У Нароўлі затрымалі актывіста Народнай Грамады Міколу Віткоўскага

Андрусь ГАЁВЫ 03.08.2020

Актывіста партыі Статкевіча, які прыязджаў выступіць на пікетах у падтрымку Святланы Ціханоўскай у Мазыры і Калінкавічах, затрымалі сёння ў ягонай роднай Нароўлі па абвінавачванні ў непадпарадкаванні міліцыі.


Аўтамабіль Міколы Віткоўскага знойдзены каля будынку падатковай інспекцыі ў Нароўлі. Брат Міколы Іван Віткоўскі распавёў Палескай Вясне, што сёння 3 жніўня Мікола мусіў звольніцца з кандытарскай фабрыкі «Чырвоны Мазыранін», дзе ён працаваў, і павінен быў заехаць у падатковую інспекцыю. Але сувязь з ім знікла недзе пад вечар.

Пазней кіраўніку Мазырскай філіі Праваабрончага цэнтра «Вясна» Уладзіміру Целепуну патэлефанаваў намеснік начальніка Нараўлянскага РАУС. Прозвішча ён назваў неразборліва. Ён паведаміў, што затрыманы Мікалай Віткоўскі назваў нумар тэлефона Целепуна як чалавека, які будзе прадстаўляць ягоныя цікавасці ў судзе, і папрасіў паведаміць яму. Таксама намеснік начальніка Нараўлянскага РАУС паведаміў, што на Мікалая Віткоўскага складзены пратакол паводле артыкула 23.4 – невыкананне законных патрабаванняў супрацоўніка міліцыі.

Пазней гэта ж пацьвердзілі Івану Віткоўскаму і ў ізалятары часовага ўтрымання Нараўлянскага РАУС, дзе зараз знаходзіцца Мікола Віткоўскі. Там жа паведамілі, што заўтра ў судзе Нараўлянскага раёна павінна адбыцца судовае паседжанне па разглядзе справы Міколы. Канкрэтны час не названы.


Цікавасць нараўлянскай міліцыі да Мікалая Віткоўскага, паводле меркавання брата, можа быць звязаная з пастом у сацсетцы «Аднакласнікі», дзе ён напісаў «З 3.08 бастуем», альбо з досыць рэзкімі выступамі на шматлюдных пікетах у Мазыры і Калінкавічах.