Што казалі жыхары Мазыра на пікеце за Святлану Ціханоўскую (ВІДЭА, ФОТА)
Андрусь ГАЁВЫ
01.08.2020
1 жніўня ў
Мазыры прайшоў пікет-сустрэча з даверанымі асобамі кандыдаткі на прэзідэнта
Святланы Ціханоўскай, на якой, паводле ацэнак назіральнікаў, сабралася ад 600
да 1000 чалавек.
Ад каманды Ціханоўскай у Мазыр прыехалі яе давераныя
асобы Валянцін Фралоў і Ева Сапрыгіна. Яны адкрылі пікет і
практычна адразу запрасілі мазырчукоў падыходзіць да «адкрытага
мікрафона» і выказвацца. Практычна ўвесь пікет прайшоў менавіта ў такім фармаце. І,
тым не менш, трох гадзінаў, якія адвялі на імпрэзу мясцовыя ўлады, не хапіла,
каб усе выказаліся.
Амаль у самым пачатку да мікрафона выйшла карэспандэнтка дзяржаўнай
мазырскай раённай газеты «Жыццё Палесся» Наталля
Канопліч, вядомая ў горадзе і краіне сваімі прапагандысцкімі матэрыяламі.
Яе выступ абурыў тых, хто сабраўся на пікет. Таму ва многіх наступных выступах
гучалі звароты да дзяржаўнай прапагандысткі.
Выступілі на пікеце і яшчэ некалькі прыхільнікаў дзеючай
улады. Адзін з іх – Аляксандр Бобр,
з’яўляецца назіральнікам пры Мазырскай раённай выбарчай камісіі, а іншы, загадчык
Мазырскага філіялу Гомельскай вучэльні алімпійскага рэзерву Аляксандр Сяркоў – чалец Мазырскай
раённай выбарчай камісіі.
Таксама пікет наведаў старшыня Мазырскай раённай выбарчай камісіі Міхаіл Пашынскі. Ён спраўдзіў дакументы ў Валянціна Фралова, арганізатара пікету і даверанай асобы Святланы Ціханоўскай.
На пікеце выступалі самыя розныя людзі, самых розных
узростаў, прафесіяў, сацыяльнага стану, дабрабыту. Але ў большасці з іх думкі
былі вельмі падобныя.