Затрыманні актывістаў «Краіны для жыцця» ў Мазыры (дапаўняецца)
Палеская Вясна
06.08.2020
Пра сваё затрыманне амаль адначасова каля 18-й гадзіны 6
жніўня паведамілі Руслан Парфёнаў з
Мазыра, які збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую ў Мазыры, Калінкавічах,
Хойніках, Ельску, Нароўлі і Петрыкаве, а
таксама валанцёр каманды «Краіна для жыцця» Юрый Панфіленка. Пакуль невядома ў
сувязі з чым іх затрымалі. Брыя Панфіленку міліцыянты, якія прадставіліся
супрацоўнікамі крымінальнага вышуку, забралі проста з працы ў мазырскім
плавальным басейне.
Руслан ПАРФЁНАЎ на пікеце ў Калінкавічах
Юрый ПАНФІЛЕНКА
Зараз сваякі затрыманых спрабуюць трапіць у Мазырскі
РАУС, каб даведацца пра лёс затрыманых і прычыны затрымання.
Бацьку Юрыя Панфіленкі паведамілі, што супраць Юрыя вядзецца адміністрацыйны працэс паводле артыкулаў 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне патрабаваннямі супрацоўнікаў міліцыі).
Таксама міліцыянты прыходзілі да маці аўтара YouTube-канала "Мозырь для жизни" Аляксандра Цуканава. Аляксандр лічыць, што яго таксама хочуць затрымаць.
Міліцыя таксама прыйшла і да кватэры Вадзіма Марочкі, які збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую ў Мазыры, Калінкавічах, Хойніках, Нароўлі, Ельску, Лельчыцах і Петрыкаве. Але ў кватэру міліцыянты не трапілі.
Таксама зараз праводзіцца агляд аўтамабіля яшчэ аднаго валанцёра каманды Святланы Ціханоўскай з Калінкавічаў Дзмітрыя Кайтанава. Магчыма, яго таксама затрымаюць.