лічацца за
ІЧУ Мазырскага РАУС, але на дадзены момант яны «убыли на суд». Гэта было
17.30.
Паведамленне пра тое, што Парфёнава и Панфіленку
даставілі з суда ў ІЧУ з’явілася а 17.55. Тым не менш, маці настоялі, каб у іх
прынялі перадачы для Руслана Парфёнава і Юрыя Панфіленкі. Урэшце, перадачы
прынялі.
Маці маюць намер падаць скаргі ў пракуратуру на тое, што
іх наўмысна пазбавілі магчымасці прысутнічаць на судовым паседжанні па
абвінавачванні іх сыноў у адміністрацыйных правапарушэннях, фактычна зрабіўшы
судовыя паседжанні закрытымі, што супярэчыць заканадаўству.