Палітзняволеныя з Мазыра і Петрыкава адпраўлены ў калоніі

Цімур Казачэнка 28.09.2022

>

Стала вядома, што палітзняволены Мікіта Сілівон з Мазыра, які знаходзіўся ў гомельскім СІЗА-3, цяпер адбывае пакаранне ў калоніі.

Яму можна дасылаць паштоўкі і лісты на адрас: папраўчая калонія № 3, г. п. Віцьба, Віцебскі р-н, Віцебская вобл., 211322. На сённяшні дзень вядома пра 70 палітзняволеных, якія знаходзяцца ў гэтай калоніі.

Месцазнаходжанне яшчэ аднаго палітзняволенага – Яўгена Клімава з Петрыкава, які раней таксама ўтрымліваўся ў гомельскім СІЗА, праваабаронцамі удакладняецца.

25-гадовы майстар Яўген Клімаў, а таксама 42-гадовы жыхар Петрыкава Віктар Бедрый з’яўляліся адміністратарамі Тэлеграм-канала "Петрыкаў 97%". Стваральнікам каналу быў Я. Клімаў. 9 чэрвеня 2021 г. суд Чыгуначнага раёна г. Гомеля прызнаў гэты канал экстрэмісцкім, а 9 лістапада 2021 года МУС прызнаў экстрэмісцкім фарміраваннем групу грамадзян, якія былі аб’яднаны гэтым каналам. У гэты ж дзень Я. Клімаў быў затрыманы на 3 сутак, а 30 снежня 2021 г. зноў затрыманы і змешчаны ў СІЗА.

Акрамя таго, ён быў абвінавачаны ў тым, што скапіраваў з Тэлеграм-канала Ne*ta і размясціў у інтэрнеце паведамленне пра АМАП, і тым самым "распальваў сацыяльную варожасць".

За гэта Я. Клімаў асуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд яму вынес Гомельскі абласны суд 25 сакавіка 2022 г. па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: 130 – "Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы" (частка 1), і 361-1 – "Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім" (ч. 1). Справу вёў суддзя Руслан Царук, дзяржаўная абвінаваўца – Юлія Канапелькіна (якая запытвала для падсуднага 6 гадоў пазбаўлення волі).

20 красавіка праваабаронцы прызналі Клімава палітычным зняволеным, паколькі, як было адзначана ў іх заяве, грамадзянін не заклікаў да гвалту, а яго дзеянні не прынеслі і не маглі прынесці цяжкіх наступстваў.

У верасні КДБ уключыў Яўгена Клімава ў спіс асобаў, "датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".

На здымку: Яўген Клімаў.