На пікеце за Святлану Ціханоўскую ў Калінкавічах да адкрытага мікрафона выйшлі больш за 30 чалавек (ВІДЭА, ФОТА)

Андрусь ГАЁВЫ 02.08.2020

Мясцовыя ўлады дазволілі ладзіць пікет за Ціханоўскую ў Калінкавічах толькі ад 8 да 12 гадзіны раніцы. Але, нягледзячы на такі ранні час выходнага дня, на цэнтральнай алеі ў парку – адзіным месцы ў Калінкавіцкім раёне, дзе ўлады дазволілі праводзіць агітацыю праз масавыя мерапрыемствы, агулам пабыло каля паўтысячы чалавек.


Міліцыя старанна ахоўвала перыметры пляцоўкі, на якой праводзіўся пікет, людзей прапускалі праз дзве адмысловыя кропкі з вобшукам і кантролем металадэтэктарамі. Была заўважана таксама вялікая колькасць так званых «ціхароў» – супрацоўнікаў сілавых ведамстваў у цывільным адзенні.


Сустрэча з даверанымі асобамі кандыдаткі – Валянцінам Фраловым і Евай Сапрыгінай адбывалася ў фармаце адкрытага мікрафона. Прамаўляць да людзей выходзілі больш за 30 чалавек.




Проста падчас пікету адбыўся ціск з боку дзяржаўнай сістэмы адукацыі на школьніка, вучня калінкавіцкай школы № 3 Андрэя Яскаўца, які збіраецца пераходзіць ў дзявяты клас. Праз некалькі хвілін пасля таго як ён выказаў свае думкі перад землякамі, якія сабраліся на пікет, яму патэлефанавала класная кіраўніца Наталля Каляда. Яна спрабавала пагражаць свайму вучню праблемамі і запужваць. Але Андрэй зноў выйшаў да мікрафона і распавёў усім, што адбылося.


Пазней настаўніца тэлефанавала маці Андрэя, дакараючы за тое, што яна дапусціла, каб яе сын трапіў на такое мерапрыемства. Але маці адказала, што яна і сама на гэтым пікеце.








Паспрабавала падыскутаваць з выступоўцамі на пікеце і маладая дзяўчына з БРСМ. Тое, што ў яе атрымалася, можна пабачыць.


Падчас пікету многія ахвочыя падпісвалі паштоўкі палітвязням, якіх за апошнія месяцы ў нашай краіне з'явілася некалькі дзясяткаў. 


На пікеце людзі распавядалі свае гісторыі, дзяліліся сваімі меркаваннямі і сваім успрыманнем таго, што адбываецца і мае адбыцца ў краіне. 




Таксама на пікеце выступіла жонка Віталя Манько - Валянціна Манько. Гэта вядомы відэаблогер з Калінкавічаў, які хдымаў вострыя ролікі аб праблемах мясцовых жыхароў. У 2019 годзе яго прысудзілі да зняволення, але не так даўно вызвалілі.