Жыхароў Петрыкава пастанавілі зняволіць на 5 і 3 гады за адміністраванне тэлеграм-канала

Палеская Вясна 26.03.2022

Нягледзячы на тое, што ў матэрыялах справы адсутнічалі доказы вінаватасці, петрыкоўцаў прызналі вінаватымі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання і распальванні варажнечы да АМОНаўцаў.

Закончыўся суд над двума жыхарамі Петрыкава, якія ў 2020 годзе адміністравалі тэлеграм-канал «Петриков 97%». Справу разглядаў у Гомельскім абласным судзе прызначаны Лукашэнкам на пасаду суддзі Руслан Царук.


Руслан ЦАРУК

Дваіх петрыкоўцаў – Яўгена Клімава і Віктара Бедрыя прыспешнікі Лукашэнкі вырашылі зняволіць за тое, што тыя карысталіся нададзеным ім усімі міжнароднымі прававымі актамі і Канстытуцыяй Беларусі правам на збор і распаўсюд інфармацыі, правам на выказванне свайго меркавання і правам на мірныя сходы.
Ролю абвінаваўцы ад імя рэжыму Лукашэнкі на сябе ўзяла пракурорка Юлія Канапелькіна. Яна ў сваіх выступах выказвала ўпэўненасць, што Клімаў і Бедрый, ствараючы ў жніўні 2020 года ў мэсэджэры Тэлеграм канал «Петриков 97%», мелі цвёрды намер стварыць экстрэмісцкае фармаванне.

Яўген КЛІМАЎ. 

«Климов в период времени с 13 августа 20-го года по 10 августа 21-го года, находясь на территори Республики Беларусь, в том числе Гомельской области и города Петрикова, имея единый преступный умысел, намерение и цель, и желание, направленные на создание экстремистского формирования, на руководство таким формированием, умышленно 13 августа 20 года создал в меседжене Телеграмм канал с названием “Петриков 97%”», - з усёй сур’ёзнасцю запэўнівала прысутных Юлія Канапелькіна.

/Лукашэнкавыя прыспешнікі падчас ажыццяўлення рэпрэсіяў ад імя дзяржапарату, якім кіруе Лукашэнка, выкарыстоўваюць выключна расійскую мову, таму для цытавання іхніх выказванняў ў нашых матэрыялах захоўваецца гэтая мова/

Пры гэтым сама ж паслугачка Лукашэнкі ў наступнай сваёй фразе гаворыць, што інфармацыйная прадукцыя ў канале «Петриков 97%» прызнаная экстрэмісцкай знакамітым Чыгуначным судом Гомеля толькі 6 чэрвеня 2021 года. То бок, улада амаль цэлы год не лічыла тое, што размяшчалася ў тэлеграм-канале, нечым экстрэмісцкім, а потым раптам уцяміла, што змесціва канала – экстрэмізм. А, паразважаўшы яшчэ пяць месяцаў, вырашыла, што і ўсе ўдзельнікі канала – экстрэмісты, бо яны ўваходзяць у групу грамадзян, аб’яднаных праз тэлеграм-канал «Петриков 97%». Ажно 9 лістапада 2021 года гэтая так званая група грамадзян, абсалютная большасць якіх нават не былі знаёмыя паміж сабою, рашэннем МУС была абвешчаная экстрэмісцкім фармаваннем.

Не былі да гэтай крымінальнай справы між сабой знаёмыя і Яўген Клімаў ды Віктар Бедрый. Клімаў стварыў канал. Да яго далучыліся жыхары Петрыкава і пачалі там абмяркоўваць тое, што адбывалася ў краіне, карыстаючыся сваім неад’емным правам на свабоду выказвання меркаванняў, якое, згодна з Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, не падлягае абмежаванню нацыянальным заканадаўствам. Часам людзі выказваліся не зусім прыстойна, бо народны гнеў на паслугачоў Лукашэнкі, якія разгарнулі ў краіне гвалт і тэрор, быў вельмі значны.

Віктар БЕДРЫЙ.

І тады Клімаў змясціў у канале абвестку, што патрабуецца мадэратар, які будзе выдаляць каментары з непрыстойнымі выразамі, альбо тыя, што кагосьці абражаюць альбо іншым чынам парушаюць заканадаўства. На заклік адгукнуўся Віктар Бедрый і яшчэ некалькі чалавек, якім Клімаў і надаў адмінскія правы. Карнікі здолелі высветліць асобы толькі Клімава і Бедрыя і абвясцілі іх аднаасобнымі кіраўнікамі канала, а значыць і так званага «экстрэмісцкага фармавання».

Юлія Канапелькіна, разышоўшыся на так званым судзе ў карным ражы, бесперапынна сыпала сваімі безапеляцыйнымі высновамі:

«Климов и Бедрий, действуя совместно и по предварительному сговору в группе с указанными лицами, а также действуя умышленно, осознавая публичность совершаемых действий и желая их совершить по мативам политической и идеологической вражды, с целью воздействия на сознание и волю достоверно неустановленного числа лиц – пользователей вышеуказанного канала, объединенных общими намерениями и целями, исходя из общего смысла происходящих диалогов, на основе непосредственного обращения к достоверно не установленному числу лиц и пользователей, осуществляли руководство таким формированием».

 У выніку Канапелькіна кваліфікавала стварэнне і адміністраванне канала «Петриков 97%» Яўгенам Клімавым і Віктарам Бедрыем паводле часткі 1 артыкула 361.1 Крымінальнага кодэкса, як стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраванне экстрэмісцкім фармаваннем. І гэта нягледзячы на тое, што экстрэмісцкім фармаваннем падпісантаў каналу без следства і права на абарону сваіх правоў аднаасобным рашэннем міністра ўнутраных справаў прызналі тады, калі і Клімава і Бедрыя ўжо зняволілі лукашысцкія карнікі, адабралі ў іх прылады, якімі можна было кіраваць каналам і атрымалі дасяг да адміністравання канала.


Юлія КАНАПЕЛЬКІНА (на пярэднім плане)

Але і ўсяго гэтага Юліі Канапелькінай здалося недастаткова і яна працягнула прыдумляць «злачынствы», здзейсненыя Яўгенам Клімавым.

«Климову, также предъявлено обвинение в том, что он, будучи лицом ранее совершившим умышленное преступление (маецца на ўвазе – стварэнне канала «Петриков 97%» - ПВ), действуя по мотивами разжигания иной социальной вражды и розни по признаку иной социальной принадлежности, а также по мотивам политической вражды, имея единый преступный умысел, направленный на формирование у адресата враждебной социально-психологической установки, разместил путем репоста в телеграм-канале «Петриков 97%» две отдельные публикации с сообщениями с текстом, доступными для свободного их просмотра и копирования участниками канала, направленными на возбуждение соцальной вражды и розни по признаку иной социальной принадлежности, имеющих негативную оценку группы граждан, объединенных по признаку профессиональной принадлежности “служащие отряда милиции особого назначения”, которые просмотрело неустановленное число граждан», - тараторыла на судзе Канапелькіна.

Самы звычайны распаўсюд інфармацыі, на які ўсе маюць права, без абразаў, але ўсяго толькі з негатыўнай ацэнкай людзей, якія ажыццяўлялі гвалт над мірнымі пратэстоўцамі, Канапелька кваліфікавала, паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса, як наўмысныя дзеянні, скіраваныя на распальванне іншай сацыяльнай варажнечы паводле прыкметы іншай сацыяльнай прыналежнасці.

Ва ўсіх прад’яўленых абвінавачваннях і Яўген Клімаў, і Віктар Бедрый віну прызналі часткова. Яны пагадзіліся, што адзін стварыў канал, іншы нейкі час быў адміністратарам. Але ані кіравання групай грамадзянаў, якія былі ў канале, ані нейкіх агульных справаў з імі, што можна было б расцэньваць, як кіраванне нейкім фармаваннем, яны не рабілі. Людзі ў канале стасаваліся між собку і з усімі свабодна. А Бедрый яшчэ і выдаляў агрэсіўныя каментары. Ды і карнікаў, «аб’яднаных у прафесійную групу “ОМОНовцы”» Клімаў не заклікаў ненавідзець ці яшчэ неяк распальваць да іх варажнечу. Усім вядома, што гэтую варажнечу да сябе АМОНаўцы выклікалі самі.

Канапелькіна вырашыла адыграцца на Клімаве і Бедрыі па-максімуму і запытала для Клімава 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а для Бедрыя – 4 гады такой самай калоніі.

Нягледзячы на тое, што фактычна закон выкарыстаны ў зваротнай сіле – людзям прад’явлі злачынтствы, якія падчас здзяйснення дзеяннў, што разглядаліся, не маглі лічыцца злачынствамі, бо ні канал, ні ягонае змесціва не былі прызнаныя экстрэмісцкімі цягам амаль года пасля з’яўлення, што парушаныя правы на свабоду выказвання меркаванняў і збору і распаўсюду інфармацыі, прызначаны Лукашэнкам судзіць палітычных праціўнікаў гэтага самага Лукашэнкі Руслан Царук падтрымаў сваю калегу ў карнай дзейнасці ад імя апарату Лукашэнкі Юлію Канапелькіну і прызнаў Яўгена Клімава і Віктара Бедрыя вінаватым ва ўсіх злачынствах, прыцягнутых у справу Канапелькінай. Праўда, кожнаму папрызначаў на год меней, чым прасіла Канапелька.

Царук пастанавіў Яўгена Клімава зняволіць на 5 гадоў у калоніі узмоцненага рэжыму, а Віктара Бедрыя на 3 гады таксама ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.